Больш за 20 гадоў супрацоўнік гомельскага аддзяленьня праваабарончага цэнтру «Вясна» Леанід Судаленка бароніць правы людзей. Пакуль ён знаходзіўся ў няволі (амаль год у Гомельскім СІЗА і яшчэ амаль паўтара ў калёніі «Віцьба-3») ён працягваў фіксаваць парушэньні правоў чалавека, зь якімі сутыкаўся за кратамі.
Судаленка кажа, што і ў вязьніцах заставаўся праваабаронцам, разьлічваў працягваць сваю барацьбу па выхадзе на волю. Сутыкнуўшыся пасьля вызваленьня са шчыльным кантролем і прэсінгам з боку сілавікоў, зразумеў, што працаваць у Беларусі не дадуць.
«Цяпер я ў Літве, але лічу, што гаварыць пра ўбачанае ў беларускіх вязьніцах трэба і адсюль. Зразумела, улады ня кінуцца адразу выпраўляць хібы. Іх, можа, наўмысна пакідаюць, каб жыцьцё там „не здавалася мёдам “. Але трэба пра гэта гаварыць зноў і зноў, і тады вынік будзе», — лічыць праваабаронца.
«Акенца, мабыць, фарбавалі яшчэ ў сталінскія часы»
«Зрок істотна пагоршыўся, праз гэтыя ўжо ня бачу», — кажа Леанід і адкладае ў бок акуляры, зь якімі вярнуўся з калёніі.
Паводле былога палітвязьня, самы моцны ўдар па зроку ён атрымаў у СІЗА, і гэта тыпова для большасьці беларускіх арыштантаў.
«У Гомельскім СІЗА давялося сядзець у дзьвюх камэрах, і паўсюль была аднолькавая праблема — маленькае акенца за тоўстымі кратамі, а звонку яшчэ і мэталічныя жалюзі, так званыя „расьнічкі“. Праз гэта дзённае сьвятло ў камэру амаль не даходзіла. Фактычна асьвятленьне заставалася толькі электрычным, што недапушчальна з пункту гледжаньня аховы здароўя. А ў першай маёй камэры яшчэ і лямпачка была слабая. У выніку, прабыўшы год у такіх умовах, страціў некалькі пунктаў зроку. Быў мінус 1, цяпер у лепшым выпадку мінус 3», — расказаў Леанід Судаленка.
Паводле праваабаронцы, яшчэ ў канцы мінулага стагодзьдзя Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абавязвалася зьняць з вокнаў вязьніц усе «расьнічкі» і рапартавала, што гэта нібыта зроблена. Але падманула.
«У калёніях — так, „расьнічак“ на вокнах няма. Там і краты засталіся толькі на вокнах ШЫЗА і ПКТ. Але ў сьледчых ізалятарах усё засталося, як было ў савецкія часы, калі ня стала горш. І краты, і „расьнічкі“. У нас вакно выглядала так, быццам яго апошні раз фарбавалі яшчэ ў сталінскія часы», — успамінае праваабаронца.
Адносна патрэбы ў «расьнічках» на вокнах камэры паміж арыштантамі хадзіла тая вэрсія, што гэтак адміністрацыя вязьніцы змагаецца зь перапіскай арыштантаў з розных камэр, якая ў турме завецца «ганяць коней». Гэта калі з камэры праз папяровую трубачку выдзімаюць у двор запіску, прымацаваную да ніткі, а з другой камэры тую запіску перахопліваюць адмысловым кручком на нітцы, які таксама выдзімаюць праз трубку, скачаную з газэтаў. Каб у вакне не было шчылін, празь якія можна прасунуць тую трубку, ахоўнікі і прыдумалі вешаць на вокны, акрамя кратаў, яшчэ і мэталічныя жалюзі-«расьнічкі».
«Але даўно мінуў час, калі арыштанты гэтым займаліся. Цяпер хутчэй праз каналізацыю перапісваюцца. А „расьнічкі“ на вокнах усё роўна засталіся. Прычым толькі ў Беларусі. З намі сядзелі грамадзяне Расеі, дык яны казалі, што нават там „ресниц“ на вокнах СІЗА ўжо няма», — згадвае Леанід Судаленка.
