У Міжнародным судзе ААН у Гаазе працягваюцца публічныя слуханьні папярэдніх пярэчаньняў, якія Расея выставіла супраць абвінавачаньняў у генацыдзе.
Як паведаміла агенцтва Укрінформ, 20 верасьня ў судзе выступаюць 32 дзяржавы, якія далучыліся да справы: 26 краін Эўразьвязу (апроч Вугоршчыны), Аўстралія, Канада, Новая Зэляндыя, Нарвэгія, Ліхтэнштайн і Вялікая Брытанія. Большасьць іх матывавала гэта тым, што яны падпісалі Канвэнцыю аб папярэджаньні злачынства генацыду і пакараньня за яго.
У выступах прадстаўнікі дзяржаваў выкладалі сваё бачаньне справы і спасылаліся на адпаведныя артыкулы канвэнцыі, што тычацца падзеяў ва Ўкраіне.
Слуханьні 18 верасьня адкрыла Расея. Яе прадстаўнік Генадзій Кузьмін абвінаваціў Украіну ў нацызьме, украінскую ўладу назваў «кіеўскім рэжымам», які «прыдушвае расейскамоўнае насельніцтва». Прадстаўнік Расеі таксама заявіў, што Міжнародны суд ААН ня мае юрысдыкцыі ў справе аб генацыдзе.
«Расейская Фэдэрацыя ёсьць найбольшым парушальнікам міжнароднага права ХХІ стагодзьдзя, і вельмі важна, каб гэты тэзіс гучаў ня толькі з вуснаў грамадзян Украіны, а і каб яго пацьвярджалі міжнародныя суды. І безумоўна, гэта будзе азначаць, што Расея парушыла адну з ключавых міжнародных дамоваў, асноўных для сучаснай сыстэмы абароны правоў чалавека; што Расея павінна плаціць рэпарацыі; што Расея пагарджала і маніпулявала сучасным міжнародным правам, каб апраўдаць сваё злачыннае поўнамаштабнае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны», — заявіў прадстаўнік Украіны Антон Карыневіч, камэнтуючы выступ Расеі ў судзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны суд у Гаазе пачаў папярэднія слуханьні пазову Ўкраіны супраць Расеі аб генацыдзеСлуханьні працягнуцца да 27 верасьня. У пазове супраць Расеі Ўкраіна патрабуе таксама прыцягнуць Расею да адказнасьці за скажэньне паняцьця генацыду.
У пачатку верасьня кіраўнік Камісіі расьсьледаваньня злачынстваў ва Ўкраіне ААН Эрык Мёзэ заявіў, што ў ААН па-ранейшаму «няма дастатковых доказаў для выкананьня праўных патрабаваньняў Канвэнцыі аб папярэджаньні злачынстваў генацыду і пакараньні за яго». У Кіеве гэтую думку раскрытыкавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН заявіла, што ня мае дастатковых доказаў, каб прызнаць ваенныя злачынствы Расеі генацыдам украінцаўКалі суд ААН вызначыцца зь юрысдыкцыяй справы, то слуханьне істоты справы павінна адбыцца не раней за наступны год і можа зацягнуцца на гады.
У чэрвені Міжнародны суд ААН у Гаазе правёў слуханьні яшчэ аднаго пазову Ўкраіны супраць Расеі ў справе аб магчымым парушэньні расейскім бокам дзьвюх міжнародных канвэнцыяў: аб барацьбе зь фінансаваньнем тэрарызму і аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі. Гэты пазоў Украіна падала яшчэ ў 2017 годзе ў сувязі з анэксіяй Расеяй Крыму і ўзброенымі дзеяньнямі на Данбасе.
Міжнародны суд ААН — галоўны судовы орган Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Ён знаходзіцца ў Палацы міру ў Гаазе (Нідэрлянды) і вырашае судовыя спрэчкі паміж дзяржавамі ў адпаведнасьці з міжнародным правам. Расея ў цэлым прызнае яго юрысдыкцыю, але ў асобных выпадках адмаўляе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт ЛукашэнкіГэты суд ня варта блытаць зь Міжнародным крымінальным судом (МКС), які таксама дзейнічае ў Гаазе, але ня ёсьць органам ААН і не прызнаны Расеяй. Менавіта МКС выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна.