У жылым раёне велазаводу ўлады плянуюць зьнесьці 1–3-павярховыя пасьляваенныя жылыя дамы. Некаторыя зь іх жадаюць зрабіць адміністрацыйнымі будынкамі, адзначае выданьне Realt.by.
Жылы раён велазаводу — трохкутнік у межах Партызанскага праспэкту, Антонаўскага парку і чыгункі аршанскага напрамку. Гістарычная назва раёну — адна з самых арыгінальных у Менску: Тры Карчмы. Яна тлумачыцца тым, што яшчэ ў 1-й палове ХХ стагодзьдзя ля выезду са сталіцы на Магілёў стаялі, як лёгка здагадацца, тры карчмы.
Пасьля другой сусьветнай вайны ў Менску пабудавалі адразу тры буйныя заводзкія мястэчкі: аўтазаводу, трактарнага заводу і велазаводу. Паводле канцэпцыі «гораду ў горадзе» савецкія горадабудаўнікі праектавалі мястэчкі разам з усёй неабходнай інфраструктурай — ад дзіцячых садкоў, школ і паліклінік да дамоў культуры, клюбаў і стадыёнаў. Узводзілі таксама крамы, не забываліся і пра паркі са сквэрамі.
Год таму «Мінскграда» прэзэнтавала плян рэканструкцыі Пралетаркі. Праект прадугледжваў знос каля 50 жылых 1-, 2-, 3-павярховых дамоў. 4-павярхоўкам плянавалі надбудаваць мансарды, частку будынкаў — перабудаваць пад адміністрацыйныя. На месцы вынесеных вытворчасьцяў запраектавалі новае жыльлё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Хто разбурыў Стары горад у вайну: немцы ці саветыПраект дэталёвай пляніроўкі (ПДП) раёну велазаводу зацьверджаны і праходзіць экалягічную экспэртызу, паведаміў намесьнік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёну Сяргей Павачка. Па словах чыноўніка, калі дом прызнаюць аварыйным, жыхарам дадуць новыя кватэры. Да прыкладу, дом № 10 па вуліцы Велазаводзкай аварыйным ня лічыцца, але па санітарных нормах жыць там нельга, таму яго плянуюць зьнесьці.
Зьнесьці таксама зьбіраюцца дамы №№ 11, 13, 15 па вуліцы Нахімава і дамы №№ 1, 5 па вуліцы Велазаводзкай. У залежнасьці ад гатоўнасьці праектна-каштарыснай дакумэнтацыі работы могуць пачаць у наступным годзе.
Па цотных баках вуліц Рыбалка і Нахімава запраектавана будаўніцтва адміністрацыйных будынкаў, а ў дамах па няцотных баках вуліц плянуюць правесьці капітальны рамонт.
У межах вуліц Рыбалкі і Станіслаўскага рыхтуюцца зьнесьці вытворчасьці. ААТ «БелАТЭП» намеціла будоўлю мікрараёну з бульварам у цэнтры. Праект абяцаюць прэзэнтаваць да канца году. Ліцейны цэх ААТ «Будмаш» павінны вынесьці з раёну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску вызначыліся з назвамі вуліц у новым комплексе «Паўночны бераг», які будуе прыватная кампанія з ААЭРазам з будаўніцтвам новых жылых дамоў праекціроўшчыкі разьлічваюць разьмясьціць у будынках убудаваныя памяшканьні, крамы, падземныя паркінгі. У цэлым тэрыторыю раёну плянуюць перабудаваць на 50%, растлумачыў намесьнік кіраўніка адміністрацыі раёну.
У будучыні таксама могуць зьнесьці чатыры дамы па вуліцы Судмаліса. Калі знойдуць інвэстара, дадаў Сяргей Павачка. Пасьля будаўніцтва жыльля ў раёне разьлічваюць узьвесьці гандлёва-адміністрацыйны цэнтар з паркінгам у раёне вуліц Стралковай і Серафімовіча.
Гэты аб'ект можа стаць люстраным адбіткам гандлёвага цэнтру «Ленінград», што належыць вядомаму ў мінулым тэнісісту Максіму Мірнаму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гуляў у хакей з Лукашэнкам, а цяпер трапіў у няласку. Гісторыя жыцьця бізнэсоўца Паўла Белага