Закрыты за ўдзел у пратэстах менскі клюб адзінаборстваў «Волат» аднавіў працу. Размова з галоўным трэнерам

Віталь Рак

Схадзілі на адкрыцьцё, паразмаўлялі з галоўным трэнэрам клюбу Віталём Ракам, даведаліся, хто можа займацца, хто трэнуе дзяцей і дарослых, чаму клюб — гэта ня проста трэнаваньні, а адмысловае выхаваньне асобы.

Клюб «Волат» раней працаваў у Менску, трэнаваў і рыхтаваў да спаборніцтваў нямала дзяцей і дарослых. Але 12 студзеня 2022 году суд пастанавіў зьліквідаваць клюб за «падтрымку пратэставай актыўнасьці, удзел сяброў клюбу ў экстрэмісцкіх чатах, дзе абмяркоўваліся шляхі зьмены ладу, фізычнае ўзьдзеяньне на прадстаўнікоў улады».

16 верасьня клюб фізычнай культуры і спорту «Волат» афіцыйна адкрыўся ў Варшаве. Працуе толькі паўтара тыдня. У ім займаюцца ўжо 45 чалавек, але Віталь Рак кажа, што гэта мала, бо ў Менску ў клюбе займаліся ажно 550 чалавек.

Спартовы клюб «Волат»

  • Віталь Рак — старшы трэнэр клюбу «Волат», трэнэр у каратэ і функцыянальным трэнінгу. 30 гадоў у спорце, з іх 20 гадоў трэнэрскага досьведу. Віталь скончыў Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Максіма Танка, Беларускі ўнівэрсытэт фізычнай культуры і спорту. Мае чорны пояс каратэ, шматразовы прызэр чэмпіянатаў і кубкаў Беларусі і Эўропы. Таксама Віталь падрыхтаваў больш за 20 чэмпіёнаў і пераможцаў першынства Беларусі, 5 майстроў спорту, прызэра чэмпіянату сьвету 2017 году ў каратэ, шматлікіх пераможцаў міжнародных і нацыянальных турніраў у каратэ, ушу-саньда, панкратыёне і ручным баі.

Віталь Рак

«У мяне добрыя ўражаньні з адкрыцьця, уздым духу. Я задаволены, што ўдалося зрабіць тое, што абяцаў. І гэта толькі першы крок, але я на такім драйве, што мне хочацца рухацца далей. Я адшукаў сваё месца ў нацыянальна-вызвольным руху і хачу на гэтым месцы прынесьці максымальны плён», — кажа Віталь.

Патрыёты, рыхтаваньне, моцныя трэнэры

Клюб «Волат» — гэта ня толькі трэнаваньні, але і комплекснае выхаваньне асобы, кажа яго стваральнік.

«Калі асоба разьвіваецца толькі ў спорце, то гэта дрэнна, гэта дысбалянс. Трэба разьвівацца — фізычна, інтэлектуальна, сацыяльна — і мець правільную матывацыю. Мы клюб, які стаіць на беларускім нацыянальным грунце, і стараемся выхоўваць праз разуменьне таго, што чалавек ёсьць адзінкай беларускага народу і мусіць захаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасьць».

Адпаведна такому падыходу калі чалавек робіцца мацнейшым, то і народ будзе мацнейшы, тлумачыць Віталь. Гэта, з аднаго боку, выхаваньне самадастатковай асобы, а зь іншага — асобы, якая ўсьведамляе, што належыць да беларускага народу.

«У нас у клюбе ўсе віды спорту індывідуальныя, адзінаборствы. Калі ты выходзіш на рынг, ты там адзін, ты вырашаеш сам свае пытаньні. Але ніводзін спартовец ня можа паказаць вынікаў без трэнаваньняў, клюбу, спарынг-партнэраў. Тое самае і народ: кожны з нас можа быць больш пасьпяховым, калі абапіраецца на нацыянальны грунт. Гэта дае дадатковыя сілы, матывацыю, магчымасьці».

«Волат» — беларускі клюб на нацыянальным грунце, але ў ім займаюцца і палякі, і ўкраінцы, кажа Віталь.

«У нас няма нацыянальнай дыскрымінацыі, кожны чалавек можа далучыцца. Нават расеец можа далучыцца, калі ён будзе падзяляць нашыя каштоўнасьці. Акрамя таго што мы патрыёты, у нас вельмі добрая падрыхтоўка і моцныя трэнэры. Цяпер да мяне ходзіць займацца спартовец зборнай Польшчы, я зь ім працую над тэхнікай, мне прыемна яму дапамагаць».

«Працуем і зь дзецьмі з асаблівасьцямі»

У клюбе могуць займацца як дзеці ад 4 гадоў (для іх ёсьць адмысловая фізычная падрыхтоўка), так і дарослыя людзі рознага ўзросту.

Сярод трэнэраў вядомыя беларускія спартоўцы, чэмпіёны Эўропы і сьвету: Іван Ганін (кікбоксінг і тайскі бокс), Андрэй Саковіч (ММА і бразыльскае джыў-джыцу), Віталь Рак (каратэ), Вольга Ефіменка (каратэ, спэцыялістка ў фізычнай падрыхтоўцы і рэабілітацыі пасьля траўмаў).

«Мы працуем і зь дзецьмі з асаблівасьцямі. Да нас зараз ходзіць дзяўчынка з сындромам Даўна. Гэтым дзеткам цяжэй разьвівацца, а тут дзяўчынка амаль за два тыдні навучылася добра бегаць, я сапраўды ўражаны. Такім чынам, мы працуем з усімі людзьмі».

Віталь Рак прызнаецца: разуменьне таго, што людзі ў Беларусі пакутуюць у турмах, думка пра беларусаў, якіх забілі, пра добраахвотнікаў надае яму моцы і матывацыі не спыняцца.

«Усьведамленьне таго, што я не магу спыніцца, бо падвяду іх, дае мне сілаў не спыніцца, нават калі цяжка ісьці наперад. Ну і жаданьне годна вярнуцца на Радзіму, каб Беларусь была вольнай і беларуская нацыя разьвівалася. Цяпер лягчэй быць беларусам у Польшчы, чым у Беларусі. Тут мяне атачаюць беларускамоўныя людзі, паўсюль беларуская сымболіка, што ў Беларусі зараз немагчыма. Тое, што так ня мусіць быць, рухае мяне наперад».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гульні СНД скончыліся: у беларусаў больш як 200 мэдалёў, экспэрты кажуць пра небясьпеку ізаляцыі ў спорце
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінка Занеўская не паціснула руку беларусцы Сабаленцы на тэнісным турніры US Open 12