Чыноўнікі прызналі нястачу збожжа ў Беларусі. Краіна закупіць паўмільёна тон у Расеі

Ілюстрацыйнае фота

Аб гэтым у этэры дзяржаўнай тэлевізіі заявіў віцэ-прэм’ер Леанід Заяц.

Паводле чыноўніка, словы якога прыводзіць reform.by, на гэты момант размова ідзе аб закупцы 500 тысяч тон збожжа па цане 12,5 тыс. расейскіх рублёў за тону, што эквівалентна 418 беларускім рублям.

Леанід Заяц растлумачыў, што сёлета 5,9 мільёна тон збожжа спатрэбіцца для жывёлагадоўлі, яшчэ 500 тысяч тон могуць закупіць за мяжой.

Паводле зьвестак Белстату, у студзені–жніўні аб’ём вытворчасьці ў гаспадарках усіх катэгорый упаў на 1,7%, а ў сельскагаспадарчых арганізацыях — на 1,4% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы трацяць на харчаваньне 40% усіх даходаў, гэта вынік савецкай мадэлі кіраваньня, — эканаміст Раманчук

Леанід Заяц растлумачыў, што сёлета 5,9 млн тон збожжа спатрэбіцца для патрэб жывёлагадоўлі, яшчэ 500 тысяч тон могуць закупіць.

«Калі летась мы выдзялялі каля 4,2 млн тон для нашай грамадзкай жывёлагадоўлі, то сёлета аб’ёмы будуць павялічаныя: 5,9 млн тон будзем выдзяляць свайго збожжа і да 500 тысяч тон будзем купляць у Расейскай Фэдэрацыі. Калі абмалоцім поўны аб’ём кукурузы, будзем бачыць — 500 тысяч або 400 тысяч тон, але звыш паўмільёна тон мы купляць ня будзем», — сказаў ён.

Віцэ-прэм’ер таксама выказаў упэўненасьць, што аб’ём вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі вырасьце па выніках году.

«У цэлым мы плянуем завяршыць бягучы год з дадаваньнем валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, прынамсі, перасягнем узровень 2022 году. Гэта пры тым, што мы маем недабор збожжа», — сказаў ён.

Раней гаварылася пра мільён тон, якія купіць Беларусь за мяжой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы міністар сельскай гаспадаркі расказаў, чаму Беларусь купіць за мяжой мільён тон збожжа