Паводле інфармаваных крыніц, многіх знакавых палітвязьняў у сакавіку зьмясьцілі ў ПКТ на 6 месяцаў. У канцы верасьня гэты тэрмін завяршаецца.
20 лютага бацькам прыйшоў апошні ліст ад Ігара Лосіка. Адвакат бачыў палітвязьня ў лютым, пасьля яго не пускалі ў калёнію (маўляў, няма заявы Лосіка на сустрэчу з абаронцам), а потым пазбавілі ліцэнзіі. Такім чынам, амаль паўгода ў Ігара няма абаронцы, які, тэарэтычна, мог бы даведацца, што адбываецца ў калёніі зь вязьнем, чаму зь ім няма сувязі.
У сакавіку Ігар Лосік на знак пратэсту парэзаў сабе руку і шыю. Бацькі двойчы езьдзілі ў калёнію на прыём да начальніка. Ім паведамілі, што Ігар адбывае пакараньне, стан здароўя задавальняючы, таму спатканьні, званкі, перадачы забароненыя.
Паводле інфармаванай крыніцы, Ігара Лосіка ў сакавіку зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу тэрмінам на паўгода. У ПКТ «атаварка» у турэмнай краме дазволеная на 1 базавую велічыню (37 рублёў). Грошы Ігару рэгулярна пераводзяць, але скарыстацца імі ён ня можа. Паводле адной з вэрсій, усе грошы зь ягонага рахунку спаганяюць у кошт матэрыяльнага пазову.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бяда ў Менску»,— кіраўнік Радыё Свабода напісаў пра Ігара Лосіка і Андрэя Кузьнечыка ў часопісе «American Purpose»18 верасьня канчаецца тэрмін знаходжаньня Лосіка ў ПКТ і яго павінны перавесьці ў атрад. Былы палітзьняволены Аляксандар Кабанаў адбываў свой тэрмін у Наваполацкай калёніі № 1, дзе цяпер утрымліваюць шмат палітвязьняў: Ігара Лосіка, Андрэя Кузьнечыка, Андрэя Аляксандрава, Анджэя Пачобута і іншых. Кабанаў патлумачыў, што ПКТ у калёніі — гэта асобны агароджаны будынак за калючым дротам на адлегласьці ад асноўнай зоны, там свая ахова.
«Пасьля адбыцьця тэрміну павінны „падняць у атрад“. Далей усё непрадказальна, як начальства вырашыць: могуць пакінуць у атрадзе, могуць зноў да нечага прычапіцца і пакараць ПКТ альбо перавесьці ў крытую турму», — разважае Кабанаў.
Паводле праваабаронцаў, усе тры крытыя турмы (У Горадні, Магілёве, Жодзіне) перапоўненыя, таму, пэўна, вязьняў усё часьцей пакідаюць адбываць пакараньні ў ШЫЗА, ПКТ у сваіх калёніях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікола Статкевіч чацьвёрты дзень народзінаў запар сустракае за кратамі. Ад яго няма зьвестак 185 дзён«У перапісцы не абмяжоўваецца, адміністрацыя калёніі не перашкаджае»
Фактычна больш за паўгода няма ніякай сувязі са многімі палітзьняволенымі: Мікалаем Статкевічам, Сяргеем Ціханоўскім, Марыяй Калесьнікавай, Максімам Знакам ды іншымі.
На шматлікія скаргі сваякоў палітзьняволеных, чаму не даходзяць нават лісты, ім прыходзяць ад кіраўніцтва калёній стандартныя адказы: «У адпаведнасьці з КПК асуджаныя маюць права атрымліваць ад блізкіх сваякоў і іншых асоб грашовыя пераводы. Адміністрацыя ў атрыманьні грашовых сродкаў асуджанаму не перашкаджае». Тое самае і пра ліставаньне, атрыманьне пасылак, бандэроляў: «У перапісцы не абмяжоўваецца, адміністрацыя калёніі не перашкаджае».
Жонка палітыка Міколы Статкевіча днямі паведаміла ў фэйсбуку, што ад яе мужа няма зьвестак 220 дзён. Яна пісала процьму скаргаў, атрымлівала адказы прыкладна такога ж зьместу. А калі паехала на прыём да начальніка калёніі, ён адказаў: «Усе прэтэнзіі да Белпошты». Мэдычныя бандэролі, якія яна слала мужу-палітвязьню, вярталіся: маўляў, з пошты ў калёнію іх не забралі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «200 палітвязьням патрэбная экстраная мэддапамога». Вялікае інтэрвію з былой палітзьняволенай, прадстаўніцай Кабінэту Вольгай Гарбуновай«Невыносныя ўмовы для зьняволеных»
Адвакат, які абараняў некалькіх вядомых палітвязьняў, а цяпер пазбаўлены ліцэнзіі, зьвяртае ўвагу, што зь лютага-сакавіка 2023 году пачалася новая хваля рэпрэсій у дачыненьні ня толькі да саміх вязьняў, але і да іх абаронцаў.
«Фактычна многія мэдыйныя палітычныя зьняволеныя апынуліся ў сытуацыі „інкамунікада“ — поўнай ізаляцыі ад вонкавага сьвету: не атрымліваюць карэспандэнцыі, ня могуць сустрэцца з адвакатам, ня могуць тэлефанаваць сваякам.
Тое, што многіх вядомых палітвязьняў сыстэматычна караюць спагнаньнямі ў выглядзе ШЫЗА, накіраваньня ў ПКТ, сьведчыць, што рэпрэсіўныя органы ствараюць невыносныя ўмовы для зьняволеных і, хутчэй за ўсё, хочуць ініцыяваць дадатковае асуджэньне паводле артыкулу 411 КК („Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы“) і дадаць яшчэ некалькі гадоў турмы.
Акрамя таго, пасьля масавага затрыманьня адвакатаў у сакавіку многія абаронцы адмаўляюцца браць „палітычныя“ справы або нават працягваць весьці бягучыя справы», — выказаў думку адвакат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 3 гады за кратамі. Алексіевіч, Флай, Ціханоўская і іншыя вядомыя людзі зьвярнуліся да Ігара і Дар'і Лосікаў