Год таму, у ноч на 26 верасьня 2022-га, у адным з сымбаляў сучаснага Менску, касьцёле св. Сымона і Алены (Чырвоным касьцёле) — зь нявысьветленай прычыны здарыўся пажар, які паслужыў фармальнай нагодай, каб закрыць сьвятыню для вернікаў.
У выніку ўзгараньня была пашкоджана маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі. Улады забаранілі выкарыстоўваць будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».
6 кастрычніка таго ж года менскія ўлады скасавалі з прыходам дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёла. 14 кастрычніка стала вядома, што грамадзе забаронена праводзіць богаслужэньні ў плябаніі (доме сьвятара), а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
У сярэдзіне лютага 2023 года вернікам і сьвятарам удалося агледзець Чырвоны касьцёл знутры. Пазьней прадстаўнікі касьцельнага камітэта заявілі, што ў залі для набажэнстваў ня выяўлена «сьлядоў узгараньня, сажы і іншых бачных пашкоджаньняў».
24 верасьня касьцельны камітэт паведаміў на парафіяльным сайце, што зь мінулай восені ён разам з вернікамі зьвяртаўся «ў розныя дзяржаўныя ўстановы з просьбай як мага хутчэй адкрыць сьвятыню для малітвы і шанаваньня Пана», але «вычарпальны, станоўчы» адказ так і ня быў атрыманы.
«Сьвятыня закрытая, у плябані так і няма вады і сьвятла. Шчыра дзякуем усім, хто падтрымлівае існаваньне нашай парафіі», — гаворыцца ў паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнішчаюць цэрквы, даносяць у прыходах, кідаюць за краты. Як у Беларусі ціснуць на сьвятароў
Што адбываецца з Чырвоным касьцёлам праз год пасьля пажару
Як расказала Свабодзе каталічка зь Менску Аляксандра* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС), амаль усе дзьверы ў касьцёл дагэтуль застаюцца апячатанымі. Адны дзьверы адчыняюцца. Празь іх у будынак заходзяць супрацоўнікі «Менскай спадчыны», каб дзяжурыць у касьцёле. Вядома, што яны даглядаюць кветкі ў галерэі.
Невядома, ці вядуцца ў касьцёле нейкія работы. Ці прыбралі наступствы пажару, таксама невядома. У сакавіку паведамлялі, што ў храме правялі дасьледаваньні і вызначылі, што неабходна аднаўляць. Шукалі праектную арганізацыю. Аляксандра расказала, што бачыла, як нядаўна ў касьцёл прыходзілі спэцыялісты і абмяркоўвалі замену лямпаў.
74-гадовы ксёндз Уладзіслаў Завальнюк не памяняў свайго статусу, ён застаецца настаяцелем парафіі ў гонар сьвятых Сымона і Алены. Наколькі ведаюць вернікі, касьцельныя ярархі прапаноўвалі яму перайсьці на службу ў Будслаў або ў Ракаў. Аднак той не пагадзіўся, бо ня хоча пакідаць парафію ў складаны час.
«Ходзяць такія чуткі, што калі б Завальнюк сышоў, то адчынілі б (Чырвоны касьцёл. — РС). Як на такое можна пагадзіцца і гуляць у гэтую гульню?» — разважае суразмоўца.
Як раней паведамляла «Хрысьціянская візія», улады выстаўлялі таксама фінансавыя патрабаваньні Чырвонаму касьцёлу. Яны патрабавалі аплаціць рахунак «Менскай спадчыны» за «амартызацыю касьцёла і падаткі на карыстаньне зямлёй». Квота сумы невядомая, аднак улетку 2020 году запазычанасьць каталіцкай грамады перад прадпрыемствам складала 156 тысяч рублёў. Яшчэ 13 тысяч яна была павінна плаціць штомесяц.
Раней касьцёльныя ўлады прызначылі парафіі адміністратара — ксяндза Юрыя Санько. Ён адказвае за рамонт і будаўнічыя работы ў сьвятыні, а таксама за перамовы зь дзяржаўнымі ўладамі.
Ксёндз Уладзіслаў і іншыя сьвятары парафіі цяпер моляцца ў архікатэдральным касьцёле на плошчы Свабоды. У расклад богаслужэньняў дадалі імшы для парафіянаў Чырвонага касьцёла: у будні а 15-й гадзіне і ў нядзелю а 15-й і 20-й гадзінах. У нядзелю на гэтыя службы зьбіраецца поўны храм, кажа Аляксандра. Частка вернікаў перайшлі ў іншыя касьцёлы, многія выехалі за мяжу.
Аднаго з дапаможных ксяндзоў Чырвонага касьцёла пабілі сілавікі падчас ператрусу ў катэдры. Ён выехаў у Польшчу, кажа Аляксандра.
