Mak.by, што ўзьнік на месцы McDonald’s у Беларусі, рэгіструе новыя брэнды: Mak.Drive, Mak.Delivery, Mak.Cafe

Сетка Mak.by, якая паўстала ў Беларусі на месцы McDonald’s пасьля сыходу кампаніі ў сувязі з расейскай вайной супраць Украіны

Кампанія «КСБ Виктори Рестораны», якая кіруе ў Беларусі былой сеткай McDonaldʼs, падала заяўкі на рэгістрацыю некалькіх таварных знакаў, піша расейскае інфармацыйнае агенцтва Sputnik Беларусь.

Два зь іх створаныя па матывах брэнду «Макдональдс» (McDonaldʼs) — McDrive. Аднак у варыянце для новай сеткі Mak.by ён называецца Mak.Drive. Падалі заяўкі і на рэгістрацыю іншых знакаў, падобных да тых, якія выкарыстоўваліся ў McDonaldʼs. Сярод іх Mak.Delivery, Mak.Cafe і «Мак Бургер».

Усе знакі выкананы ў жоўта-зялёнай каляровай гаме, якая выкарыстоўваецца ў франшызе McDonaldʼs нараўне з чырвона-жоўтай. Гэтая гама перайшла да новага брэнду Mak.by.

У лістападзе 2022 году стала вядома, што McDonaldʼs сыходзіць зь беларускага рынку. Спачатку паведамлялі, што сетка хуткага харчаваньня працягне працаваць пад расейскім брэндам «Вкусно и точка», але гэтага не адбылося. Паводле інфармацыі СМІ, франшызу забараніў мяняць асабіста Лукашэнка. 18 лістапада Лукашэнка заявіў, што месца McDonaldʼs павінны заняць беларускія прадпрыемствы і вытворцы.

З 28 лістапада рэстараны сеткі запрацавалі бяз шыльдаў, потым зьявілася часовая назва «Мы адкрытыя». Кіраваць сеткай працягнула ўсё тая ж кампанія «КСБ Виктори Рестораны». Увесну 2023 году сетка атрымала назву Mak.by.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Частка былых рэстаранаў McDonald’s у Беларусі атрымала іншае імя ў Гандлёвым рэестры
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: McDonald’s працягвае працу ў Менску, нягледзячы на анансаваны прыход расейскай сеткі замест яго
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Месца McDonald’s павінны заняць беларусы. Ніхто іншы». 22 лістапада сетка працягне працу пад расейскім брэндам