Эрні Барбараш стварыў у ЗША некалькі дзясяткаў фільмаў як рэжысэр і сцэнарыст. Адзін з баевікоў галівудзкая студыя нават плянавала здымаць у Беларусі, але ў выніку адмовілася. Але амэрыканец зацікавіўся краінай і знайшоў у Беларусі сяброў. Больш за 500 дзён ён піша пра беларускіх палітвязьняў і падтрымлівае іх. Цяпер Эрні плянуе зьняць мастацкі фільм пра барацьбу беларусаў супраць рэжыму Лукашэнкі. У размове са Свабодай амэрыканец расказвае пра захапленьне беларусамі.
Пяць гадоў за кратамі за палітычны жарт
— Эрні, раскажыце пра сябе. Дзе вы нарадзіліся, чаму вашы бацькі эмігравалі ў Канаду?
— Адразу хачу патлумачыць, што мне самому, папраўдзе, нецікава прыцягваць да сябе ўвагу, таму што ўся ўвага мусіць быць накіравана на дапамогу людзям, якія найбольш пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі. Гэта палітвязьні і іхныя блізкія, а таксама сотні тысяч людзей, якія вымушаныя былі пакінуць Беларусь, але хочуць вярнуцца дахаты. Я хачу чарговы раз прыцягнуць увагу да тых, каму мы намагаемся дапамагаць.
Я нарадзіўся ў Адэсе ў часы СССР. Мае бацькі былі інжынэры. Цяпер яны жывуць у Лос-Анджэлесе. Недзе ў 70-х Брэжнеў дазволіў невялікай частцы савецкіх габрэяў зьехаць, калі за мяжой быў «крэўны сваяк». Такім чынам мае сваякі, затым мае тата, мама і я пераехалі ў Канаду.
— Ці захавалася нешта ў памяці пра савецкае дзяцінства ў Адэсе?
— Мае ўспаміны ў асноўным шчасьлівыя. Памятаю толькі адзін ці два эпізоды, калі іншыя дзеці ў высьвятленьні адносін са мной казалі мне, што я габрэй. Але памятаю і сябра, у якога тата быў ці міліцыянт, ці вайсковец, і які заступаўся за мяне. Так што гэта (нацыянальнасьць. — РС) ня вылілася для мяне ў сапраўдную праблему. Калі мы эмігравалі, мне было амаль 9 гадоў. Памятаю звыклыя справы, школу, сяброў.
Я, як і кожнае дзіця тых гадоў, чытаў і чуў гісторыі пра Адэсу ў часы нямецкай акупацыі, пра партызанаў, супраціў. Мой дзед (толькі нядаўна я даведаўся, што ён правёў 5 гадоў за кратамі за палітычны жарт, які сказаў на працы) забаўляў мяне тым, што мы гулялі ў такую гульню: пакідалі ўлёткі, як партызаны, у грамадзкіх месцах — на лаўках у парках, у крамах. Там было нешта пра «сьмерць нацыстам». Я быў вялікім прыхільнікам сакрэтных кодаў і шыфраў. Таму дома ў мяне ў розных кнігах былі схаваныя пасланьні і ўлёткі. Затым да нас з вобшукам прыйшла міліцыя. І маім бацькам давялося тлумачыць, што гэта былі проста дзіцячыя запісы, гульня. Я ўпэўнены, што, каб гэта здарылася ў сучаснай Беларусі, фінал мог быць куды больш трагічным.
Адным з маіх успамінаў пра першыя дні ў Канадзе было тое, што нашай першай ежай была піца. Я ня меў паняцьця, што гэта, і яна мне не спадабалася. Калі мы з татам на наступны ранак пайшлі ў краму, я ня мог паверыць сваім вачам — бо ніколі ня бачыў столькі ежы і такой разнастайнасьці.
Вырас я ў Манрэалі, палюбіў тэатар, паставіў свой першы спэктакль у школе ў 15 гадоў. Вучыўся тэатральнаму мастацтву ў Ельскім унівэрсытэце ў ЗША. Затым жыў у Нью-Ёрку, працаваў рэжысэрам, мастаком па сьвятле. Затым вучыўся ў асьпірантуры Калюмбійскага ўнівэрсытэту. Працаваў у кіно як прадусар, затым як рэжысэр і сцэнарыст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ня вызначыліся і завісьлі паміж двума падыходамі да праблемы палітвязьняў», — Андрэй Курэйчык
Рызыка для бізнэсу ў краіне з дыктатурай
— Што вы ведалі раней пра Беларусь? Ці давялося вам бываць у гэтай краіне?