Хор Чырвонага касьцёла працягвае сьпяваць на богаслужэньнях. Рэлігійныя групы з Чырвонага касьцёла зьбіраюцца на свае малітоўныя сустрэчы таксама ў катэдры.
Шмат часу ксёндз Завальнюк праводзіць на плябаніі каля Чырвонага касьцёла, часам застаецца начаваць. Там адключылі сьвятло і ваду. Сам будынак таксама хацелі забраць у парафіі. Цяпер там праводзяць рэлігійныя заняткі для дзяцей.
«Жыць на плябаніі немагчыма, а дзяцей да першай камуніі падрыхтавалі ў два разы больш, чым у катэдры», — кажа суразмоўца.
Настаяцель звычайна ў дзённы час абыходзіць вакол храма і моліцца цягам 1-2 гадзін. Прыяжджаюць памаліцца да сьвятыні і сьвецкія. Але ўжо ніхто не зьбіраецца ў вялікія групы, бо адразу пасьля пажару групы вернікаў каля Чырвонага касьцёла разганяла міліцыя, пагражалі затрымаць.
Ксёндз-пробашч так і не ўладкаваўся дворнікам у сваю парафію. Ён больш не прыбірае тэрыторыю каля храма (узімку зьявіліся фатаздымкі, як сьвятар чысьціць сьнег каля храма).
«Гэта была іронія: калі не дазваляеце так, то прыміце хоць дворнікам. Тады сьнег ніхто не прыбіраў. Раней ксёндз-пробашч знаходзіў, хто прыбярэ сьнег. Яго ніхто і не прыняў дворнікам. Гэта было, каб засаромець, каб задумаліся людзі», — тлумачыць Аляксандра.
Адразу пасьля пажару з касьцёла забіралі тэхніку, кампутары, але потым вярнулі. У кампутары ксёндз Завальнюк захоўваў рэлігійныя кнігі, якія сам пісаў і выдаваў.
Прадстаўнікоў Чырвонага касьцёла пусьцілі ў сьвятыню некалькі разоў, каб забраць некаторыя свае рэчы. Амаль усё пакінулі на месцы. Вынесьлі тэатральныя рэчы, гітару, ноты для хору, абразы з выставы, якая тады ладзілася ў сьвятыні.
«Нунцый сказаў, што трэба выносіць рэчы з касьцёла. Супраціўляліся самі вернікі, што ня будуць выносіць. Касьцельныя ўлады пайшлі ў адным рэчышчы з уладамі дзяржавы», — падсумоўвае суразмоўца.
Перад гадавінай пажару вернікі напісалі зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі з прапановай адкрыць Чырвоны касьцёл для вернікаў, тлумачылі, як гэта важна для людзей, прасілі пра сустрэчу з чыноўнікамі. Аднак з адміністрацыі прыслалі ліст, што такая сустрэча немэтазгодная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На плошчы Леніна стаялі намёты, і людзі трымалі галадоўку». Гісторыя Чырвонага касьцёла, які трэці раз забіраюць у вернікаў
Са сьнежня мінулага году грамада парафіі св. Сымона і Алены часова аднесена да архікатэдральнага касьцёла Найсьвяцейшай Дзевы Марыі.
Чырвоны касьцёл мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі і афіцыйна належыць дзяржаве. У 2013 годзе ён быў перададзены ва ўласнасьць Менску.
Некалькі гадоў таму менскія гарадзкія ўлады заявілі, што ў парафіі назьбіралася істотная запазычанасьць у зямельным падатку, падатку на нерухомасьць і амартызацыі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, пасьля пажару парафію прымусілі пагасіць запазычанасьць — у якасьці адной з умоваў аднаўленьня эксплюатацыі касьцёла.
Каталіцызм — другая па колькасьці пасьлядоўнікаў хрысьціянская канфэсія ў Беларусі. У Беларусі каля 1,5 млн каталікоў.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года адносіны дзяржавы і Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія ярархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія надышлі за масавымі пратэстамі.
Згодна з маніторынгам ініцыятывы «Хрысьціянская візія» («Хрысьціянскае бачаньне»), з 2020 года і па сярэдзіну жніўня 2023-га тую ці іншую форму рэпрэсій зазналі ня менш як 60 царкоўных служак, у тым ліку 22 рымска-каталіцкія. Асобныя былі вымушаны пакінуць Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хрысьціянская візія»: у менскім катэдральным касьцёле правялі ператрус ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лідзе затрымалі каталіцкага ксяндза, зьявіліся паведамленьні пра зьбіцьцё сьвятароў архікатэдральнага касьцёлу ў Менску