У 2021 годзе Генэральная пракуратура распачала крымінальную справу аб «генацыдзе беларускага народу». Яе расьсьледаваньнем заняліся пракурорскія работнікі па ўсёй краіне. На прыкладзе аднаго зь іх расказваем, як зьмены ў дзяржаўнай ідэалёгіі могуць паспрыяць кар’ернаму росту.
«Масавых рэпрэсій у нашым рэгіёне не было»
4 верасьня стала вядома, што новым пракурорам Гомельскага раёну стаў Аляксандар Шынкароў. Да гэтага ён працаваў намесьнікам пракурора і з 2021 году быў адказны за расьсьледаваньне справаў, зьвязаных з генацыдам беларускага народу. Шынкароў часта выступаў у СМІ, на прадпрыемствах, у арганізацыях, дзе праходзілі «дыялёгавыя пляцоўкі». Расказваў жахі пра пэрыяд гітлераўскай акупацыі.
Пошукавы сэрвіс google на запыт па-расейску «Аляксандр Шинкарев геноцид» выдае больш за 1900 вынікаў. Словы пракурорскага супрацоўніка актыўна цытуюць як лякальныя, так і рэспубліканскія выданьні. У сваіх шматлікіх выступах Шынкароў адмаўляе масавасьць сталінскіх рэпрэсій.
«Канечне, у той пэрыяд (30-я гады. — РС) сьмяротныя прысуды выносіліся. Аднак, мяркуючы па архівах КДБ, масавасьці ў нашым рэгіёне не было. Машынамі людзей у лес не вазілі. Захаваліся б сьведчаньні сваякоў, расказы відавочцаў», — казаў намесьнік пракурора раёну ў камэнтары для дзяржаўнай прэсы.
Пры гэтым з 1995 году гомельскім гісторыкам і краязнаўцам вядома пра некалькі месцаў пахаваньня ахвяр сталінскіх рэпрэсій пад Гомлем. Гэтаму прысьвечаныя навуковыя публікацыі, артыкулы, расьсьледаваньні журналістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З прысыпаных ямаў тырчалі людзкія рукі». Як месца пахаваньня ахвяр сталінскіх рэпрэсій стала месцам «генацыду беларускага народу»Вядома, што ў Гомельскай вобласьці ў 30–40-я гады былі рэпрэсаваныя тысячы чалавек. Зьвесткі пра іх захоўвае ў тым ліку кніга «Памяць», якая ёсьць у кожным раёне вобласьці.
Журналісты і актывісты Гомля ў 2007 годзе апыталі жыхароў навакольных вёсак. Тыя паказалі месца ў лесе пад горадам, каля чарнігаўскай шашы, дзе стралялі і закопвалі ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Па выніках апытаньняў быў зьняты фільм «Лес сьмерці». Цяпер зь невядомых прычын ён заблякаваны на розных плятформах, у тым ліку на Youtube.
Сярод іншага, жыхары вёскі Кантакузаўка расказвалі журналістам, што ў 1937 годзе толькі ў гэтай вёсцы былі арыштаваныя 20 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Некаторыя сваякі рэпрэсаваных нават сёньня баяцца размаўляць». У Гомлі прэзэнтавалі фільм пра сталінскія рэпрэсііУ 2021 годзе Аляксандар Шынкароў удзельнічаў у новых раскопках, пасьля якіх пачаў сьцьвярджаць у мясцовай прэсе, што там пахаваныя ахвяры гітлераўцаў. Нейкіх пераканаўчых доказаў ён не прадставіў.
«Зьнішчыў» 83% насельніцтва Гомля ў гады вайны
Шынкароў — часты госьць у студыі гомельскага дзяржаўнага тэлебачаньня. Яго публічныя выступы за 2021–2023 гады прысьвечаныя «генацыду беларускага народу». У 2022 годзе ён, выступаючы па гомельскім тэлебачаньні, заявіў, што ў гады вайны ў Гомлі былі зьнішчаныя 83% насельніцтва.
«Да пачатку вайны (Другой сусьветнай. — РС) насельніцтва Гомля складала больш за 120 тысяч чалавек. На момант вызваленьня Чырвонай Арміяй — наўрад ці 20 тысяч. Каля ста тысяч было зьнішчана», — заявіў пракурор.