— На жаль, да 2010-2011 году я мала што ведаў пра Беларусь. Але ў тыя гады мяне нанялі здымаць мой першы баявік з Жан-Клёдам Ван Дамам і нас адправілі разьведаць мясьціны ў Румыніі і Славакіі для здымак. У апошні момант рэжысэр папрасіў нас паглядзець, ці ёсьць у Беларусі добрыя месцы, магчымасьці для здымак.
Першы чалавек, якога я сустрэў па прылёце ў Беларусь, быў Валер Цапкала. Ён тады ўзначальваў Парк высокіх тэхналёгій. Ён і ягоная жонка Вераніка арганізавалі мне знаёмства ў Міністэрстве культуры і індустрыі кіно. Мы падтрымлівалі сувязь потым з Цапкаламі на працягу доўгіх гадоў і цяпер застаёмся сябрамі.
У той паездцы ў 2010-2011 годзе я перад сустрэчай на студыі «Беларусьфільм» пайшоў у інтэрнэт, каб пачытаць пра беларускіх кінэматаграфістаў, каб разумець, чым займаліся людзі. Першымі імёнамі, якія ўсплылі ў Google, былі Дзьмітры Завадзкі (зьніклы апэратар), Віктар Дашук і ягоныя дакумэнтальныя фільмы пра рэжым Лукашэнкі. Гэта падштурхнула мяне шукаць інфармацыю пра краіну. І калі я зьбіраўся на сустрэчу з прадстаўнікамі ўраду, я разумеў ужо, зь якім рэжымам мы маем справу. Ці варта і казаць, што мы так і не зьнялі свой баявік у Беларусі? Замест гэтага былі здымкі ў Румыніі.
Валеру Цапкалу ўдалося пазнаёміць нас зь некалькімі незалежнымі прадусарамі ў Менску, не зьвязанымі зь «Беларусьфільмам». Але галівудзкая студыя ўсё-ткі палічыла, што гэта рызыкоўна — весьці бізнэс у краіне з дыктатурай.
Пасьля 2011 году я пачаў сачыць за падзеямі ў Беларусі, чытаў навіны, інтэрвію, глядзеў дакумэнтальныя фільмы і тэатральныя пастаноўкі. Нават думаў, што мог бы прыехаць у 2020 годзе ў Беларусь і паздымаць. Але здарыўся каранавірус — і сьвет закрыўся.
Мне давялося здалёк сачыць за ўсімі падзеямі ў Беларусі. Потым пачаліся рэпрэсіі. Гэта разьдзірала маё сэрца. Мары людзей АМАП ператварыў у кашмар, дубінкі, кулі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пра Беларусь усе забылі». Саша Філіпенка пра сьмерць амапаўца, «Ціхароў» у Вільні і суды над сілавікаміГолас тых, каго схапілі
— Чаму вы падтрымліваеце беларускіх палітвязьняў? І якім чынам?
— Я штодня пішу ў сацыяльных сетках пра беларускіх палітвязьняў з прапановамі, як менавіта іх можна падтрымаць. Я ўпэўнены, што мы тут, свабодныя людзі, мусім працягваць гэтую барацьбу. Яны адстойвалі тое, што лічылі правільным, і былі раздушаныя за гэта. Яны ня могуць змагацца знутры — але мы тут, наш абавязак працягнуць бой. Гэта зводзіць мяне з розуму — тое, што адбываецца зь людзьмі ў Беларусі, у сучасных умовах, у краіне ў цэнтры Эўропы.
Я пачаў свой праект з публікацыі аднаго здымка беларускага палітвязьня ў той дзень, калі пачуў пра арыштаванага філёзафа Ўладзімера Мацкевіча. Тады ў мяне ўзьнікла спантанная ідэя пра штодзённае заданьне, мэтай якога было бы нагадваць усім, што гэтыя нармальныя, звычайныя і разам з тым вельмі незвычайныя людзі кожны дзень паглынаюцца рэжымам Лукашэнкі. За сваю дзейнасьць, якая ва ўсім сьвеце ня будзе лічыцца нічым большым, чым простае выказваньне думкі. Апроч Паўночнай Карэі, М’янмы, Ірану ці, у нашы дні, пуцінскай Расеі.
