46-гадовы Луіс Рубіялес абвясьціў, што падасьць у адстаўку. Ён заявіў пра гэта ў нядзелю ў інтэрвію брытанскаму тэлевядоўцу Пірсу Моргану. Прычынай стаў шквал крытыкі, які абрынуўся на Рубіялеса, калі ён пацалаваў футбалістку зборнай Гішпаніі, 33-гадовую Джэні Эрмаса, пасьля перамогі гішпанак у фінале жаночага чэмпіянату сьвету.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ФІФА часова адхіліла кіраўніка футбольнай фэдэрацыі Гішпаніі праз пацалунак бяз згодыЭпізод з пацалункам трапіў у трансьляцыю цырымоніі. У трансьляцыі з распранальні футбалістка заявіла, што тое, што здарылася, ёй не спадабалася. Рубіялес пажартаваў, што ажэніцца зь ёю.
Яго дзеяньні адразу ж асудзілі многія спартоўцы, спартовыя функцыянэры і спартовыя прафсаюзы. Празь некалькі дзён гішпанская жаночая футбольная ліга выпусьціла заяву, што Рубіялес «азмрочыў ганебным жэстам адзін з найвялікшых подзьвігаў у гісторыі гішпанскага спорту».
Арганізацыя назвала тое, што здарылася, беспрэцэдэнтнай міжнароднай ганьбай.
«Калі сьвет павінен быў зьвярнуць увагу на нашых футбалістак, прэзыдэнт прымусіў увагу ўсяго сьвету засяродзіцца на сваёй маскуліннасьці», — гаварылася ў заяве.
Міжнародная фэдэрацыя ФІФА адхіліла Рубіялеса ад пасады на 90 дзён. Ягонай адстаўкі запатрабавалі многія гішпанскія палітыкі і публічныя асобы. Ён сьцьвярджаў, што Эрмаса была згодная на пацалунак, а сам ён стаў ахвярай «ілжэфэмінізму». Эрмаса згоду адмаўляе і зьвярнулася ў паліцыю.
Спартоваму функцыянэру пагражае судовы перасьлед. Гішпанская пракуратура вядзе папярэдняе расьсьледаваньне, каб вызначыць, ці быў інцыдэнт сэксуалізаваным злачынствам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жаночая зборная Гішпаніі адмовілася выступаць да адстаўкі прэзыдэнта гішпанскай фэдэрацыі футбола — ён пацалаваў адну з футбалістак ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зборная Гішпаніі выйграла чэмпіянат сьвету ў футболе сярод жанчын