Начальнік дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі Валер Равенка заявіў, што Беларусь хоча аднавіць сяброўскія дачыненьні з Украінай і Польшчай і дагэтуль «дзеля будучыні» падтрымлівае кантакты з NATO.
«На жаль, афіцыйнага ўзаемадзеяньня няма. Недзе зь лістапада 2021 году NATO у аднабаковым парадку спыніла дачыненьні з Рэспублікай Беларусь. Але дэ-факта ў нас падтрымліваюцца мінімальнага ўзроўню кантакты, каб мінімізаваць нейкія пэўныя нэгатыўныя зьявы, каб захаваць нейкія каналы для размовы, каб захаваць тую пазыцыю, зь якой мы можам узаемадзейнічаць у будучыні, калі ў нас нешта стабілізуецца, наладзяцца нейкія палітычныя працэсы, для таго, каб узаемадзейнічаць у далейшым», — сказаў Валер Равенка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына пачне перамяшчаць сваю вайсковую брыгаду ў Літву са студзеня 2024 годуПра Ўкраіну
Прадстаўнік Мінабароны Беларусі заявіў, што Ўкраіна паступова ператваралася з прыязнай да Беларусі дзяржавы на нэўтральную і ўрэшце стала «недружалюбнай». Чарговы раз Валер Равенка абвінаваціў Украіну ў «неадэкватных паводзінах» украінскіх падразьдзелаў, якія ахоўваюць дзяржаўную мяжу з боку Ўкраіны і чыняць рознага кшталту правакацыі.
«Мы стараемся стрымана дзейнічаць у дачыненьні да парушэньняў бесьпілётнымі апаратамі паветранай прасторы. Мы разумеем стратэгію. Стратэгія — гэта нам неабходныя нармальнае ўзаемаразуменьне і сяброўскія дачыненьні з Украінай», — падкрэсьліў Валер Равенка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наступны ўкраінскі амбасадар будзе ўручаць даверчыя граматы ўжо новаму прэзыдэнту Беларусі, — палітоляг МагдаПра Польшчу
Віталь Равенка заявіў, што Беларусь не плянуе нарошчваць колькасьць свайго войска, але будзе якасна яго ўзбройваць. Пры гэтым ён выказаў шкадаваньне, што Польшча не прымае запрашэньняў Беларусі на назіраньне за вайсковымі вучэньнямі на беларускай тэрыторыі і аб аднаўленьні дыялёгу, а павялічвае сваю армію, пастаўляе ёй наступальнае ўзбраеньне і не інфармуе аб гэтым суседнюю Беларусь.
«Будзем чакаць выбараў, будзем чакаць 15 кастрычніка. Спадзяёмся, вельмі спадзяёмся, што нешта зьменіцца», — заявіў прадстаўнік Мінабароны Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзіўныя гульні. Што адбываецца вакол Дамовы аб звычайных узброеных сілах у ЭўропеПра вайсковых партнэраў Беларусі
Прадстаўнік Мінабароны Беларусі заявіў, што краіна мае дастаткова стратэгічных вайсковых партнэраў. Сярод іх ён назваў Расею, Кітай, Індыю, Іран, Кубу, а таксама краіны Афрыкі.
«На наступным тыдні мы чакаем азнаямленчага візыту прадстаўнікоў краін Афрыкі. 14 краін наведаюць Рэспубліку Беларусь», — паведаміў ён.
Валер Равенка дадаў, што неўзабаве міністар абароны Беларусі наведае зь візытам Кітай для рэалізацыі дамоўленасьцяў, дасягнутых у часе візыту ў Менск ягонага кітайскага калегі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Кітая прасоўваў «плян глябальнай бясьпекі» Пэкіна падчас паездкі ў Расею і Беларусь. Што гэта такоеСанкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.