Я разьмяшчаю ня толькі здымкі людзей і іх кароткія гісторыі, але і прапаную канкрэтна дапамагчы ім ці іхным блізкім. Я падумаў, што змагу пашырыць кола людзей, якія сваё жаданьне дапамагчы пераўтвораць у дзеяньні. Інфармацыю я бяру з сайтаў «Вясны», «Дысыдэнтаў», я падпісаны на «Майстэрню паштовак салідарнасьці». За беларускімі навінамі я сачу па выданьнях «Белсат», Радыё Свабода, «Новы час» і «Наша ніва». Я мушу быць голасам тых, каго схапілі і прымусілі маўчаць.
— Якія вы атрымліваеце водгукі ад жыхароў ЗША, Канады? Якая іх ступень ведаў пра Беларусь?
— Водгукі, якія я атрымліваю ад грамадзян ЗША і Канады, у якіх няма ані асабістых, ані акадэмічных сувязяў зь Беларусьсю, сьведчаць пра тое, што яны паняцьця ня мелі пра маштабы рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі. Апроч таго, пасьля агрэсіі Пуціна на Ўкраіну і разьмяшчэньня расейскіх войскаў унутры Беларусі існуе вялікая блытаніна адносна ролі Беларусі ў вайне. Я спрабую тлумачыць людзям пра розьніцу паміж Лукашэнкам і беларусамі, апазыцыяй у выгнаньні, эмігранцкай супольнасьцю, беларускімі добраахвотнікамі, якія ваююць за Ўкраіну, падвяргаючы вялікай рызыцы і сябе, і сваіх блізкіх у Беларусі.
Няма сумневаў, што тут трэба больш ведаў, больш галоснасьці, больш сталага напаміну сьвету пра цяжкае становішча краіны, поўнай добрых, мірных, таленавітых людзей, якія проста хочуць жыць сваім жыцьцём, свабодныя ад рэпрэсій. Напад Расеі на Ўкраіну яшчэ больш пагоршыў іх становішча.
Я часта чую ад жыхароў ЗША і Канады, што яны ніколі ня ведалі б пра тое, што адбываецца ў Беларусі, каб не мае штодзённыя допісы пра асобных беларускіх палітвязьняў, на мае спасылкі на навіны. Я, натуральна, не журналіст, таму прапаноўваю людзям сачыць за сапраўднымі журналістамі, якія пішуць пра Беларусь.
Самыя пазытыўныя водгукі для мяне тыя, калі людзі паведамляюць мне, што напісалі паштоўкі канкрэтным палітвязьням ці ахвяравалі грошы ім ці ў фонды. Я ня маю ілюзій наконт вялікага ўплыву ў лічбах, але я веру, што нават калі я змагу дапамагчы даць надзею хаця б аднаму чалавеку за кратамі, таму што нехта паслаў яму ліст ці блізкія атрымалі грошы, то мае, хай малыя, высілкі нават праз гады будуць каштаваць таго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скандалы, крымінальныя справы, палітрукі. Што было на «Беларусьфільме» раней і чаго чакаць пры новым дырэктару
Фільм пра барацьбу супраць Лукашэнкі
— Вы гаварылі пра пляны зьняць фільм аб падзеях у Беларусі, аб людзях, якія змагаліся і змагаюцца супраць Лукашэнкі...
— Усё сваё жыцьцё я выдумляю гісторыі пра выдуманых герояў, але ёсьць гісторыі людзей, якія працягваюць барацьбу з рэжымам Лукашэнкі. І гэта гісторыі рэальных герояў ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Я трохі не рашаюся гаварыць пра свае праекты кіно, бо яны пакуль разьвіваюцца, як і сама сытуацыя. Летась я быў у Эўропе з намерам узяць інтэрвію ў аднаго ці двух ключавых людзей, з чыіх расказаў, як я думаў, можна зрабіць моцны фільм пра Беларусь. Але не дакумэнтальны, мастацкі. Затым я сустрэў 20 моцных беларусаў у трох розных краінах. Яны падзяліліся неймавернымі гісторыямі мужнасьці і супраціву. Гэта людзі з розных сфэр дзейнасьці: ад палітычных лідэраў і актывістаў да «простых» людзей, чые блізкія цяпер за кратамі, і яны спрабуюць зарабіць грошы ў замежжы. Яшчэ былі журналісты, акторы, сацыяльныя работнікі, псыхолягі. І нават былыя міліцыянты.
Бачу, што пра Беларусь ужо зьнялі некалькі бліскучых дакумэнтальных фільмаў. Шчыра кажучы, зь нецярплівасьцю чакаю моманту, калі пра Беларусь ня трэба будзе больш здымаць палітычных дакумэнтальных фільмаў, калі яна больш ня будзе «Паўночнай Карэяй Эўропы», свайго роду акварыюмам за кратамі, дзе можна ўбачыць псыхалягічныя і фізычныя катаваньні, якія прымяняюцца супраць мірных людзей.
Я зразумеў адну рэч. З маім досьведам, пэўна, я змагу быць нашмат больш карысным у прыцягненьні ўвагі да Беларусі, старыўшы мастацкі фільм пра барацьбу супраць рэжыму Лукашэнкі. Таму я проста цяпер пішу сцэнар з экспэртнай дапамогай, гісторыю, якая, я спадзяюся, прыцягне таленавітых кіназорак. І мы зможам зьняць фільм пра тую Беларусь, якія прыцягне шырокую аўдыторыю. Больш падрабязна я пакуль не магу гаварыць. Бо я абяцаў людзям не расказваць іхныя гісторыі, пакуль усё ня будзе скончана. І я не магу іх падвесьці ў гэтым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскае СМІ апублікавала фільм пра беларускія пратэсты, людзі абурыліся, што там бачныя твары ўдзельнікаў. Пагаварылі з аўтарам стужкі
Абсурдны цырк
— За краты ў Беларусі трапіла і вашая сяброўка, наша калега Ларыса Шчыракова. Калі гэта магчыма, раскажыце вашу гісторыю сяброўства.
— Пра Ларысу я пачуў некалькі гадоў таму, калі прачытаў пра яе артыкул у газэце ў Таронта. Там яна апісвалася як беларуская журналістка, якая шмат разоў трапляла пад затрыманьні і пагрозы, але працягвала пісаць гісторыі пра звычайных людзей. Яна пісала пра рэпрэсіі, пра цяжкі лёс людзей, пра мноства сацыяльных праблем, якія ігнараваліся рэжымам Лукашэнкі. Мяне яна вельмі ўразіла. На наступны дзень я знайшоў яе ў сацыяльных сетках і мы пазнаёміліся.
У нас з жонкай двое дзяцей, і наш сын прыкладна такога ж узросту, як сын Ларысы. Таму мы вельмі хваляваліся за лёс гэтай моцнай маці, перад якой стаяла задача выгадаваць дзіця ў абставінах, калі яе маглі ў любы момант затрымаць. Але яна была ўпартай, не здавалася. Адна з рэчаў, якія мяне сапраўды захапляюць у Ларысе — гэта яе моцная воля, яе творчы патэнцыял і інстынкт выжываньня. І, натуральна, любоў да сына.
Ёй пагражалі, што калі яна ня спыніць журналісцкую дзейнасьць, то ў яе забяруць сына. Таму яна спынілася. Але яе творчай энэргіі трэба было некуды выйсьці, і яна спрабавала зарабляць на жыцьцё этнаграфічнымі здымкамі людзей у народных касьцюмах. Яна працягвала свой праект запісваньня гісторый людзей, чыіх сваякоў рэпрэсавалі ў сталінскія часы.
Толькі ў такім абсурдным цырку, якім зьяўляецца Беларусь Лукашэнкі, можа жанчына, якая папулярызавала беларускую культуру, зрабіўшы гэта справай свайго жыцьця, быць абвінавачанай у «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь». А дыктатуры, якая рабуе, прыгнятае, катуе і забівае людзей, дазволена быць арбітрам і вяршыцелем «правасудзьдзя».
Калі летась я пісаў Ларысе, што еду ў Эўропу, яна падумала, што я буду здымаць пра Ўкраіну. Але калі я сказаў, што пра Беларусь, і яна вельмі ўзрадавалася. Я пісаў ёй паведамленьні з Варшавы і Вільні, мы жартавалі, што як гэта па-дурному, што я так блізка ад Гомля, але не магу ўзяць у яе інтэрвію.
