Нашыя суразмоўцы — праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка і былая палітзьняволеная Натальля Хершэ, якія два дні прысутнічалі на судовым працэсе над экс-спэцназаўцам Юрыем Гараўскім у Швайцарыі. Судовае пасяджэньне скончанае, вэрдыкт стане вядомы на наступным тыдні ў пісьмовай форме.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты інтэрвію
— У Швайцарыі 19 і 20 верасьня прайшоў суд над былым байцом САХРу Юрыем Гараўскім, які, папрасіўшы прытулак у Швайцарыі, прызнаўся ў датычнасьці да выкраданьня і забойства апазыцыйных палітыкаў канца 1990-х гадоў: былога міністра МУС Юрыя Захаранкі, старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Павал, падчас суду вы казалі ў інтэрвію «Новаму часу», што працэс Гараўскага мае безь перабольшаньня гістарычнае значэньне. Патлумачце, калі ласка.
Павал Сапелка: Мая думка была крыху зьменлівым. Я часам лічыў, што гэта гістарычны працэс. Часам гаварыў пра тое, што гэта толькі крок да па-сапраўднаму гістарычнага працэсу, які будуць весьці ў дачыненьні тых, хто цяпер ва ўладзе ў Беларусі. Так, гэта гістарычны працэс, у якім упершыню разглядаецца абвінавачаньне супраць чалавека, датычнага да зьнікненьня людзей у Беларусі.
— Натальля, чаму вам важна было прысутнічаць на працэсе?
Натальля Хершэ: Для мяне прысутнічаць на працэсе было важна як і для кожнага іншага беларуса. Я прапанавала сябе ў якасьці судовай мастачкі на гэтым працэсе. У мяне атрымаліся вельмі цікавыя вынікі. Мне было цікава даведацца, як разглядаюць справы ў швайцарскіх судах. Фізычна Гараўскаму на працэсе было праблематычна доўга сядзець на адным месцы, і ён часам уставаў. Як мне падалося, ён успрымаў гэта як неабходны працэс, але, напэўна, даволі быў перакананы ў сваім становішчы, што яго ня вышлюць у Беларусь. Праўду кажучы, я не пачула ад яго шчырага духоўнага асэнсаваньня таго, што ён зрабіў. Мне здалося, што ён стараўся ня тое каб абяліць сябе, але выдаць столькі інфармацыі, колькі дастаткова. Чыстага раскаяньня я не адчула.
— Павал, суд адбыўся дзякуючы ў тым ліку намаганьням праваабаронцаў і юрыстаў Праваабарончага цэнтру «Вясна». Раскажыце, як гэта было, наколькі гэта быў складаны працэс, колькі часу заняло?
Павал Сапелка: Пасьля таго як стала вядома пра знаходжаньне Гараўскага ў Заходняй Эўропе, «Вясна» сумесна зь міжнароднай арганізацыяй «Фэдэрацыя за правы чалавека» і Trial International правялі працу. Trial International вызначыла месца знаходжаньня Гараўскага. Пасьля былі пададзеныя звароты ўсіх трох арганізацыяў — з аднаго боку, а з другога — родных пацярпелых у пракуратуру Санкт-Галену. Пасьля было расьсьледаваньне сіламі пракуратуры, і зь вясны мінулага году справа знаходзілася ў судзе.
— Натальля, як гэты судовы працэс пераклікаецца з тым, што адбываецца ў Беларусі пасьля 2020 году?
Натальля Хершэ: Сама дата пачатку працэсу — 19 верасьня — мне добра нагадала 19 верасьня 2020 году, калі мяне арыштавалі, калі я ўпершыню ў жыцьці апынулася ў турме. Я праводзіла паралелі, згадвала сябе ў беларускім судзе. Памятаю, што думала, калі гэта скончыцца. Я думаю, Гараўскі думаў тое самае.
— Пракуратура плянуе дамагацца для Юрыя Гараўскага трох гадоў турэмнага зьняволеньня, два зь якіх будуць умоўнымі. У апошнім слове Юры Гараўскі прасіў прабачэньня ў блізкіх і сваякоў загінулых і сказаў, што калі суд вынесе суровае рашэньне, больш ніхто ў сьвеце ня будзе паведамляць пра злачынствы ўлады. Ці вы згодныя з Гараўскім? Які можа быць прысуд і як ён паўплывае на тых, хто мог бы даць паказаньні?
Павал Сапелка: Часткова Гараўскі мае рацыю. Безумоўна, людзі, якія зьбіраюцца сьведчыць пра злачынствы беларускага рэжыму, павінны разумець, што яны будуць абароненыя ў пляне асабістай бясьпекі, што яны атрымаюць толькі тое пакараньне, якое заслугоўваюць, што гэтае пакараньне ня будзе жорсткім, што яно будзе адпавядаць іх асобе, ролі ва ўчыненым злачынстве і іншым абставінам. Што да Гараўскага, я хацеў бы, каб тыя, хто крытыкуе від і памер пакараньня, уявілі, хто такі быў гэты чалавек пры канцы 1990-х гадоў, якім ён мог быць пасьля прамываньня мазгоў у элітнай частцы спэцназу, якую рыхтавалі ваяваць з уласным народам. Якім ён мог быць у 1999 годзе, як мог успрымаць каманды, ці мог сьвядома адмовіцца ад выкананьня даручэньняў. З другога боку, мы павінны разумець, што прайшло 24 гады і нельга падыходзіць з аднолькавай меркай да тых, хто зьдзейсьніў злачынства ўчора і 24 гады таму. Урэшце, трэба ўлічваць, што гэтага працэсу не было б, каб не прызнаньне Гараўскага. Ён мог бы па-ранейшаму маўчаць.
Натальля Хершэ: Я не разумею, што значыць цяжкае пакараньне. Сумняюся, што суд прысудзіць яму больш, чым запрасіў пракурор. Тры гады, два зь іх умоўна, я лічу вельмі мяккім прысудам. Адзін год швайцарскай турмы, санаторыю, дзе можна сябе разьвіваць, дзе ты забясьпечаны адзеньнем, харчаваньнем, цяплом. Гэта не суровае пакараньне.