МЗС запатрабавала ад Польшчы тлумачэньняў адносна вэрталёта, які нібыта заляцеў на беларускую тэрыторыю. Польскія вайскоўцы адпрэчваюць

Верталёт Мі-24. Ілюстрацыйнае фота

Прэс-служба Міністэрства замежных спраў Беларусі паведаміла пра выклік у ведамства часовага паверанага Польшчы Войцэха Філімановіча.

Як паведамляецца на сайце МЗС, нагодай стаў нібыта зафіксаваны факт парушэньня дзяржаўнай мяжы Беларусі верталётам польскіх Узброеных сілаў.

«Ад польскага боку запатрабаваны адпаведныя тлумачэньні і правядзеньне ўважлівага расьсьледаваньня інцыдэнту, — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы МЗС. — Пра вынікі расьсьледаваньня і прычыны здарэньня, як гэта прынята ў міжнародных зносінах, павінен быць праінфармаваны беларускі бок у прымальныя тэрміны».

Віцэ-міністар замежных спраў Польшчы Павел Яблоньскі адрэагаваў на гэтую заяву. «Мы будзем аналізаваць сытуацыю, але з вельмі вялікай асьцярожнасьцю трэба падыходзіць да такога кшталту заяў з боку беларускіх службаў», — цытуе яго «Наша Ніва».

Апэратыўнае камандаваньне польскіх узброеных сіл адпрэчыла заяву пра парушэньне мяжы верталётам. Польскае выданьне Wprost працытавала словы падпалкоўніка Яцэка Гарышэўскага пра тое, што заявы беларускага боку — «правакацыя і хлусьлівыя абвінавачваньні».

Раней сёньня Дзяржаўны памежны камітэт паведаміў, што польскі вайсковы верталёт Мі-24 нібыта «на гранічна малой вышыні перасёк дзяржаўную мяжу, заляцеў на глыбіню 1200 мэтраў» на тэрыторыю Беларусі, а потым вярнуўся ў Польшчу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасада Польшчы дала МЗС Беларусі доказы парушэньня паветранай прасторы беларускімі верталётамі
  • Месяц таму, 1 жніўня 2023 г., жыхары памежнай вёскі Белавежа з польскага боку паведамілі ў сацыяльных сетках, што ў паветраную прастору Польшчы заляцелі два беларускія гелікоптэры Мі-8 і Мі-24. Міністэрства абароны Польшчы спачатку гэтага не пацьвярджала, але потым прызнала, што два беларускія верталёты парушылі дзяржаўную мяжу ў раёне Белавежы і ляцелі на вельмі малой вышыні, таму радары іх не пабачылі.
  • Міністэрства абароны Беларусі назвала абвінавачаньні ў парушэньні мяжы Польшчы верталётамі Мі-24 і Мі-8 беларускіх ВПС і войскаў СПА «надуманымі».
  • Амбасада Польшчы ў Менску паведаміла, што 4 жніўня падала Міністэрству замежных справаў Беларусі «падрабязную інфармацыю», якая пацьвярджае, што два беларускія вайсковыя гелікоптэры 1 жніўня парушылі паветраную прастору краіны. Беларускі бок гэтаму пярэчыць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча плянуе разьмясьціць ля мяжы зь Беларусьсю аэрастаты для выяўленьня аб'ектаў, якія нізка лётаюць