Паведамляецца таксама, што рашэньне ўзгоднена генэральным пракурорам. Сьледчы камітэт паведаміў, што Аляксандру Азараву, Уладзімеру Жыгару, Мацьвею Купрэйчыку, Ігару Лобану і Андрэю Астаповічу „неабходна зьявіцца“ ў СК.
У адмысловым тэлеграм-канале сілавікоў пералічваюцца артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх вылучана абвінавачваньне. Усе абвінавачваюцца ў «распальваньні сацыяльнай варожасьці», «змове з мэтай захопу або ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» і «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня».
Найбольшая колькасьць артыкулаў прад’яўленая Аляксандру Азараву, па адным зь іх можа пагражаць сьмяротнае пакараньне.
«Ніякіх злачынстваў я не зьдзяйсьняў і віны не прызнаю, — заявіў „Зеркалу“ Аляксандар Азараў. — Я даваў прысягу беларускаму народу і працягваю яму служыць далей. Лукашэнка і органы ўлады, якія ён стварыў, не зьяўляюцца легітымнымі, яны падпадаюць пад артыкул 357 Крымінальнага кодэксу Беларусі — „Незаконны захоп улады“».
Прадстаўнік BELPOL Уладзімер Жыгар на допыт у Менск таксама не зьбіраецца. Паводле яго, на працы BELPOL гэтая падзея ніяк не адаб'ецца:
«У Беларусі не існуе правасудзьдзя, і любыя дзеяньні людзей, якія незаконна ўтрымліваюць уладу, мы праігнаруем. Яны могуць маляваць і пісаць усё, што ім заўгодна».
- Працэс „спэцыяльнага вядзеньня“» адмыслова ўведзены да тых палітычных апанэнтаў рэжыму, хто знаходзіцца за мяжой, і прадугледжвае завочны суд. Менавіта гэткім чынам былі, сярод іншых, асуджаныя Сьвятлана Ціханоўская (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму), Павал Латушка (18 гадоў узмоцненага рэжыму), Сьцяпан Пуціла (29 гадоў узмоцненага рэжыму), Ян Рудзік (19 гадоў узмоцненага рэжыму). Сярод асуджаных завочна таксама алімпійская мэдалістка Аляксандра Герасіменя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азараў расказаў дэталі падрыхтоўкі пляну «Перамога» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК завяршыў сьледзтва ў «завочных справах» Цапкалы і Астапенкі з рэкорднай хуткасьцю