За паўтара года Парк пакінула звыш 170 кампаній (на траціну больш, чым прыйшло). Колькасьць супрацоўнікаў усіх кампаній ПВТ скарацілася за гэты час на 25 працэнтаў, піша Dev.by.
За 2022-2023 гады ПВТ прыняў 130 новых рэзыдэнтаў (уключаючы ІП), зь іх летась — 66, сёлета — 64.
Выданьне зазначае, што гэта малыя лічбы, улічваючы актыўнасьць кампаній у папярэднія гады. У параўнаньні з 2021 годам набор рэзыдэнтаў скараціўся ў 3 разы, а ў параўнаньні з самым плённым 2019 годам амаль у 5 разоў (тады ў Парк увайшло 319 кампаній).
Якасны склад пры гэтым прыкметна зьмяніўся, падкрэсьлівае Dev.by. А большасьць новых рэзыдэнтаў першага набору гэтага году — «невялікі аўтсорс з украпінамі распрацоўкі для дзяржсэктару».
За апошнія паўтара года ПВТ ня толькі прымаў, але і выключаў рэзыдэнтаў як па ўласнай ініцыятыве, так і па ініцыятыве саміх кампаній. Адток аказаўся большы за колькасьць навічкоў.
На пачатак 2022 году ў ПВТ было каля 1065 рэзыдэнтаў, на сёньня іх, мяркуючы па інфармацыі на афіцыйным сайце, 1018.
Такім чынам, за мінулы і гэты гады з ПВТ выйшла 170+ кампаній, ці на 36% больш, чым прыйшло.
А з 2020 года, калі пачалася першая хваля рэлякацыі айцішнікаў, з ПВТ выйшла каля 280 кампаній.
У адрозненне ад новых рэзыдэнтаў, сярод тых, хто выйшаў, шмат буйных і вядомых кампаній як беларускіх, так і замежных.
Самыя вядомыя:
- заснаваныя беларусамі — Flo, Wargaming, Gurtam, Wannaby, OneSoil, Vochi, Verv;
- замежныя — WorkFusion, Appodeal, Softeq Development, Arteza, EIS Group, Playrix, SK hynix, Kaseya.
Колькасьць спэцыялістаў у кампаніях ПВТ з 2022 года таксама скарацілася, нягледзячы на прыток новых рэзыдэнтаў.
Па інфармацыі на афіцыйным сайце, у кампаніях Парку на сёньня працуе больш за 60 тысяч супрацоўнікаў. Увесну мінулага году іх было 78 тысяч чалавек. Гэта значыць, за 1 год штат кампаній ПВТ скараціўся прыкладна на 18 тысяч чалавек, або амаль на 25%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінус $125 мільёнаў інвэстыцый, мінус 17 000 супрацоўнікаў за год. Што цяпер адбываецца са сфэрай ІТ у Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь пакінула яшчэ адна буйная ІТ-кампанія, на гэты раз са сфэры стрымаў і відэазванкоў