Палата прадстаўнікоў у адным чытаньні ўхваліла праект закону аб спыненьні дзеяньня дамовы з Украінай аб рэгуляваньні працэсу перасяленьня і абароне правоў перасяленцаў і членаў іхных сямей.
Як паведамілі ў тэлеграм-канале Палаты прадстаўнікоў, гэтае рашэньне ўхвалена ў «адказ на недружалюбныя дзеяньні Ўкраіны ў дачыненьні да Беларусі, а яго рэалізацыя будзе садзейнічаць абароне нацыянальных інтарэсаў і дасьць магчымасьць вызваліць нашу краіну ад абавязаньняў выконваць гэтую дамову».
Што прадугледжвала дамова і чые інтарэсы закранала
Беларусь і Ўкраіна падпісалі гэтую дамову 19 сакавіка 2003 году. Пасьля ўзаемных ратыфікацый яна набыла юрыдычную моц 6 ліпеня 2005 году. Дамова не датычыць уцекачоў, якія ў 2014 годзе пачалі выяжджаць з Данецкай, Луганскай і іншых абласьцей Украіны.
Апроч таго, дзеяньня гэтай дамовы не распаўсюджваецца на:
- працоўных мігрантаў,
- маракоў,
- асобаў, на якіх завялі крымінальную справу і якія адбываюць пакараньне,
- асобаў, выезд або ўезд якіх датычаць бясьпекі дзяржаў,
- асобаў, якія маюць нявыкананыя маёмасныя абавязаньні,
- асобы, якія часова знаходзяцца на тэрыторыях краін у сувязі з навучаньнем, прыватнымі або дзелавымі паездкамі.
Пад дзеяньне гэтай дамовы траплялі грамадзяне, якія дабравольна перасяляліся на тэрыторыю краіны грамадзянства, на грамадзян Беларусі і Ўкраіны, якія мелі падставы для атрыманьня грамадзянства адпаведна Ўкраіны і Беларусі.
Дамова давала права перасяленцам:
- вывезьці зь дзяржавы выезду сваю рухомую маёмасьць,
- прадаць нерухомую маёмасьць і перавезьці ў краіну выезду грошы, атрыманыя ад продажу,
- пераводзіць грошы з банкаўскіх рахункаў краіны выезду ў краіну ўезду,
- пакідаць сваю маёмасьць на тэрыторыі краіны выезду.
Пры гэтым краіны абавязваліся не забіраць гэтую маёмасьць на карысьць дзяржавы ў выпадку, калі перасяленцы пакідалі яе ў краіне выезду.
Украіна не спыняла дзеяньня гэтай дамовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь праз чатыры месяцы пасьля Ўкраіны спыніла дзеяньне пагадненьня аб супрацы ў галіне моладзевай палітыкі