Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі апазыцыі пра суд над Гараўскім: «Якім бы доўгім ні было правасудзьдзе — яно надыходзіць»

абноўлена

Юры Гараўскі прыехаў у суд у каптуры, які хавае частку твару
Юры Гараўскі прыехаў у суд у каптуры, які хавае частку твару

19 верасьня ў Швайцарыі пачаўся суд над былым байцом САХР Юрыем Гараўскім. Ён прызнаўся ў 2019 годзе, што 7 траўня 1999 году ўваходзіў у склад групы, якая выкрадала апанэнтаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў адрэагавалі на працэс.

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі адрэагавалі на гэты працэс.

Рыхтэр: «Гэта прэцэдэнт, які, спадзяюся, паслужыць прыкладам для іншых краін»

Справа Юрыя Гараўскага, які прызнаўся ва ўдзеле ў «эскадроне сьмерці», ня мае аналягаў у беларускай гісторыі. Упершыню перад судом паўстаў чалавек, які браў удзел у палітычна матываваных зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі, заявіла дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у праўных пытаньнях Крысьціна Рыхтэр:

«Гэта прэцэдэнт, які, спадзяюся, паслужыць прыкладам для іншых краін. І неўзабаве на рэгулярнай аснове пачнуцца судовыя працэсы ў справах аб злачынствах супраць чалавечнасьці ў Беларусі на падставе ўнівэрсальнай юрысдыкцыі, мэханізму, які дазваляе прыцягнуць да адказнасьці вінаватых, нават калі цяжкія злачынствы яны ўчынілі ў іншай краіне».

Зважаючы на тое, што «прадстаўнікі рэжыму адкрыта зьдзекуюцца з закону і не зьбіраюцца расьсьледаваць шматлікія выпадкі катаваньняў беларусаў», гэты мэханізм можа стаць эфэктыўным сродкам прыцягненьня да адказнасьці канкрэтных асобаў, тых, «хто катаваў і забіваў беларусаў падчас і пасьля выбараў 2020 году», — адзначыла Рыхтэр.

Яна зьвярнулася да ахвяраў злачынстваў, якія цяпер не ў Беларусі, з заклікам «не маўчаць».

Латушка: «Імёны і прозьвішчы забітых на загад Лукашэнкі будуць перасьледаваць беларускага дыктатара»

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) Павал Латушка адзначыў, што НАУ сумесна з сваімі партнэрамі вядзе працу для стымуляваньня і ініцыяваньня аналягічных працэсаў у Літве, Польшчы, Чэхі, іншых краінах за злачынствы супраць чалавечнасьці, якія чыняць прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі супраць мірнага насельніцтва Беларусі.

«Сёньняшні працэс у Швайцарыі паказвае, што якім бы доўгім не было правасудзьдзе — яно надыходзіць. Імёны і прозьвішчы забітых на загад Лукашэнкі будуць перасьледаваць беларускага дыктатара. Гэты працэс павінен паслужыць матывацыяй астатнім краінам забясьпечыць правасудзьдзе для дзясяткаў тысяч ахвяраў злачынстваў супраць чалавечнасьці, якія ўжо тры гады адбываюцца ў Беларусі», — падкрэсьліў Латушка.

Ціханоўская: «Калі Гараўскага прызнаюць вінаватым, гэта таксама будзе абвінаваўчы прысуд для Лукашэнкі»


«Калі Юрыя Гараўскага прызнаюць вінаватым, гэта таксама будзе абвінаваўчы прысуд для Лукашэнкі. Гэта можа стаць пераломным момантам, які зробіць беспакаранасьць немагчымай незалежна ад межаў ці таго, колькі часу прайшло», — адзначыла дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская, камэнтуючы пачатак суда над былым байцом спэцыяльнага атрада хуткага рэагаваньня.

Як паведаміла прэс-служба палітыка, Ціханоўская сказала, што «гвалтоўныя зьнікненьні зьяўляюцца ўлюбёным інструмэнтам дыктатараў».

«Кожны раз, сустракаючыся з нашымі дэмакратычнымі партнэрамі, я прашу іх надаваць асаблівую ўвагу пытаньням адказнасьці, а таксама падтрымліваць беларускія грамадзкія арганізацыі, якія займаюцца дапамогай пацярпелым, дакумэнтаваньнем злачынстваў і прыцягненьнем вінаватых да адказнасьці», — заявіла Ціханоўская.

Яна падзякавала Швайцарыі за «стварэньне гэтага прэцэдэнту»: «Спадзяюся, мы ўбачым больш спраў па ўнівэрсальнай юрысдыкцыі супраць памагатых рэжыму і разам даможамся справядлівасьці».

19 верасьня ў Санкт-Галене (Швайцарыя) пачаўся працэс над былым байцом САХРу Юрыем Гараўскім. Ён прызнаўся ў 2019 годзе, што 7 траўня 1999 году ўваходзіў у склад групы («эскадрону сьмерці»), якая на загад заснавальніка атраду падпалкоўніка Дзьмітрыя Паўлічэнкі выкрала і забіла экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку, а 16 верасьня таго ж году — былога віцэ-прэм’ера і кіраўніка Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара і бізнэсмэна Анатоля Красоўскага.

Гараўскага абвінавачваюць паводле артыкула аб зьнікненьні людзей. Пракурор запытаў для яго тры гады пазбаўленьня волі, два зь якіх умоўна.

У 2019 годзе Гараўскі заявіў у СМІ, што 7 траўня 1999-га ён быў у складзе так званага «эскадрону смерці», які на загад заснавальніка САХР Дзьмітрыя Паўлічэнкі выкраў і забіў экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранку, а 16 верасьня таго ж году — былога кіраўніка ЦВК Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

Юры Гараўскі жыве ў Швайцарыі з кастрычніка 2018 году.

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG