Аляксандар Азараў, каардынатар пляну «Перамога» і падпольнага руху пры Аб’яднаным пераходным кабінэце, расказаў пра этапы падрыхтоўкі пляну, колькасьць яго ўдзельнікаў і гарантыі бясьпекі іхных асабістых зьвестак:
«Мы шкадуем аб тым, што раскол, які здарыўся ўнутры ByPol, даставіў радасьць нашым ворагам. Але крызіс у нашай арганізацыі два месяцы таму і зьмены ў яе складзе не паўплывалі на бясьпеку ўдзельнікаў пляну. Асабістыя дадзеныя надзейна абароненыя, выцек інфармацыі немагчымы.
Наша справа — рэалізацыя пляну для зьвяржэньня дыктатуры ў Рэспубліцы Беларусь і вызваленьня нашай краіны ад фактычнага паглынаньня Расейскай Федэрацыяй», — заявіў Азараў.
Ён таксама падсумаваў асноўныя вынікі сваёй дзейнасьці ў рэалізацыі пляну:
- зарэгістравана 200 тысяч заявак у чат-боце пляну «Перамога»;
- апрацавана больш за палову заявак удзельнікаў, якія прайшлі рэгістрацыю;
- праведзена падрыхтоўчая праца з 10 тысячамі зь іх;
- былі прызначаныя кіраўнікі атрадаў і вызначаныя раёны канцэнтрацыі сіл;
- арганізавана надзейная сувязь і каардынацыя;
- арганізавана ўзаемадзеяньне і абмен інфармацыяй аб сытуацыі ў Беларусі з дэмакратычнымі дзяржавамі-партнэрамі;
- рэалізаваны шэраг спэцыяльных апэрацый у Беларусі, у тым ліку апэрацыя пашкоджаньня расейскага самалёта А-50.
Удзел у пляне «Перамога» заўсёды быў і застаецца добраахвотным, падкрэсьліў Азараў. Далучыцца да яго можна толькі праз арыгінальны чат-бот. Тыя, хто вырашыў выйсьці з пляну і адпісацца ад чат-боту, могуць зрабіць гэта паводле інструкцыі ад «Кібэрпартызанаў».
«Плян „Перамога“ — шлях да зьвяржэньня дыктатуры. Свабоду Беларусі ніхто не падорыць. Мы павінны дамагчыся яе самастойна», — падкрэсьліў Аляксандар Азарааў.