Конкурсы прыгажосьці як кірмаш для Лукашэнкі

Аляксандар Лукашэнка танчыць зь пераможцай конкурсу «Міс Беларусь» 2018 году Марыяй Васілевіч, якая на наступны год стала дэпутаткай. Менск, 28 сьнежня 2018

Нядаўна скончыўся конкурс «Міс Беларусь», і некаторыя прапагандысцкія рэсурсы аддаюць яму вельмі шмат увагі. Самі па сабе такія конкурсы — адгалосак тых часоў, калі галоўная задача жанчыны была радаваць мужчынскае вока, але ёсьць і другое — больш спэцыфічнае адценьне ў гэтай драме. Конкурсы прыгажосьці ў Беларусі — гэта адбор у эскорт Лукашэнкі.

Беларускі на подыюме павінны цешыць сваім выглядам не мужчын у цэлым, а канкрэтнага чалавека, які лічыць сябе экспэртам ня толькі ў дзяржаўным кіраваньні, эпідэміялёгіі, жывёлагадоўлі і хакеі, але таксама і ў жаночай прыгажосьці. Ён прысутнічае на фінале «Міс Беларусь», і прапагандысцкае мэдыя АНТ фактычна піша, што спадабацца яму — самае важнае для ўдзельніц: «З залі за фіналам сачыў і Аляксандар Лукашэнка. Большы ўзровень адказнасьці і хваляваньня ўявіць, здаецца, немагчыма».

Мы так звыклі да абсурднага і жахлівага тэрору ў Беларусі, што такая дэталь, як наведваньне фактычным кіраўніком краіны конкурсу прыгажосьці, можа застацца незаўважанай праз сваю нібыта нязначнасьць. Але гэта яшчэ адна важная ілюстрацыя таго, што такое гэты рэжым і на якіх каштоўнасьцях ён стаіць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У фінале конкурсу «Міс Беларусь 2023» паказалі танец з кувалдамі

Лукашэнка прыходзіць на конкурс як на кірмаш, дзе можна выбраць самы сьвежы і прыгожы кавалак мяса ці раўнейшую бульбу. Чакаць у такіх абставінах, што ў краіне ў цэлым будзе паважлівае стаўленьне да жанчын, было б наіўна. Бо калі Лукашэнка прыглядаецца да «тавару» і не саромеецца рабіць гэта публічна, дык ні пра якую роўнасьць і павагу гаворкі ісьці ня можа.

Але цікава ня толькі тое, што ў Лукашэнкі ёсьць эскорт-служба, у якую фактычна вэрбуюць маладых дзяўчат мадэльнай зьнешнасьці. Гэта, па-першае, не навіна, а па-другое, наіўна было б думаць, што яго стаўленьне да жанчын можна неяк палепшыцца.

Куды цікавей, ці сыдзе гэтае сярэднявечча разам з Лукашэнкам. Нам вельмі патрэбная новая, дэмакратычная Беларусь, у якой ва ўсіх будуць адэкватныя магчымасьці для самаразьвіцьця і дзе нікому ня трэба будзе рабіць выбар — ісьці ў эскорт да мужчыны на высокай пасадзе ці рызыкаваць кар’ерай. Але для гэтага мала проста замяніць Лукашэнку на іншага чалавека. Для гэтага трэба, каб новы чалавек меў адпаведныя каштоўнасьці і глядзеў на жанчын як на паўнавартасных людзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Конкурс прыгажосьці Меншчыны перанесьлі, бо красуні не прыйшлі на кастынг

Такім чынам, пакуль Лукашэнка ва ўладзе, конкурсы прыгажосьці і зьвязаны зь імі эскорт дакладна нікуды ня зьнікнуць, але і пасьля яго сыходу няма гарантый, што будзе лепей. Зрэшты, гэта і ёсьць наша задача — зрабіць так, каб стала лепей. І каб дзяўчаты, плянуючы будучыню, ня мелі прычынаў азірацца на сэксуальныя перавагі статусных мужчын.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.