Яна пайшла вучыцца на псыхоляга і жартавала, што гэта карысны навык у краіне, дзе людзі перажылі столькі траўмаў. Але яе ўсё роўна забралі. Яна зрабіла тое, што ад яе патрабавалі, каб абараніць сваё дзіця, — адмовілася ад прафэсіі. Але яе падманулі. Урэшце, сутнасьць справы — прымусіць людзей пакутаваць. У дзень перад яе арыштам мы размаўлялі зь ёй пра дзяцей, жыцьцё, кіно. Ранкам я ўбачыў у Facebook, што яе затрымалі і сына забралі ў прытулак. Як кашмар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Купалаўцы» падрыхтавалі спэктакль паводле рамана Бахарэвіча «Плошча Перамогі». Прэм’ера пройдзе ў ВаршавеДэспатычны дыназаўр, які чапляецца за ўладу
— Якой вы бачыце будучыню Беларусі? Ці доўга яшчэ працягнецца рэжым Лукашэнкі, на ваш погляд?
— Я дакладна не экспэрт у міжнародных адносінах, у палітыцы ці гісторыі. Я расказваю гісторыі, каб зарабіць на жыцьцё, забавы і прадметы мастацтва, калі пашанцуе. Але ёсьць людзі больш абазнаныя, чым я. Яны кажуць, што пакуль Пуцін пры ўладзе, ад Лукашэнкі будзе цяжка пазбавіцца. Асабліва з расейскімі войскамі ўнутры Беларусі. Выклік Пуціну напярэдадні выбараў у Расеі можа ісьці ад «эліты». Але нядаўняя сьмерць Прыгожына даказала: Пуцін усё яшчэ можа прыбіраць ворагаў. Думаю, гэта палохае некаторых людзей, якія маюць «няправільныя» ідэі. Што тычыцца Лукашэнкі, то слабая рэакцыя Захаду на падзеі 2020 году сапраўды не дапамагла. І гэты мяккі адказ Захаду мае сур’ёзныя наступствы, зь якімі мы жывём сёньня: калі б Лукашэнка ня даў Пуціну паўночную базу для нападу на Ўкраіну, колькі людзей засталіся б жыць сёньня?
Трэба нагадваць саюзьнікам па ўсім сьвеце пра зьверствы рэжыму Лукашэнкі як унутры краіны, так і па-за ёй, пра падтрымку пуцінскай вайны, выкарыстаньне мігрантаў як зброі супраць эўрапейскіх суседзяў, выкраданьне ўкраінскіх дзяцей, пагрозу ядзернай зброяй. Варта працягваць настойваць на санкцыях. На такіх злачынцаў, як Пуцін і Лукашэнка, лепш за ўсё нападаць, дзе толькі ім шкодзіць, іхным грашам і магчымасьцям.
Я спадзяюся на такую будучыню Беларусі, на якую спадзяюцца многія мае беларускія сябры — вяртаньне дахаты ў краіну, дзе іхных блізкіх выпускаюць з турмаў, дзе яны могуць правесьці сапраўдныя выбары і выбраць лідэраў, якія могуць працаваць, прыносіць мір, падымаць эканамічны ўзровень жыцьця, падобны на эўрапейскі. Бо дэспатычны дыназаўр адчайна чапляецца за ўладу і лічыць, што дыктатура — гэта найлепшае для людзей. Спадзяюся, што Беларусь і беларусы змогуць ачуцца ад шматгадовага кашмару.
— Ці плянуеце вы прыехаць у Беларусь і калі гэта можа адбыцца?
— Важней, каб ня толькі я, а кожны, хто хоча вярнуцца, змог бы зрабіць гэта. Вярнуцца, каб наладзіць сваё жыцьцё, абняць блізкіх, наведаць магілы бацькоў, на чыіх пахаваньнях людзі не змаглі быць, суцешыць вызваленых вязьняў. Але мне таксама хочацца прыехаць. На гэты раз на больш доўгі пэрыяд, чым некалькі дзён. Аднойчы, я спадзяюся, я змагу прыехаць і зьняць фільм у новай Беларусі, дзе я буду ганарыцца, што працую зь беларускімі творцамі і дзеячамі мастацтва, і зраблю ўнёсак у прасоўваньне індустрыі міжнароднага фільма ў гэтай краіне, вольнай ад дыктатуры. Яшчэ больш я хачу наведаць Беларусь для таго, каб зрабіць некалькі шчасьлівых здымкаў. І завесьці новых сяброў, якія пакажуць мне свае любімыя месцы, гарады, прыроду. Я хацеў бы запрасіць сваю сям’ю пазнаёміцца з Ларысай і яе сынам, пагаварыць пра кіно, сфатаграфаваць яе асабіста. Не турбуючыся пра тое, што ранкам яна можна зьнікнуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лёс краіны важнейшы за лёс тэатру». Вялікая размова з акторам Мікалаем Стонькам