Сяргей Курыленка і Валянціна Харытонава — сямейная тэатральная пара з Горадні. Ён рэжысэр, яна акторка. Яму цяпер 67 гадоў, ёй — 71. Абое працавалі ў драмтэатры больш за 40 гадоў. Курыленка мае званьне заслужанага артыста Беларусі. У 2020 годзе, фактычна ў канцы прафэсійнай кар’еры, іхнае жыцьцё крута зьмянілася. А разам і жыцьцё горадзенскага драмтэатру.
Пайшла за мужам у аўтазак
15 жніўня 2020 году, у разгар пратэстаў у Беларусі, над горадзенскім драмтэатрам залунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Яго адразу зьнялі. Правялі праверку, але так і ня высьветлілі, хто яго вывесіў. Крыху больш чым празь месяц пасьля гэтага на маршы пратэсту ў Горадні затрымалі рэжысэра Сяргея Курыленку. Валянціна сама пайшла за мужам у аўтазак. Іх адпусьцілі ў той жа дзень, а потым справу за масавае мерапрыемства закрылі. Калегі актораў у гэты час ад эмоцый ня здолелі скончыць спэктакль. Актора Ігара Ўланава, які выйшаў да гледачоў і абвесьціў пра гэта, звольнілі адным зь першых.
22 верасьня ў драмтэатар прыяжджаў старшыня горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Каранік, каб пагаварыць з артыстамі. Да будынка пад’ехаў і АМАП. У гэты і наступны дзень паказы ў тэатры адмянілі.
На наступныя спэктаклі гарадзенцы раскупілі ўсе білеты. Гэта была надзвычайная сытуацыя пасьля пэрыяду каранавірусу, калі артысты гралі пры паўпустой залі. Аднак дырэктар драмтэатру Ігар Гедзіч адмяніў усе паказы на тыдзень нібыта праз эпідэмічную сытуацыю. Акторы былі перакананыя, што так кіраўнік адгарадзіў трупу ад салідарнасьці гледачоў.
У лістападзе 2020 году ў горадзенскі драмтэатар узялі новага рэжысэра-пастаноўшчыка, Сяргея Яскевіча. А праз тры месяцы на многіх актораў драмтэатру завялі адміністрацыйную справу за пікет. Яны сабраліся за два тыдні і выехалі ў Вільню — на творчую рэзыдэнцыю на пяць месяцаў. Потым Сяргей і Валянціна пераехалі ў Беласток. Там Сяргей агучыў аўдыёкнігу Вінцэся Мудрова «Восень у Вільні». Валянціна працавала прыватна нянькай. Аднак у Польшчы пара ня здолела знайсьці сталую працу.
Здымаюць кватэру за 1,5 тысячы даляраў
У канцы 2022 году Валянціна і Сяргей паехалі да дачкі ў Філядэльфію як турысты. Яна выехала зь Беларусі 5 гадоў таму, цяпер мае амэрыканскае грамадзянства. Бацькі падалі дакумэнты на ўзьяднаньне сям’і, каб легалізавацца ў новай краіне. Пара ўжо пераехала ад дачкі на асобную невялікую кватэру. Арэнда разам з аплатай камунальных каштуе каля 1,5 тысячы даляраў. Зьняць жытло можна і таньней, але ў больш небясьпечным раёне.
«Пакуль у нас нават няма крэслаў. Дачка дала нам надзіманы ложак. Рэшту мэблі мы шукаем па абвестках», — расказвае Валянціна.
Сяргей ужо атрымаў дазвол на працу. Займаецца электроннай вэнтыляцыяй ацяпленьня разам са знаёмым. Цяпер здае іспыт на правы кіроўцы ў ЗША. Першы год у краіне можна езьдзіць зь беларускімі правамі. Колькі ён будзе атрымліваць на працы, гарадзенец пакуль ня ведае. Але разьлічвае, што ім будзе хапаць на жыцьцё.
Валянціна яшчэ чакае легальнай магчымасьці працаваць. Прызнаецца, што знайсьці працу ў такім узросьце ў ЗША ня вельмі проста, асабліва калі ня маеш дазволу на гэта. Яна магла б, прыкладам, даглядаць старэйшых хворых асобаў у госьпісе, аднак безь неабходных дакумэнтаў туды не бяруць.
«Працы тут дастаткова маладым. А ў нашым узросьце мяне нават на прыбіраньне дамоў не бяруць. Кажуць, мы нават пасьля 55 ужо не разглядаем кандыдатуры», — прызнаецца Валянціна.
Дзіцячая тэатральная студыя
Акторы адкрылі дзіцячую тэатральную студыю Tutti-Frutti ў Філядэльфіі. Сяргей вядзе групу для старэйшых дзяцей, Валянціна — для маленькіх. Усяго ходзяць 10-12 малых зь Беларусі, Украіны, Расеі. Заняткі вядуць на расейскай мове, бо так захацелі бацькі. Яны кажуць, што беларуская мова ў ЗША не запатрабаваная.
«Мне сказалі, а навошта нам беларуская мова? Яна тут не патрэбна. Тут шмат узбэкаў, таджыкаў, грузінаў, армянаў. Адзіная мова, якая нас аб’ядноўвае, — расейская», — тлумачыць Сяргей.
Яны працуюць у студыі за ахвяраваньні. У сярэднім атрымліваюць па 15 даляраў за гадзіну зь дзіцяці. Пакуль групаў няшмат. Валянціна таксама арганізавала тэатральны гурток у дзіцячым садку. Кажа, што туды спачатку было вельмі цяжка дабрацца, бо грамадзкі транспарт кепска арганізаваны. Яна даехала ў садок толькі з трэцяй спробы.
«Такія добрыя дзеткі, вельмі музыкальныя, тое, што трэба. Я, калі ішла з заняткаў, падумала: недарма я да іх даехала. Момант шчасьця, проста цуд якія добрыя дзеці!» — кажа Валянціна.
Бацькі плацяць садку па 15 даляраў за заняткі, Валянціна атрымлівае зь іх па 8 даляраў. Пара хацела б заняць гэтым увесь свой працоўны час. Цяпер былыя акторы шукаюць ахвотных у розных садках, таксама пры цэрквах.
Пара гарадзенцаў наведвае беларускія супольнасьці ў Філядэльфіі. На нядаўняй беларускай імпрэзе Сяргей расказаў, што хоча, каб Беларусь у сьвеце ведалі праз Алексіевіч і Быкава, а не праз Лукашэнку. У іхным горадзе ёсьць непалітызаванае беларускае кам’юніці, удзельнікі якога працягваюць езьдзіць у Беларусь, і больш палітычнае — дзе людзі «страцілі ўсё, што можна страціць» і дзе на імпрэзах бел-чырвона-белыя сьцягі. Валянціна таксама хадзіла ва ўкраінскамоўную царкву. У вольны час былыя гарадзенцы гуляюць у парках.
«Вялікая колькасьць кветак, усё прыгожа зроблена. Іхныя паркі адрозьніваюцца да нашых. У іх у парку скалы, камяні, рака», — расказвае Валянціна.
Беларусам падабаецца, наколькі лёгка ў новым месцы людзі могуць загаварыць на вуліцы, пазнаёміцца, што яны ўсьміхаюцца і пытаюцца ў новых знаёмых, як тыя маюцца.
Не баяцца, што больш ня ўбачаць Беларусь
Артысты кажуць, што падтрымліваюць сувязь толькі зь некалькімі былымі калегамі. Збольшага гэта проста віншаваньне на сьвяты. Трупа разьехалася па сьвеце: хтосьці застаўся працаваць пры тэатры ў Літве, хтосьці паехаў у Польшчу, некаторыя застаюцца ў Беларусі. Многія былыя горадзенскія артысты ўладкаваліся не па прафэсіі: займаюцца азеляненьнем мясцовасьці, працуюць у таксі, у краме, выхоўваюць дзяцей у садку.
Валянціна зь Сяргеем расказваюць, што акторам, якія засталіся ў Горадні, прапанавалі падпісаць паперу. Там нібыта гаварылася, што яны гатовыя даваць кіраўніцтву свае тэлефоны на праверку, каб атрымліваць прэмію. Многія на гэта пагадзіліся. У трупу набралі новых артыстаў.
«Прыходзяць, нічога ня ўмеючы. Прыходзяць проста з каледжа або нават з вуліцы. Яны гатовыя ня толькі тэлефон паказаць, але і ўсё, што ніжэй пояса, калі папросяць», — іранізуе Сяргей.
Рэжысэр успамінае, што спачатку яны меркавалі вярнуцца ў Горадню, хацелі стварыць свой тэатар.
«Мы думалі, што едзем мо на паўгода, а потым вернемся. Мы ж павінныя былі перамагчы. Наіўныя былі... Думалі, што будзем канкураваць з нашым тым тэатрам. Хто лепшы, хай гледачы вырашаць, куды яны будуць хадзіць», — успамінае ён.
Цяпер пара рэдка ўспамінае 20 верасьня, калі іх затрымалі. Яны настроеныя аптымістычна. Цешацца, што могуць бачыцца з унучкамі.
«Паціху наладжваецца нармальнае жыцьцё», — кажа Валянціна.
«Ня ведаю, наколькі яно нармальнае, але ведаю, што там (у Беларусі. — РС) было б горш. Там бы я сядзеў. Яна б плакала гадзінамі», — думае муж.
Акторы ўжо не баяцца, што больш ня ўбачаць Беларусь.
«Я часам успамінаю сваю кватэру. Думаю: у мяне вось тое было, а цяпер няма. Але нічога, абыдземся бяз гэтага. У Беластоку засталася нашая машына. Тут купілі патрыманую, езьдзім на ёй... Я ня ўпэўнены, што здолею прыехаць у Беларусь калі-небудзь. Раней думаў, што змагу. Цяпер ужо ня ведаю. Гэта сумна, але гэта праўда», — кажа Сяргей.
«Бяз болю гэта ўсё ўжо ўспамінаецца», — дадае жонка.
Сужэнцы кажуць, што ня здолелі прыехаць у Беларусь і працягнуць з банкам дамову, таму цяпер не атрымліваюць і беларускай пэнсіі.
«Мы стараемся жыць сёньняшнім днём. Сёньня ёсьць у нас жытло», — кажа Валянціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта патрэбны Беларускі інстытут тэатру. Размова з ініцыятаркай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбывалася за кулісамі «Дзікага паляваньня караля Стаха». Адзін дзень з стваральнікамі опэры і таямніцы пастаноўкі ў Лёндане