Лінкі ўнівэрсальнага доступу

McDonald’s працягвае працу ў Менску, нягледзячы на анансаваны прыход расейскай сеткі замест яго


Рэстаран McDonald’s у Менску 22 лістапада 2022
Рэстаран McDonald’s у Менску 22 лістапада 2022

На некаторых пунктах у Менску сталі вяртаць клясычную літару «М», якую зьнялі раней.

Рэстараны McDonald’s у Менску працягваюць працаваць пад сваім брэндам 22 лістапада, нягледзячы на анансаваны пераход пад кіраваньне расейскай сеткі «Вкусно — и точка». Працуе і рэстаран на праспэкце Незалежнасьці, 23, які першы з McDonald’s адкрыўся ў Менску.

«Рэстараны працуюць, прыходзьце», — сказалі карэспандэнту Office Life ва ўстанове.

Рэстаран McDonald’s у Менску, 22 лістапада 2022
Рэстаран McDonald’s у Менску, 22 лістапада 2022

«Сёньня сапраўды мы яшчэ McDonald’s», — сказалі ў рэстаране на плошчы Бангалор. Там жа вярнулі на месца шыльды, якія зьнялі некалькі дзён таму.

А вось мабільная праграма «McDonald’s Беларусь» не працуе з 21 лістапада.

Раней была інфармацыя, што рэстараны McDonald’s спыняць працу ў Беларусі а 18:00 21 лістапада, а з 22 лістапада адкрыюцца пад брэндам сеткі «Вкусно — и точка» расейскага прадпрымальніка Аляксандра Говара, які выкупіў амэрыканскія рэстараны ў Расеі і цяпер пашыраецца на Беларусь.

Zerkalo са спасылкай на ананімнага супрацоўніка рэстарана паведаміла, што сетка будзе працаваць у штатным рэжыме яшчэ некалькі тыдняў. Супрацоўнік мяркуе, што захаваньне рэстарана можа быць зьвязана зь нежаданьнем казахстанскага ўладальніка франшызы пакідаць беларускі рынак. Яшчэ адна вэрсія — кіраўніцтва магло вырашыць праблемы з пастаўкамі, якія, магчыма, сталі прычынай рашэньня перайсьці пад расейскі брэнд.

McDonald’s пакінуў расейскі рынак у траўні 2022 году на фоне вайны ва Ўкраіне. А нядаўна абвясьціў, што пакідае і Беларусь. Афіцыйнай аб’яве аб сыходзе McDonald’s зь Беларусі папярэднічала зьнікненьне некаторых страў з мэню, якое тлумачылася праблемамі з пастаўкамі.

Разьвітацца з папулярнай амэрыканскай сеткай рэстаранаў хуткага харчаваньня пасьпелі Аляксандар Лукашэнка і Рыгор Азаронак. На сваёй нарадзе Лукашэнка заявіў пра «разрэзаную булачку», якую могуць зрабіць і беларускія вытворцы. А тэлепрапагандыст пасьпяшаўся абразіць сетку рэстаранаў у сваім шоў, сказаўшы, што «паганага McDonald’s-а больш няма ў Беларусі». Аднак 22 лістапада рэстараны адкрыліся зноў пад старой назвай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG