На відэа некаторыя з затрыманых выглядаюць пабітымі, некаторых на сьледчых дзеяньнях водзяць на ланцугах, заўважае «Вясна». Усіх узялі пад варту, іх абвіначваюць у замаху на акт тэрарызму, шпіянажы, здрадзе дзяржаве і агентурнай дзейнасьці.
Агулам паведамляецца пра шэсьць затрыманых. Украінскага егера Вячаслава Барадзія затрымалі 1 верасьня ў Ельскім раёне Беларусі, які мяжуе з Жытомірскай вобласьцю Ўкраіны. Вядома, што Вячаслаў нарадзіўся ў Жытомірскай вобласьці, некаторы час жыў у Мазыры, а потым вярнуўся ва Ўкраіну і працаваў егерам, выхоўвае трох дзяцей.
У фільме расказалі, што Барадзій пасьля пачатку паўнамаштабнай вайны нібыта прайшоў падрыхтоўку ў навучальным цэнтры Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны і што «з сакавіка гэтага году, акрамя ГУР Мінабароны, ён стаў супрацоўнічаць яшчэ і са Службай бясьпекі Ўкраіны».
Што канкрэтна ставяць у віну Вячаславу, пакуль невядома. На сьледчых дзеяньнях яго вадзілі на ланцугу. Вячаслава Барадзія зьмясьцілі ў СІЗА.
Дзяржаўныя СМІ паведамілі, што яшчэ тром затрыманым (Івану Ліхалату, Івану Бародзічу і Барысу Пухальскаму) выстаўлены шэраг абвінавачаньняў паводле цяжкіх артыкулаў: «Падрыхтоўка акту тэрарызму» (ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 289 КК), «Здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і «Шпіянаж» (арт. 358-1 КК). Праваабаронцы нагадваюць, што цяпер за падрыхтоўку акта тэрарызму ў Беларусі прадугледжваецца сьмяротнае пакараньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 11 верасьня: КДБ Беларусі паведаміў пра выкрыцьцё трох «баявых ячэек»Іван Бародзіч і Барыс Пухальскі з Горадні, а Іван Ліхалат — грамадзянін Украіны, які ў 2013 годзе перабраўся ў Беларусь. Гісторыю жыцьця Івана Ліхалата расказваюць у фільме:
«Дзесяць гадоў жыў і працаваў у нашай краіне, ажаніўся зь беларускай, гадаваў траіх непаўналетніх дзяцей...».
У прапагандысцкім фільме сьцьвярджаецца, што «раней Пухальскі выходзіў на сувязь з СБУ, каб паваяваць на баку Ўкраіны, але атрымаў адмову». Яму нібыта растлумачылі, што яго навыкі спатрэбяцца ў Беларусі. Паводле прапагандыстаў, першапачаткова трое выконвалі задачы ў зборы інфармацыі:
«Зьбіралі зьвесткі аб перамяшчэньні вайсковай тэхнікі, наяўнасьці расейскіх войскаў на тэрыторыі беларускіх частак, разьмяшчэньні ЗРК [зэнітна-ракетных комплексаў]».
Сьцьвярджаецца, што ў памежным з Украінай Кобрынскім раёне Берасьцейскай вобласьці Пухальскі «забраў са схованкі выбуховае прыстасаваньне, якое перавёз у Талачынскі раён для падрыву чыгункі». Там яго 4 верасьня затрымалі супрацоўнікі групы «А» КДБ.
У дзяржаўных СМІ заявілі:
«На месцы плянаванага тэракту канфіскавалі выбуховае рэчыва гексаген масай 1 кг, драты, дэтанатар і магніт для мацаваньня выбухоўкі да рэек. Адначасова ў Горадні былі затрыманыя памагатыя Пухальскага — Ліхалат і Бародзіч».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падвышэньне за расьсьледаваньне «генацыду беларускага народу». Што вядома пра новага пракурора Гомельскага раёнуЯшчэ двух беларусаў — Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненку — затрымалі ў ноч з 26 на 27 жніўня на чыгунцы ў Стаўпецкім раёне, недалёка ад нафтабазы і прыпыначнага пункту Сінява. Супраць іх заведзены крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 289 КК («Замах на зьдзяйсьненьне акту тэрарызму групай асоб») і ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»). У фільме сьцьвярджаецца, што яны спрабавалі паставіць на чыгунцы выбуховую прыладу, якая мусіла б спрацаваць па камандзе куратара з СБУ. Андрэй Зіненка ў фільме паказаны са сьлядамі біцьця на твары.
Дзяржаўныя СМІ расказалі, што Вабішчэвіч трапіў пад увагу сілавікоў, калі даносчык паведаміў пра яго ў чат-бот КДБ, што 10 чэрвеня на вакзале ў Воршы ён фатаграфаваў чыгуначныя шляхі і саставы. 19 жніўня, як сьцьвярджаецца ў фільме, Вабішчэвіч прыехаў у Лоеўскі раён Гомельскай вобласьці, недалёка ад украінскай мяжы, дзе забраў у тайніку выбуховую прыладу (2,4 кіляграма тратылу і паражальны элемэнт) і перавёз яе ў тайнік у Чэрвеньскім раёне.
А 26 жніўня Вабішчэвіч нібыта забраў іншую выбуховую прыладу (1,2 кіляграма тратылу) у Хойніцкім раёне — гэта таксама каля мяжы з Украінай — і паехаў мацаваць яе на чыгунку пад Стоўпцамі. Вазіў яго на машыне, як сьцьвярджаецца ў фільмах, ягоны былы калега Андрэй Зіненка. Зіненка на кадрах выглядае найбольш пабітым.
Пра Паўла Вабішчэвіча гаворыцца, што ён мянчук, нарадзіўся ў 1986 годзе. Сьцьвярджаецца, што ён наладзіў сувязь з СБУ «праз тэматычную групу ў мэсэнджары». Спачатку ён нібыта меў задачу фатаграфаваць стратэгічныя аб’екты, пазьней узяўся падарваць чыгунку.
40-гадовы Андрэй Зіненка — былы калега Вабішчэвіча, які «працаваў на кіроўнай пасадзе і атрымліваў высокі заробак», падкрэсьліваюць дзяржаўныя мэдыя. У той жа час Вабішчэвіча апісваюць, як судзімага аматара азартных гульняў.
Затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА КДБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогерка, у вышуку СБУ. Што вядома пра Дзіяну Панчанку, якой Лукашэнка даў інтэрвію