Указам Лукашэнкі ад 13 верасьня ў у Беларусі ўстанавілі асаблівы парадак атрыманьня прыбытку і дывідэндаў асобамі з замежных дзяржаў, якія нібыта «чыняць недружалюбныя дзеяньні ў адносінах да нашай краіны», паведаміла прэс-служба Міністэрства эканомікі.
Такім юрыдычным асобам для выплаты прыбытку і (або) дывідэндаў трэба адкрыць у банках Беларусі спэцыяльныя рахункі (рахункі рэзыдэнтаў). Сродкі будуць пералічвацца з аднаго рахунку на другі ў дзесяцідзённы тэрмін.
Гэтыя сродкі могуць выкарыстоўвацца толькі на:
- фінансаваньне інвэстпраектаў у Беларусі;
- пагашэньне запазычанасьці па асобных крэдытах банкаў;
- разьмяшчэньне ў безадзыўныя банкаўскія ўклады на тэрмін, ня меншы за год, у банку, у якім адкрыты спэцыяльны банкаўскі рахунак.
6 красавіка 2022 году ўрад Беларусі зацьвердзіў пералік «замежных дзяржаў, якія чыняць недружалюбныя дзеяньні ў адносінах да беларускіх юрыдычных і (або) фізычных асоб». Да іх далучаны ўсе краіны ЭЗ, а таксама Новая Зэляндыя, Альбанія, Ісьляндыя, Паўночная Македонія, Вялікая Брытанія і Паўночная Ірляндыя, ЗША, Чарнагорыя, Швайцарыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь скасоўвае дамову з Украінай аб абароне правоў перасяленцаў. Што гэта азначае і каго яна датычылася ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 2 тысячы: улады пашырылі сьпіс кампаній з замежным капіталам «недружалюбных» дзяржаў