Паводле намесьніцы начальніка галоўнага ўпраўленьня гандлю і паслуг Менгарвыканкаму Ірыны Маслаковай, сабраць дзіця ў школу сёлета будзе каштаваць ад 370 да 1150 рублёў. То бок ад 105 да 328 эўра. Гаворка пра вучняў малодшай школы.
Мы паглядзелі, ці сапраўды гэта так.
Беларусь
У Беларусі сёлета многія бацькі адзначаюць, што падрыхтоўка да школы ў параўнаньні зь мінулым годам падаражэла. Жыхарка Менску, у якой дзіця навучаецца ў малодшых клясах, расьпісала прыкладныя траты на падрыхтоўку. Выйшла каля 700 рублёў, або звыш 240 эўра.
«Кошт школьнай формы — каля 200 рублёў. Гэта два камплекты, каб магчыма было апранаць яе на зьмену. Заплечнік будзе каштаваць каля 180 рублёў, зьменны абутак, які патрабуюць у многіх школах, — да 100 рублёў. Спартовая форма — да 150. Усе канцтавары разам з сшыткамі, дзёньнікамі, асадкамі, фарбамі, плястылінам і алоўкамі — каля 90 рублёў», — кажа суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 500 дзетак з 24 краінаў сьвету: Беларуская школа ў Варшаве пачынае другі навучальны годАлеся (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) жыве ў адным з абласных цэнтраў Беларусі. Сёлета яна ў школу адправіла дваіх дзяцей.
Жанчына кажа, што ў параўнаньні зь леташнімі зборамі «падаражэла ўсё абсалютна».
Тавары для школы Алеся набывала ў асноўным на школьным кірмашы. Адзеньне там было пераважна кітайскае і турэцкае. За нагавіцы для старэйшага сына яна аддала 60 рублёў, за кашулю для яго — 30 рублёў. Да кашулі былі патрабаваньні — каб была сіняга колеру. Яшчэ 100 рублёў «пацягнулі» красоўкі.
«Цікава, што для старшаклясьнікаў у нашай школе былі „рэкамэндацыі“ набываць камізэлькі толькі пэўнага прадпрыемства. Тое ж самае для малодшых клясаў. І тая камізэлька каштавала аж 100 рублёў», — заўважае Алеся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар адукацыі заявіў, што 40% школ у краіне — беларускамоўныя. Што стаіць за гэтай лічбайНа канцылярскія тавары (сшыткі, алоўкі, асадкі) на дваіх сыноў яна аддала каля 100 рублёў, столькі ж — на дапаможнікі на ангельскай мове, біялёгіі і іншых прадметах.
«У параўнаньні зь мінулым годам падаражэла ўсё. Тыя ж дапаможнікі летась каштавалі 5 рублёў, сёлета ўжо 10. Дэфіцыту ні ў чым я не заўважыла. Апроч дапаможнікаў, якія ў кнігарнях разабралі, і ці будзе новы прывоз — пакуль не вядома», — дадала беларуска.
Яшчэ яна мусіць здаць грошы «на патрэбы клясы» — гэта адна базавая велічыня (37 рублёў). Выходзіць, на адно дзіця траты склалі пад 400 рублёў, або звыш 100 эўра.
Літва
Беларуская сям’я, якая цяпер жыве ў Вільні, таксама расказала пра свае выдаткі на падрыхтоўку дзіцяці да школы. Канцылярскія вырабы абышліся ў 60–70 эўра — гэта поўны камплект. Найбольш пацягнула школьная форма.
«Тут ёсьць афіцыйная крама школьнай формы. Там проста кажаш, якая школа, і там усё пашытае менавіта для кожнай школы», — кажа суразмоўца.
Школьная форма абышлася ў 150 эўра на чалавека. Спартовая — ад 30 да 80 эўра. Абутак — ад 15 да 35 эўра. За адукацыйныя матэрыялы трэба заплаціць яшчэ 25 эўра. Агулам выходзіць 210–250 эўра. Амаль як у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У магілёўскай школе адкрылі клясу «Юны пракурор». ФатафактПольшча
Беларуска Наста адпраўляе сёлета ў школу дваіх сыноў. Яны ідуць у 4 і 6 клясу. Наста падлічыла, што на 4 верасьня патраціла на зборы дваіх дзяцей у школу каля 600 злотых. Значыць, на аднаго прыкладна 300 злотых (183 беларускія рублі). Але гэта не канчатковая сума.
«Канцылярыю цяжка падлічыць, бо хадзіла некалькі разоў за прадуктамі і там брала нейкія сшыткі. Недзе, можа, па 100 злотых на кожнага — гэта сшыткі, альбомы і каляровая папера, пэналы новыя. Тут няма абавязковых сьпісаў — што трэба, але асобныя настаўнікі могуць напісаць свае. Але тут мы купляем па меры магчымасьці, не адразу, каб у першы дзень вучобы ці тыдзень», — кажа беларуска.
Наста дадае, што пазьней будуць дадатковыя выдаткі на ўрокі маляваньня. «Бо там малююць акрылам, трэба яшчэ пэндзлі і палотны. З дадатковых падручнікаў, бо асноўныя даюць бясплатна, мы купляем на працягу году дапаможнікі з заданьнямі па ангельскай і нямецкай мовах. За два падручнікі па нямецкай мове дадаткова аддам, але пазьней, 71 злоты», — дадала Наста.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Больш за ўсё натхняе, калі дзеці задаволеныя». Расказваем пра беларускія школу і садок у ВаршавеПаколькі яна мае сталы дазвол на жыхарства, то атрымлівае ад польскай дзяржавы на падрыхтоўку да школы 300 злотых на дзіця (183 беларускія рублі).
Такім чынам, агульны кошт падрыхтоўкі будзе большы — у раёне 400–500 злотых на чалавека. То бок крыху больш за 100 эўра. У Польшчы шмат якія школы даюць падручнікі і канцылярскія тавары для сваіх навучэнцаў бясплатна.