Такіх лічбаў не пацьвярджае ніводзін гістарычны дакумэнт.
Падаў у суд на старонку Сьвятланы Ціханоўскай у Instagram
1 чэрвеня 2023 году старонку Сьвятланы Ціханоўскай у Instagram прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Такое рашэньне вынес суд Гомельскага раёну. Заяву на старонку напісаў тады яшчэ намесьнік пракурора раёну Шынкароў.
«Суд прыняў рашэньне задаволіць патрабаваньні пракуратуры. У часе праверкі супрацоўнікі пракуратуры выявілі, што на старонку падпісаныя 153 чалавекі, там 1,5 тысячы публікацый. На старонцы публікуюцца заклікі да арганізацыі незаконных сходаў, мітынгаў, шэсьцяў, дэманстрацый і іншая экстрэмісцкая дзейнасьць», — пісала газэта Гомельскага раёну «Маяк».
Да падзей жніўня 2020-га кар’ера Аляксандра Шынкарова ішла вельмі павольна. Да 2012 году ён служыў старшым памочнікам пракурора Гомельскай вобласьці. У прэсе выступаў, расказваючы пра крадзяжы з аўтамабіляў і іншыя злачынствы.
Затым пайшоў на паніжэньне, працягваў службу як просты памочнік пракурора.
«Аляксандар Шынкароў зрабіў значную працу ў час расьсьледаваньня крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народу. Пад яго кіраўніцтвам працягваюцца пошукавыя працы ў месцах масавага пахаваньня ў чонкаўскім лесе, арганізавана наведваньне гэтых месцаў працоўнымі калектывамі, студэнтамі і школьнікамі», — пісала Генэральная пракуратура.
У выніку Шынкарова ўшанавалі званьнем «Чалавек году» ў Гомельскай вобласьці па выніках працы за 2022 год. Цяпер ён займае пасаду пракурора раёну.
Хто яшчэ ў Беларусі зрабіў кар’еру на хвалі пратэстаў і «генацыду беларускага народу»
Пракурор Шынкароў — не адзіны прыклад кар’ернага росту ў Беларусі на хвалі пратэстаў і расьсьледаваньняў генацыду беларускага народу падчас Другой сусьветнай вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На беларускай дзяржтэлевізіі паказваюць адных і тых жа людзей у розных сюжэтах і роляхДа 2020 году амаль ніхто ня ведаў пра існаваньне «жонкі афіцэра» Юліі Арцюх. Яна зьявілася на публіцы ў 2020 годзе, на сходзе ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля Юлію пачалі запрашаць у якасьці «экспэрта» дзяржаўныя СМІ. Там яна прэзэнтавала сябе як кіраўніца дабрачыннай арганізацыі, шматдзетная маці, якая асуджае пратэсты, удзельніца аўтапрабегаў у падтрымку Лукашэнкі, актывістка і «жонка афіцэра». Пасьля выступаў у СМІ яна прыйшла працаваць вядоўцай на тэлеканал СТВ.
Міліцыянт з Гомля, былы кіраўнік прэсавай службы УУС Гомельскага аблвыканкаму Віталь Прыстромаў на пратэсты хадзіў у цывільным адзеньні, заўсёды быў у гушчы падзей і актыўна здымаў удзельнікаў маршаў на фота і відэа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ціхар», «Чалавек году», прыхільнік «русского мира». Што вядома пра міліцыянта, які стаў намесьнікам рэдактара «Гомельских ведомостей»У верасьні 2020 году, паводле інфармацыі Свабоды, менавіта Прыстромаў стварыў і напаўняў зьместам тэлеграм-канал, які распаўсюджваў інфармацыю пра ўдзельнікаў пратэстаў. Там зьяўляліся здымкі людзей з подпісам «правакатар» і «кампраматам» у стылі дзяржаўнай прапаганды. Удзельнікаў пратэстаў там называлі спрэс «наркаманамі», «прастытуткамі» і «злачынцамі». У 2021 годзе ўлады Гомля прызналі Прыстромава «Чалавекам году». Цяпер Прыстромаў выйшаў на пэнсію і стаў намесьнікам галоўнага рэдактара «Гомельскіх ведамасьцяў».