Генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед заявіў аб завяршэньні расьсьледаваньня справы датычна Ўладзіміра Катрука, якога абвінавачваюць у генацыдзе беларускага народу.
«Мы плянуем накіраваць першы матэрыял у дачыненьні да Катрука, ката, які служыў ва ўкраінскім нацыяналістычным карным батальёне. Працу практычна завяршылі. Цяпер мы ўдакладняем юрыдычныя працэдуры, у тым ліку шукаем яго сваякоў, каб іх паінфармаваць аб пачатку працэсу», — паведаміў Андрэй Швед у часе наведваньня ўрочышча ва Ўруччы, дзе з кастрычніка 2021 году праводзяць раскопкі масавага пахаваньня часоў Другой усясьветнай вайны.
Паводле яго, да канца 2023 году ў суд перададуць справы яшчэ двух «катаў», а ў наступным — ня менш за 15–20 матэрыялаў, «каб у парадку, вызначаным законам, давесьці і вызначыць віну катаў, якія зьнішчалі тут мірных людзей і ваеннапалонных».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чыстая каньюнктуршчына і імкненьне нацягнуць саву на глёбус». Як дзяржава стварае міт пра генацыд беларускага народуШто вядома пра Ўладзіміра Катрука
У красавіку 2012 году газэта «Таронта стар» паведаміла, што ўладам Канады ўдалося знайсьці аднаго з самых шуканых нацысцкіх злачынцаў, якія хаваліся ад правасудзьдзя. 91-гадовы пчаляр Уладзімір Катрук (Vladimir Katriuk) займае чацьвёртае месца ў сьпісе Цэнтру Сымана Візэнталя — арганізацыі, якая займаецца пошукам нацысцкіх злачынцаў па ўсім сьвеце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Канадзе знайшлі падазраванага ў спаленьні ХатыніПаводле знойдзеных тады архіўных дакумэнтаў, Катрук быў датычны да забойства жыхароў вёскі Хатынь у сакавіку 1943 году. Салдаты сагналі жыхароў у хлеў і падпалілі яго. Дакумэнты адзначаюць: «Задача Катрука — расстрэльваць тых, хто спрабаваў выбегчы з хлява і ўратавацца ад полымя».
Ураджэнец Украіны Ўладзімір Катрук эміграваў у Канаду ў 1951 годзе. Яго і да 2012 году спрабавалі пазбавіць канадзкага грамадзянства праз падазрэньні ў сувязях з нацыстамі, але тады не хапіла доказаў.
Сам Катрук адмаўляў сваё дачыненьне да якіх-колечы злачынстваў, але ў той жа час адмаўляўся расказваць пра сваё мінулае. Катрук жыў у Ормстаўне ў правінцыі Квэбэк, дзе меў фэрму, на якой гадаваў пчолаў. Ён памёр ва ўзросьце 93 гадоў у траўні 2015 году.
Незадоўга да ягонай сьмерці Сьледчы камітэт Расеі заклікаў Канаду дэпартаваць яго ў Расею, каб ён паўстаў перад судом, але канадзкі ўрад праігнараваў гэты зварот. У выніку Сьледчы камітэт Расеі 14 кастрычніка 2016 году справу Катрука закрыў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў у двух чытаньнях прыняла закон аб крымінальным перасьледзе памерлых. Пракурор Швед патлумачыў, навошта гэтаРэакцыя Ўкраіны на перасьлед Катрука ў Расеі
У 2015 годзе Міністэрства замежных спраў Украіны падрыхтавала даведку аб унёску ўкраінцаў у перамогу ў Другой усясьветнай вайне.
Сярод іншага ў ёй адзначаецца, што справы ў савецкі час датычна ўкраінцаў, якія, як і Ўладзімір Катрук, служылі ў 118-м паліцэйскім батальёне, сфармаваным у Кіеве, былі прапагандысцкім інструмэнтам.
«Шэфам батальёну быў штурмбанфюрэр Эрых Кернэр, ягоным намесьнікам — Канстанцін Смоўскі. Начальнікам штабу быў Эміль Зас, а ягоным намесьнікам — Рыгор Васюра. Увосень 1942 году батальён перавялі ў Беларусь, дзе ён змагаўся супраць савецкага партызанскага руху да лета 1944 году. Летам 1944 году яго вывелі ва Ўсходнюю Прусію, дзе яго ўключылі ў склад 30-й грэнадэрскай дывізіі СС, пераведзенай у Францыю. Там батальён разам зь іншымі ўкраінскімі часткамі перайшоў на бок францускага антынацысцкага руху Супраціву», — паведамляецца ў матэрыяле МЗС Украіны.
Паводле ўкраінскіх дыпляматаў, у 1946 годзе ўкраінцы батальёну «шуцманшафт» атрымалі ад 10 да 15 гадоў зьняволеньня ў савецкіх лягерах. У 1970-я гады савецкая ўлада арганізавала паказальныя працэсы яшчэ над двума ўкраінцамі з гэтага батальёну — Аляксандрам Мялешкам і Рыгорам Васюрам, якіх прымусілі абвінаваціць сваіх пабрацімаў у злачынствах у Бабіным Яры (Кіеў. — РС) і ў спаленьні Хатыні. Але на судовым пасяджэньні Рыгор Васюра не прызнаў сваёй віны.
Пасьля развалу СССР, калі справу Мялешкі і Васюры рассакрэцілі, у Канадзе арыштавалі Ўладзіміра Катрука. «Пасьля доўгага працэсу на базе наяўных матэрыялаў суд абвясьціў аб поўнай невінаватасьці Катрука ў выстаўленых абвінавачаньнях», — адзначаецца ў матэрыялах МЗС Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка так шмат гаворыць пра генацыд. Тлумачаць гісторыкі