Гэта раман літоўскага пісьменьніка Антанаса Шкемы «Белы саван» у перакладзе Сяргея Шупы.
Як адзначае выдавецтва на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, «мы радыя адкрыць гэтай кнігай сэрыю перакладаў літоўскай літаратуры, пра якую пераважная большасьць беларускіх чытачоў ведае вельмі мала, калі ведае наагул. А гаворка ж пра найбліжэйшых суседзяў.».
І пачынае «Вясна» «кнігай № 1 у самых розных рэйтынгах літоўскай літаратуры ўсіх часоў. Кніга эмігранта Антанаса Шкемы з зразумелых прычын аж да канца 1980-х гадоў не была даступная і шырэйшаму літоўскаму чытачу. Але пасьля вяртаньня ў Літву гэтая кніга стала там сапраўды любімай і фактычна культавай».
Як напісаў перакладчык твору Сяргей Шупа, «мала якую зь „вясновых“ кніг я чакаў так, як гэтую. Неяк так выйшла, што зь літоўскіх мае самыя-самыя пісьменьнікі — эмігранты: празаік Антанас Шкема і паэт Генрыкас Радаўскас... Свой доўг перад літоўскай літаратурай я адчуваў апошніх гадоў дваццаць, але ніяк ня мог вызваліцца ад іншых справаў, якія падаваліся больш важнымі... І вось вяртаюся. І гэта не апошняя падзея ў гэтай сэрыі. Будуць і іншыя, ня менш (а можа і больш) захапляльныя».
Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч быў адным зь першых чытачоў гэтага раману ў перакладзе на беларускую мову. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку ён назваў выхад кнігі сапраўднай падзеяй.
— Раман «Белы саван», «Balta drobule» — кніга, якая зачаравала зь першых старонак. Кніга джойсавай сілы, кніга літоўскай пявучасьці, кніга эўрапейскай тугі, кніга, сатканая з такіх болю і жарсьці, што робіцца страшна за нас усіх. Мадэрнісцкая, як хмарачос, зь вокнаў якога ліецца народная песьня, паэтычная, як адзін трапяткі вэрлібр, балючая, як рана, і складаная, якой і мусіць быць сапраўдная літаратура. Кніга, дзе і праўда вядзецца пра Эрас і Танатас. Бо яна пра Літву і каханьне, пра вар’яцтва і творчасьць, пра Амэрыку і эміграцыю, пра ХХ стагодзьдзе і пра Мову. Пра жанчыну і мужчыну і іх таямніцу... Антанас Шкема нарадзіўся ў Лодзі ў 1911 і загінуў выгнаньнікам у 1961 у Пэнсыльваніі, у аўтакатастрофе. «Белы саван» — ягоны адзіны вядомы раман. Усяго паўстагодзьдзя жыцьця — але аўтарам былі перажытыя манархія, рэвалюцыя, незалежнасьць, дыктатура, акупацыя, таталітарызм, нацызм, экзыль, амэрыканская дэмакратыя зь яе марай. Пры ўсім гэтым ён да канца застаўся літоўскім пісьменьнікам. І пісаў пра сваё».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чытач Шупа: З школьнай праграмы я не прачытаў і паловы кнігДругая кніга выдвецтва «Вясна» — Генрыха Кіршбаўма «Беларускі брыкалаж». Пераклад Яраславы Ананкі з арыгінальнага выданьня: Kirschbaum H. Revolution der Geduld: Eine belarussische Bricolage. Berlin, Matthes & Seitz, 2022.
Як адзначае выдавецтва, гэта філялягічна-філязофскія эсэ пра тое, што адбылося ў 2020 годзе. Рэфлексіі чалавека, якога адносна беларускай сытуацыі можна лічыць адначасна і інсайдэрам і аўтсайдэрам. Гэтая ўнікальная пэрспэктыва дазваляе беларусам паразважаць на тэму «што гэта было» і як быць з гэтым далей, адзачаецца на старонцы выдавецтва.
Генрых Кіршбаўм — філёлаг, паэт, перакладчык. Прафэсар інстытуту славістыкі Гумбальдзкага ўнівэрсытэту (Бэрлін). Аўтар шматлікіх паэтычных і літаратуразнаўчых публікацый. Член нямецкага ПЭН-Клюбу. Ляўрэат конкурсу перакладаў Чэслава Мілаша (Польскі Інстытут Кнігі, 2011).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Празе выйшла кніга Фелікса Аксёнцава «Марнатраўны сын: тэксты песень беларускіх рок-гуртоў 1987 — 2023» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У праскім выдавецтве «Вясна» выйшла кніга Альгерда Бахарэвіча «Плошча Перамогі»- «Vesna Books/Выдавецтва Вясна» — незалежнае выдавецтва, задуманае як працяг — хай сабе і сьціплы — слаўнай традыцыі беларускага кнігадрукаваньня ў Празе. Як адзначаюць дырэктарка выдавецтва Весна Вашко і рэдактар, перакладчык Сяргей Шупа, яны стараюцца выдаваць літаратуру высокай якасьці, як арыгінальную, гэтак і перакладную.