Сярод дакладчыкаў канфэрэнцыі — ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру Шырын Эбадзі, Рыгабэрта Мэнчу Тум, маладыя актывісты, а таксама прадстаўнікі трох ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году, у тым ліку жонка палітзьняволенага Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук.
Онлайн-трансьляцыя канфэрэнцыі даступная па спасылцы.
Натальля Пінчук заявіла на пачатку свайго выступу, што, на жаль, заходні сьвет цяпер рэдка заўважае Беларусь:
«Таму падкрэсьлю: Беларусь не Расея, і Лукашэнка не Беларусь. Але сапраўдная Беларусь — свабодная, адкрытая, якая робіць эўрапейскі выбар. Гэта тыя самыя „звычайныя людзі, якія зрабілі надзвычайныя рэчы“ ў 2020 годзе, зьдзівілі сьвет, калі мільёны беларусаў узялі ўдзел у мірных пратэстах супраць нахабна сфальсыфікаваных выбараў. І па-ранейшаму беларускае грамадзтва ненавідзіць дыктатуру, ніколі не пагадзілася на выкарыстаньне тэрыторыі краіны Расеяй для агрэсіі супраць нашых добрых суседзяў-украінцаў, супраціўляецца гэтаму як можа».
Натальля расказала пра свайго мужа, Алеся Бяляцкага: у 2021 годзе ён ведаў, што яго рана ці позна арыштуюць ізноў, аднак адчуваў сябе маральна абавязаным рабіць усё дзеля вызваленьня ўжо ўвязьненых калегаў-праваабаронцаў і паказваць прыклад іншым.
«Пасьля арышту ўбачыць яго мне дазволілі толькі праз год. Спатканьне было праз шкло. Алесь быў вельмі пазытыўны і аптымістычны, але разумеў, што яму пагражае. Ня ведаю, калі мы ўбачымся зноў. Але яго маральна не зламаюць, бо ён мае пачуцьцё місіі. Яно дапамагло Алесю вытрымаць 10 гадоў таму папярэдняе лукашэнкаўскае зьняволеньне і падтрымлівае ягоны дух цяпер, калі ён у турме перасягнуў 60-гадовы ўзрост. Бо Алесь Бяляцкі з самага юнацтва, з часоў камуністычнай дыктатуры, прысьвяціў жыцьцё барацьбе за фундамэнтальныя правы чалавека — права быць свабодным, права выбіраць уладу, права быць сабой».
Паводле Натальлі Пінчук, дыктатура Лукашэнкі, каб дагадзіць пуцінскай Расеі, працягвае адбіраць у беларусаў усе правы, у тым ліку права на ідэнтычнасьць:
«Закрытыя тысячы грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку ўсе, якія займаюцца адраджэньнем нацыянальнай культуры і мовы. Зьняволеныя пэдагогі, пісьменьнікі, журналісты, музыканты і мастакі. Так расчышчаецца прастора для выкарыстаньня Беларусі як пляцдарму для расейскага рэваншызму.
Беларускія праваабаронцы і іншыя адважныя людзі ў лукашэнкаўскіх вязьніцах узятыя ў палон. За жаданьне бачыць сваю краіну свабоднай ад дыктатуры і расейскага паняволеньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь спрабуюць зьнішчыць і растаптаць», — жонка Бяляцкага Натальля Пінчук адкрыла прамовай прэстыжны фэстываль у Нямеччыне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ААН адрэагавалі на прызнаньне «Вясны» «экстрэмісцкім фармаваньнем»Хто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
- Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
- У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
- Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
- У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
- У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
- З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
- У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
- У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
- 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
- У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
- 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
- За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
- Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
- Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
- 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
- Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
- 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
- 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
- З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
- Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.