КДБ Беларусі паведаміў пра выкрыцьцё трох «баявых ячэек»
Спэцслужбы ў Менску заяўляюць, што тры ячэйкі нібыта працавалі на Службу бясьпекі Ўкраіны (СБУ) і хацелі падарваць у Беларусі чыгунку.
КДБ сьцьвярджае, што падарваць чыгунку зьбіраліся два беларусы, якія маюць навыкі ў мінна-выбуховай справе. А кіраваў імі нібыта грамадзянін Украіны.
Паводле сілавікоў, таксама гэты ўкраінец незаконна перасек мяжу Беларусі і пакінуў на тэрыторыі краіны «арсэнал зброі». Усіх мужчын зьмясьцілі ў СІЗА КДБ.
Паводле афіцыйнага паведамляеньня, «канфіскаванай выбухоўкі хапіла б, каб пусьціць з рэек любы цягнік».
Тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія» паўторна забаранілі
Тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія» другі раз за месяц прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Адпаведнае рашэньне прыняў суд Лідзкага раёну 7 верасьня. «Экстрэмісцкімі матэрыяламі» таксама прызнаны лягатып праекту.
Таксама ў «Сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапілі тэлеграм-каналы і чаты Dapamoga, «ОШС», Mienski Reagan, «Уручье 4».
Затрыманьне 17-гадовага за татуіроўку
ГУБАЗіК затрымаў 17-гадовага хлопца за татуіроўку з украінскім «Трызубам» і словамі пра «расейскі вайсковы карабель». Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.
У Ваўкавыску затрымалі мужчыну
Паводле інфармацыі Grodno_grab, затрымалі Віталя Крысюкевіча. Паведамляецца, што мужчына нібыта распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы, дома ў яго знайшлі бел-чырвона-белую сымболіку.
Паводле сілавікоў, Віталя арыштавалі на 10 дзён паводле арт. 19.11 КаАП.