Пандэмія каранавірусу прыйшла ў Беларусь у лютым 2020 году, тады зарэгістравалі першыя выпадкі захворваньня. Першыя вакцыны супраць яго трапілі ў Беларусь у сьнежні 2020-га. Тады прышчапляліся ці расейскім «Спутником», ці вакцынай кітайскай вытворчасьці. У той жа пэрыяд улады Беларусі заявілі аб стварэньні сваёй, беларускай вакцыны. Расказваем, як разьвівалася і чым скончылася гэтая гісторыя.
Люты 2021-га: «Вакцына будзе да восені»
Эпапея са стварэньнем сваёй вакцыны ад ковіду ў Беларусі пачалася ў лютым 2021 году на сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы. Тады Лукашэнка сказаў, што беларуская вакцына супраць каранавірусу будзе гатовая ўжо ўвосень.
«У вас ужо тры зарэгістраваныя вакцыны і яшчэ ў распрацоўцы. Мы таксама ідзём гэтым шляхам. Да восені мы атрымаем і сваю вакцыну, спэцыялісты ў нас ёсьць», — паабяцаў ён.
Красавік 2021-га: распараджэньне аб стварэньні вакцыны
1 красавіка 2021 году Лукашэнка падпісаў распараджэньне, каб у Беларусі стварылі сваю вакцыну ад каранавірусу. Паводле яго, стварэньнем вакцыны мусілі займацца Міністэрства аховы здароўя і Акадэмія навук Беларусі.
Жнівень 2021-га: «даклінічныя выпрабаваньні»
У жніўні 2021-га Мінздароўя заявіла, што беларуская вакцына ўжо праходзіць даклінічныя выпрабаваньні.
«Усё гэта зойме год, можа быць, болей», — казалі тады прадстаўнікі міністэрства.
Лістапад 2021-га: указ аб вытворчасьці вакцыны
У лістападзе Лукашэнка падпісаў указ аб вытворчасьці вакцыны. Рабіць яе, паводле пляну, мусілі на новым заводзе ў вёсцы Доўжа Віцебскай вобласьці. Паводле ўказу, на наладжваньне працэсу мусілі патраціць 68,1 мільёна рублёў, ці 27,7 мільёна даляраў па тагачасным курсе Нацыянальнага банку.
Плянавалася, што завод павінен працаваць у складзе прадпрыемства «Белвітуніфарм». Яно займаецца выпускам вакцынаў для сельскагаспадарчых жывёлаў.
Сьнежань 2022-га: «Вакцына ня будзе запатрабаваная ў поўнай меры»
Пра тое, што нешта ў справе распрацоўкі айчыннай вакцыны супраць каранавірусу пайшло ня так, беларускія ўлады ўпершыню прызналіся ў сьнежні мінулага году. Міністар аховы здароўя Беларусі Дзьмітры Піневіч тады паведаміў, што беларуская вакцына ня будзе вельмі актуальнай.
«Налета вакцына будзе выпушчаная ў абарачэньне. Іншае пытаньне (я ў гэтым практычна ўпэўнены) — як такая вакцына супраць ковіднай інфэкцыі яна ўжо ня будзе запатрабаваная ў поўнай меры», — прызнаўся Піневіч.
Піневіч, аднак, паабяцаў, што вакцына зьявіцца ў студзені 2023 году, нават нягледзячы на сваю незапатрабаванасьць.
Травень 2023-га: «Рэжым наздвычайнай сытуацыі скончаны»
У траўні 2023 году Усясьветная арганізацыя аховы здароўя заявіла аб заканчэньні рэжыму надзвычайнай сытуацыі з нагоды пандэміі каранавірусу ў сьвеце. Пра завяршэньне эпідэміі ў Беларусі Мінздароўя адсправаздачылася яшчэ ў студзені таго ж году.
Жнівень 2023-га: «Досьледная партыя вакцыны выпушчаная»
У студзені 2023-га вакцына не зьявілася. Пра тое, што гатова яе «досьледная партыя», Лукашэнка расказаў толькі ў жніўні. І паабяцаў, што завод дабудуюць да канца году.
На самім заводзе Свабодзе паведамілі, што «ня ведаюць, калі зьявіцца вакцына для выкарыстаньня, бо завод яшчэ не дабудавалі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: WSJ: Міністэрства энэргетыкі ЗША лічыць верагодным лябараторнае паходжаньне Covid-19 ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да лекараў унутры Беларусі будзе зьвяртацца ў скрайніх сытуацыях». Доктар пра здароўе Лукашэнкі і арышты мэдыкаў за зьвесткі пра Бабарыку