Паводле суразмоўцы, найбольш шкодная нястача дзённага сьвятла для палітычных вязьняў, бо тыя шмат чытаюць і пішуць лісты.
«Таму хто ж будзе здымаць тыя „расьнічкі“? Наадварот, знарок пакідаюць. Калі я паскардзіўся і папрасіўся ў іншую камэру, мне адказалі, што „VIP-камэры для мяне ня знойдзецца“», — кажа Судаленка.
Зь ліста жонкі: «Ты што, пачаў курыць?»
Леанід Судаленка дзеліцца назіраньнем: нават у калёніі па вонкавых прыкметах можна вызначыць асуджанага, які нядаўна прыбыў зь СІЗА. Па колеры твару альбо па кашлі.
«Пасьля году жыцьця ў каменным мяшку становіцца шэрым твар. А ад таго, што ў камэры большасьць вязьняў кураць цыгарэты, непазьбежна ўзьнікаюць дадатковыя праблемы са здароўем. Жонка потым, як атрымала мае рэчы зь СІЗА, зьдзівілася ў лісьце: „Хіба ты пачаў курыць?“. Ня дзіва: у нас, бывала, як адначасова дзевяцёра закураць, дык ня бачыш пальцаў на выцягнутай руцэ», — расказаў Леанід Судаленка.
Паводле закону, адміністрацыя ўстановы абавязана забясьпечыць такія ўмовы, пры якіх вязьням ня будзе шкоды здароўю. Але нават мінімальных высілкаў у адказ на скаргі не рабілася, сьцьвярджае праваабаронца.
«Маглі хаця б вэнтыляцыю трымаць у парадку. Але не, уражаньне, што яе ніхто ніколі ня чысьціў, бо дым у камэры, як накураць, доўга не праходзіў. Нават падчас прагулак забаранялася пакідаць адчыненымі дзьверы камэр, каб у іх ачысьцілася паветра. Дапамагала толькі тое, што ўдавалася дамовіцца з сукамэрнікамі на пэўныя правілы: не курыць за паўгадзіны да яды і да адбою», — успамінае Леанід Судаленка. Ён дакладна ведае, што, паводле турэмных правілаў, арыштанты маюць права на ўтрыманьне ў камэры, дзе ня кураць. «Але мне і тут было сказана, што такіх камэр у іх няма», — згадаў праваабаронца.
«Забаранялі гаварыць пра „Вагнэра“ і пра сьмерць Макея»
Паводле праваабаронцы Судаленкі, калі параўноўваць бытавыя ўмовы ў Гомельскім сьледчым ізалятары з умовамі ў калёніі «Віцьба-3», дык у ізалятары нашмат горш. Але што да парадкаў утрыманьня, дык таго, што супярэчыць правам чалавека, болей у калёніі, лічыць Леанід Судаленка.
«Узяць, напрыклад, права на ліставаньне, на зносіны з воляй, нібыта гарантаваныя Крымінальна-папраўчым кодэксам з моманту арышту да вызваленьня. У СІЗА я атрымліваў па 20 лістоў на дзень — ад сваякоў, сяброў, нават незнаёмых мне людзей. А ў калёнію даходзілі лісты толькі ад жонкі і цешчы. Меў размову пра гэта з цэнзарам*, але нічога не зьмянілася. Зразумеў, што гэта ў іх такі загад — абмежаваць нашыя, палітычных вязьняў, кантакты. Нават у тэлефонных размовах з сваякамі былі абмежаваньні», — зазначае Леанід Судаленка.
Паводле яго, у калёніі міліцыянты адкрыта праслухоўвалі ўсе тэлефонныя размовы асуджаных і нават давялі пэўны сьпіс тэмаў, якія было забаронена абмяркоўваць.
«Нічога нельга было гаварыць пра палітыку, ня дай Бог сказаць імя Лукашэнкі. Нічога пра вайну ва Ўкраіне, у тым ліку пра групоўку „Вагнэр“. Ды што там, нават адмыслова абгаварылі, каб нічога не гаварылі пра загадкавую сьмерць Макея», — пералічыў забароны цэнзуры ў «Віцьбе-3» нядаўні вязень Судаленка.
