Па словах Арцёма, ён падтрымліваў пратэставы рух у сацсетках, а таксама падпісаў ліст дзеячаў культуры, якія выступілі супраць рэжыму Лукашэнкі, патрабавалі спыніць гвалт і арганізаваць новыя выбары. Прыкладна празь месяц яго звольнілі паводле артыкулу «Страта даверу».
У Малдове без даведкі аб несудзімасьці ён ня можа працаваць афіцыйна, без апастыляваньня дыплёма ня можа працягваць навучаньне. Паводле Арцёма, ён нават ня змог адкрыць банкаўскі рахунак у Малдове, а перасылаць грошы з-за мяжы яму могуць толькі на банкаўскія карты людзей, якім ён давярае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт ЛукашэнкіНядаўна Арцёму адмовілі ў палітычным прытулку. Па ягоных словах, прадстаўнікі МУС заявілі, што няма доказаў таго, што ў Беларусі парушаюць правы чалавека. Цяпер Арцём задумаўся аб вяртаньні ў Польшчу, дзе некаторы час жыў перад прыездам у Малдову: «У мяне няма рэсурсаў працягваць гэтую вайну з МУС Малдовы».
У Інспэктараце міграцыі Малдовы Радыё Свабода паведамілі, што разглядаюць 23 прашэньні аб выдачы прытулку для грамадзян Беларусі. У 2021 годзе яны атрымалі адно такое прашэньне, у 2022 годзе — 16, а ў 2023-м — 10.
«У адным выпадку было пазытыўнае рашэньне аб наданьні міжнароднай абароны, у двух выпадках адмовілі, у трох выпадках людзі самі адмовіліся ад працэдуры наданьня прытулку», — расказалі ў Інспэктараце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр першы прэзыдэнт Малдовы, які не падтрымаў путчу ў Маскве і вёў краіну да незалежнасьці