У Швайцарыі прайшоў суд над над былым байцом «эскадрону сьмерці» Юрыем Гараўскім, які, папрасіўшы прытулку щ Швайцарыі, прызнаўся ў датычнасьці да выкраданьня і забойства апазыцыйных палітыкаў канца 1990-х гадоў — былога міністра МУС Юрыя Захаранкі, старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
— Вэрдыкт будзе вынесены на наступным тыдні. Пракуратура плянуе дамагацца для Юрыя Гараўскага трох гадоў турэмнага зьняволеньня, два зь якіх будуць умоўнымі. Які прысуд падаецца вам справядлівым і сувымерным?
— Я не юрыст. Тэрмін пакараньня — задача для судзьдзі. Асабіста для мяне няма вялікай розьніцы, будзе прысуд тры гады ці трыццаць гадоў. Для мяне гэта нічога не памяняе. Суд для мяне — вельмі важная падзея, бо гэта першы афіцыйны працэс пакуль што толькі над адным чалавекам, які быў датычны да выкраданьня і забойства майго бацькі. Калі судзьдзя вырашыць, што Юры Гараўскі вінаваты, гэта будзе літаральна азначаць, што ён расказаў праўду, што ўсё адбылося так, як ён расказаў. Асабіста для мяне гэта значыць, што я магу паставіць кропку: 16 верасьня 24 гады таму адбылося менавіта тое, пра што кажа Гараўскі. Нарэшце будзе нейкая пэўнасьць у тым, што адбылося. Усе гэтыя гады яе быццам не было.
— У апошнім слове Юры Гараўскі прасіў прабачэньня ў блізкіх і сваякоў загінулых, а таксама сказаў, што калі суд вынесе суровае рашэньне, больш ніхто ў сьвеце ня будзе паведамляць пра злачынствы ўлады. Ці вы згодныя?
— Ён так сфармуляваў, што калі атрымае вельмі жорсткае пакараньне, то тады ніхто больш нічога не раскажа. Пра раскаяньне ён сказаў наступным чынам: Я прашу прабачэньня ў родных, разьлічваючы на мяккі прысуд суду. Літаральна гэта. Я не разумею, як інтэрпрэтаваць гэтую просьбу прабачыць. Ці яна была асабістая, ці гэта таму, што ён разьлічвае на мякчэйшы прысуд? Цяжка меркаваць, што ў іншай асобы ў галаве. Па-першае, яго было вельмі дрэнна чуваць. Па-другое, ён сядзеў сьпінай да ўсіх. Я ня бачыла выразу ягонага твару.
— Як вы сябе адчувалі ў судзе?
— Я канцэнтравалася на фактах, я хацела добра запомніць, запісаць тое, што для мяне было важна. Гэта быў мой фокус. У мяне не было пачуцьця нейкай злосьці ці нечага падобнага. Я старалася быць у працэсе, усё ўважліва слухаць.
— Ці вы размаўлялі з Гараўскім? Што сказалі б яму?
— Я не хачу гэтага, ня ведаю, што сказаць яму. Як мне здаецца, ён сказаў усё, што хацеў сказаць. Вострай патрэбы ў асабістай размове ў мяне няма.
— Які шанцы пасьля гэтага суду, што на лаве падсудных апынуцца ўсе адказныя за выкраданьне і забойства Красоўскага, Захаранкі, Ганчара, Завадзкага?
— Ня ведаю. Спадзяюся, што пасьля гэтага суду іншыя датычныя да гвалтоўных зьнікненьняў раскажуць сваю частку гэтай гісторыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці раскаяўся Гараўскі? Найважнейшае з суду над былым байцом «эскадрону сьмерці» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа Гараўскага. Незалежны суд як напамін палітыкам пра тое, што ім ніколі не даруюць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вырак Гараўскаму ў справе зьнікненьняў апанэнтаў Лукашэнкі апублікуюць на наступным тыдні ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падышоў Паўлічэнка і стрэліў у сьпіну абодвум». Што Гараўскі расказаў у першы дзень суду аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнікі апазыцыі пра суд над Гараўскім: «Якім бы доўгім ні было правасудзьдзе — яно надыходзіць» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Швайцарыі ідзе першы суд аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Што важна ведаць аб справе