Паводле суразмоўцы, кантроль за перамовамі асуджаных адбываўся праз адмысловы камутатар.
«На тэлефонным пункце сядзеў опэр, які мог падключыцца да любой размовы і паслухаць, каго трэба. Памятаю два выпадкі, калі пасьля такога праслухоўваньня парушальнік адправіўся ў ШЫЗА».
У ШЫЗА бязь лекаў
Зонай суцэльнага ігнараваньня правоў чалавека называе былы палітвязень Леанід Судаленка ШЫЗА (штрафны ізалятар).
Праваабаронцу давялося пабыць там у самым канцы тэрміну. Леанід мяркуе, што адміністрацыя прыдумала фармальную прычыну для зьмяшчэньня яго ў ШЫЗА з адной мэтай — каб у апошнія дні знаходжаньня ў калёніі ня даць нармальна разьвітацца зь сябрамі. Умовы ў ШЫЗА, паводле Судаленкі, створаныя так, каб максымальна нашкодзіць здароўю вязьняў.
«Палову тэрміну ў ШЫЗА я не атрымліваў патрэбных лекаў, а ў мяне цукровы дыябэт. Мяне ўвогуле зьмясьцілі туды без мэдычнага агляду, што таксама значнае парушэньне правілаў. Але самае істотнае, што там заўсёды холадна. Заўважце: была сярэдзіна лета, але і ў такую пару ў ШЫЗА ноччу тэмпэратура зьніжаецца да 10 градусаў. А што казаць пра восень, зіму? Пры гэтым матраца ці хаця б коўдры не даюць, адзежа таксама мінімальная — штаны і куртка без каўняра. Плюс мяне зьмясьцілі аднаго ў камэру. Гэта яшчэ адно выпрабаваньне — да холаду дадалася адзінота. На другі дзень у ШЫЗА я адмовіўся прымаць ежу і напісаў скаргу на ўмовы ўтрыманьня. Спасылаўся на Крымінальна-папраўчы кодэкс, паводле якога недапушчальныя ўмовы, якія прыніжаюць гонар і годнасьць асуджанага. Бо мяне фактычна трымалі як цуцыка, але і ў цуцыка ёсьць падсьцілка, а ў мяне і гэтага не было!» — абураецца ўмовамі ў штрафным ізалятары Леанід Судаленка.
Скарга праваабаронцы мела як станоўчы, так і нэгатыўны вынікі. Яму ўсё ж пачалі даваць лекі ад дыябэту, але пры гэтым склалі пратакол за ляжаньне на падлозе і абвясьцілі вымову.
«Калі б не выходзіў на волю, далі б яшчэ адно ШЫЗА», — перакананы былы палітвязень.
Леаніда Судаленку арыштавалі ў студзені 2021 году. Праз 11 месяцаў асудзілі на 3 гады зьняволеньня паводле 1-й і 2-й частак 342-га артыкулу. Ня толькі за «падрыхтоўку і ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак», але і за «іх арганізацыю і фінансаваньне». Той прысуд на закрытым паседжаньні вынес тагачасны судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Гомля Сяргей Салоўскі. Як толькі Судаленка трапіў у «Віцьбу-3», ён напісаў у пракуратуру заяву з патрабаваньнем прыцягнуць судзьдзю да адказнасьці за вынясеньне неправамоцнага выраку. Але заява закончылася пагрозамі ў адрас праваабаронцы.
«Мяне выклікаў опэр і папярэдзіў, што калі яшчэ напішу падобную заяву, дык завядуць супраць мяне новую справу, ужо за паклёп на судзьдзю. Маўляў, прысуд набыў моц — значыць, гэта ты злачынец, а ня ён», — успамінае суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры гады пасьля выбараў 2020 году: мінімум 3645 чалавек асудзілі ў крымінальных справах з палітычных матываў. Статыстыка праваабаронцаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Легендарны праваабаронца Леанід Судаленка расказвае, як выйшаў «з турмы ў турму»