У Армэніі ў межах падрыхтоўкі да ўдзелу ў міжнародных міратворчых місіях 11–20 верасьня адбудуцца супольныя армяна-амэрыканскія вучэньні «Eagle partner 2023».
Як паведаміла армянская служба Радыё Свабода са спасылкай на Міністэрства абароны Армэніі, вучэньні будуць праходзіць на базе навучальнага цэнтру «Зар» міратворчай брыгады і цэнтра N МО.
«Вучэньні прадугледжваюць апэрацыі ў стабілізацыі дачыненьняў між бакамі канфлікту пры выкананьні міратворчых задач. Мэты вучэньняў — павелічэньне ўзроўню зладжваньня падразьдзелаў, якія бяруць удзел у міратворчых місіях, абмен перадавым досьведам у галіне кіраваньня і тактычнай камунікацыі, а таксама павелічэньне гатоўнасьці армянскага падразьдзелу да плянавых ацэнак „Канцэпцыі апэратыўнага патэнцыялу“ праграмы NATO „Партнэрства дзеля міру“», — адзначаецца ў паведамленьні Мінабароны Армэніі.
У Крамлі інфармацыя аб правядзеньні гэтых вучэньняў выклікала «насьцярожанасьць». Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна паведаміў, што ў Маскве будуць «глыбока аналізаваць сытуацыю».
Армэнія разам зь Беларусьсю, Казахстанам, Кіргізстанам, Расеяй і Таджыкістанам уваходзіць у Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, але не бярэ ўдзелу ў вучэньнях «Баявое братэрства», якія завяршаюцца ў Беларусі 6 верасьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачаліся вучэньні АДКБ. Што пра іх вядомаСёлета ў траўні прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заявіў, што пытаньне магчымага выхаду Армэніі з АДКБ па-ранейшаму застаецца на парадку дня краіны.
«Чаму паднялі гэтае пытаньне? Таму што наша разуменьне такое, што АДКБ пакінула або пакідае Рэспубліку Армэнію. Іншымі словамі, калі Рэспубліка Армэнія ўхваліць дэ-юрэ рашэньне аб выхадзе з АДКБ, то гэта адбудзецца ў выніку рэгістрацыі Рэспублікай Армэніяй выхаду АДКБ з Армэніі», — сказаў прэм’ер Армэніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія заявіла аб гатоўнасьці прызнаць Нагорны Карабах тэрыторыяй Азэрбайджану і выйсьці з АДКБПерад гэтым у студзені 2023 году Нікол Пашыньян паведаміў, што краіна адмовілася ад правядзеньня на сваёй тэрыторыі вучэньняў міратворчых войскаў Арганізацыі Дагавору аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) «Нязломнае братэрства – 2023».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цяпер немэтазгодна. Армэнія адмовілася ад правядзеньня вучэньняў АДКБ на сваёй тэрыторыіУ інтэрвію выданьню La Repubblica, якое паказала армянская тэлевізія 3 верасьня, прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян раскрытыкаваў расейскі міратворчы кантынгент у Нагорным Карабаху, заявіўшы, што той не выконвае сваёй задачы. Ён таксама назваў «стратэгічнай памылкай» залежнасьць Армэніі ў сфэры бясьпекі толькі ад адной краіны, а менавіта Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пашыньян: залежнасьць Армэніі ад Расеі ў сфэры бясьпекі «была стратэгічнай памылкай»У Крамлі раскрытыкавалі гэтую заяву і падкрэсьлілі, што «Расея працягвае выконваць пасьлядоўную і вельмі важную ролю ў стабілізацыі сытуацыі ў гэтым рэгіёне і ўрэгуляваньні канфліктаў і будзе працягваць выконваць гэтую ролю».