Міграцыйныя службы Швэцыі адмовілі актывістцы страйкаму МАЗу Але Цьвірко, нягледзячы на наяўнасьць супраць яе крымінальнай справы.
Як паведамляе «Зеркало», у 2020 годзе Ала была актыўнай удзельніцай страйку на Менскім аўтамабільным заводзе і актывісткай Свабоднага прафсаюзу мэталістаў. Увосень 2021 году да яе прыйшлі зь ператрусам. У дачыненьні да актывісткі КДБ завёў крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
Актывістку сілавікі дома не засьпелі, ёй удалося выехаць ва Ўкраіну. Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі жанчына адправілася ў Швэцыю, дзе жыве яе сястра. Там жа папрасіла палітычнага прытулку, але швэдзкія ўлады адмовілі, хоць у беларускі на руках — пастанова аб завядзеньні крымінальнай справы.
«Адмовілі таму, што ня бачаць пагрозы для мяне пры вяртаньні ў Беларусь. Сказалі, што прафсаюзная праца не зьяўляецца палітычнай дзейнасьцю, — тлумачыць Ала. — Спачатку адмовіла міграцыйная служба, потым міграцыйны суд, апошняй інстанцыяй быў Вярхоўны суд Швэцыі».
Згодна з рашэньнем суду, да 9 кастрычніка беларуска павінна пакінуць ня толькі краіну, але і Шэнгенскую зону.
«У міграцыйнай службе мне прапанавалі нават купіць білет на самалёт да Расеі, — сьмяецца Ала. — Вядома, я адмовілася. Сьмешна, што чыноўнікі ў Швэцыі нават ня ведаюць, што авіязносіны з Расеяй даўно адсутнічаюць».
У выпадку, калі жанчына не пакіне Швэцыю добраахвотна, яе дэпартуюць.
«Буду спрабаваць зрабіць візу ў адну з краінаў, дзе беларусам прасьцей атрымаць прытулак, таму што ў Расею мне ехаць нельга, — кажа Цьвірка. — Зьвязвалася і з прафсаюзамі, і з праваабарончымі арганізацыямі, якія адправілі ў міграцыйную службу лісты ў маю падтрымку, але ўсё гэта ніяк не паўплывала на маю справу. Мне здаецца, што міграцыйная служба Швэцыі не зусім валодае пытаньнем Беларусі і ня ведае, што там цяпер адбываецца».
Пра справу Алы Цьвіркі ведаюць у Народнай амбасадзе Беларусі ў Швэцыі. Прадстаўнік гэтай арганізацыі Дзьмітры Васэрман у камэнтары «Зеркалу» адзначыў, што жанчыне, хутчэй за ўсё, трэба будзе выехаць у адну з краінаў, якая не ўваходзіць у Шэнгенскую зону, каб зрабіць візу і вярнуцца ў ЭЗ.
«Легальных шанцаў выехаць, напрыклад, у Польшчу ў Алы няма, бо па правілах ЭЗ, калі чалавеку адмовілі ў прытулку ў адной з краінаў, ён павінен пакінуць ЭЗ і падаць заяву на новую візу, — кажа Дзьмітры Васэрман. — Калі Ала вырашыць зрабіць так, то невядома, ці атрымае яна новую візу. Гэта вялікая трагедыя для беларусаў, бо пасьля адмовы ў Швэцыі легальна паехаць у іншую краіну ЭЗ яны ня могуць».
Дзьмітры Васэрман паведаміў «Зеркалу», што праблема Алы Цьвірко для Швэцыі не ўнікальная. Паводле інфармацыі Народнай амбасады, у 2022 годзе Міграцыйная служба Швэцыі прыняла 141 рашэньне ў дачыненьні да беларусаў, якія просяць палітычнага прытулку. І толькі тры зь іх былі станоўчыя.