Сьцісла:
- Меркаваная гібель Прыгожына нагадвае мафіёзныя разборкі. І вельмі шмат гаворыць пра тое, ува што ператварылася расейская дзяржава.
- Гэта пагрозьлівае папярэджаньне, што бывае са здраднікамі. Крэмль зь імі не цырымоніцца. Ёсьць уваход у хаўрус, але няма з гэтага хаўрусу выйсьця.
- Верагодная гібель Прыгожына стала канцом спробы Лукашэнкі пагуляць на расейскім палітычным полі.
- Ад палітычнага капіталу, укладзенага Лукашэнкам у гэтую гісторыю, засталіся адны страты.
- Фактар «Вагнэра» як палітычная праблема для ўнутранай і замежнай палітыкі Беларусі фактычна зьнікае.
Вось толькі цяпер можна канстатаваць, што мяцеж ПВК «Вагнэр» на чале зь Яўгеніем Прыгожыным скончыўся. Прычым усімі чаканай разьвязкай. Чамусьці гэтаму мала хто зьдзівіўся. Існуе амаль поўны кансэнсус адносна таго, хто спрычыніўся да гібелі кіраўніцтва ПВК. "Калегі, я сьвядома маўчу і вам гэта ж раю«,— напісаў галоўны прапагандыст Расеі Ўладзімір Салаўёў. Што вельмі паказальна: маўляў, усім і так усё зразумела.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ўпаў самалёт і ці быў у ім Яўгеній Прыгожын. ВэрсііВельмі адметны якраз спосаб забойства. Прыгожына маглі арыштаваць і судзіць як мяцежніка. Гэта дэманстравала б, што ў краіне існуе сыстэма правасудзьдзя. Але загінуў ён так, як загінуў. Што нагадвае мафіёзныя разборкі. І вельмі шмат гаворыць пра тое, ува што ператварылася расейская дзяржава. Палёній, «Навічок» ужо выглядаюць не такімі надзейнымі інструмэнтамі палітычнай барацьбы, зьявіліся больш эфэктыўныя спосабы.
Што ўся гэтая гісторыя азначае для афіцыйнага Менску? Меркаваная гібель Прыгожына стала пэўным рубяжом, шматзначным і шматгранным.
Найперш, гэта пагрозьлівае папярэджаньне, што бывае са здраднікамі. Крэмль зь імі не цырымоніцца. Ёсьць уваход у хаўрус, але няма з хаўрусу выйсьця. Добрага выйсьця. То бок падзеі ў Цьвярской вобласьці сталі пацьвярджэньнем той высновы, якая, здаецца, і так была вядомая: саюз з Уладзімірам Пуціным — гэта пастка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якімі будуць наступствы меркаванай гібелі Прыгожына для Беларусі? Тлумачыць палітоляг Аляксандар МарозаўВерагодная гібель Прыгожына стала канцом спробы Лукашэнкі пагуляць на расейскім палітычным полі. Нагадаю, што ён моцна ўпісаўся ў пераадоленьне таго палітычнага крызысу, які быў выкліканы мяцяжом ПВК «Вагнэр». Лукашэнка паўстаў як трыюмфатар, пераможца, адзіны бэнэфіцыяр паўстаньня вагнэраўцаў, ратавальнік Расеі ад смуты і грамадзянскай вайны. Ён зрабіў выснову, што мяцеж стаў сымптомам палітычнай слабасьці Ўладзіміра Пуцін, а значыць, ягоная ўласная палітычная вага ў расейскай палітыцы вырасла, і трэба ўключацца ў гульню.
Цяпер відавочна, што выснова пра слабасьць Пуціна аказалася перабольшанаю. Крутая расправа над праціўнікам — гэта ў асяродзьдзі Лукашэнкі і Пуціна прыкмета сілы.
Уся публічная рыторыка Лукашэнкі пасьля спыненьня мяцяжа зводзілася да таго, што варта шукаць кампрамісу, бо вінаватыя абодва бакі, ня трэба расправы над вагнэраўцамі ці помсты. «Цяпер нікога ня трэба саджаць. Гэта я проста зьвяртаюся да расейцаў — ура-агітатараў і патрыётаў», — казаў ён. (Адметна, што сам ён паводзіў сябе падчас беларускага паўстаньня 2020 году і адразу пасьля яго зусім па-іншаму).
Лукашэнка казаў камплімэнты на адрас кіраўніка ПВК: «Хто такі Прыгожын? Гэта вельмі аўтарытэтны сёньня чалавек ва ўзброеных сілах. Як бы камусьці гэтага ні хацелася... Яго можна зразумець».
Слова «аўтарытэтны» — з расейскага крымінальнага слэнгу. У дадзеным выпадку яно вельмі да месца. Ня думаю, што гэтыя камплімэнты спадабаліся Пуціну. Асабліва пасьля цяперашніх падзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тое, як ухілілі Прыгожына, падобна да ліквідацыі Гітлерам кіраўніка штурмавікоў СА Рома. Камэнтар Вадзіма ДубноваІ самая галоўная памылковая выснова Лукашэнкі наконт плянаў Крамля, сфармуляваная на сустрэчы з журналістамі 6 ліпеня: «Але калі вы думаеце, што Пуцін такі шкодны і злапомны, што яго [Прыгожына. — Аўт.] заўтра „замочаць“ недзе... Не, гэтага ня будзе».
То бок уся канцэпцыя і прагноз Лукашэнкі, агучаныя ім адразу пасьля згортваньня мяцяжу вагнэраўцаў, аказаліся памылковымі. Ён больш не трапляе ў альгарытм крамлёўскай палітыкі, не адчувае ейных імпульсаў, як тое было раней. Ад палітычнага капіталу, укладзенага Лукашэнкам у гэтую гісторыю, адны страты. Дзе і як гэта «стрэліць», цяпер цяжка сказаць.
Увогуле, гібель дзьвюх асноўных фігур ПВК «Вагнэр» азначае пачатак канца згаданай кампаніі. І гэта мае самае непасрэднае дачыненьне да Беларусі. Ня дзіва, што лягер вагнэраўцаў пад Асіповічамі дэмантуюць, прыбралі ўжо траціну ўсіх намётаў...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лягер вагнэраўцаў пад Асіповічамі актыўна дэмантуюць. Спадарожнікавы здымакТо бок фактар «Вагнэра» як палітычная праблема для ўнутранай і замежнай палітыкі Беларусі фактычна зьнікае. І пагроза суседзям (Польшчы, Літве, Украіне), верагодна, перастане існаваць. Гэта павінна зьняць празьмернае напружаньне на мяжы Беларусі.
Але ўся гэтая гісторыя застаецца ў сьвядомасьці палітызаванай публікі як прыклад нерацыянальнага разьліку і няўдалай палітычнай гульні Лукашэнкі, якія прынесьлі яму і ўсёй Беларусі толькі праблемы.
Як сказаў паэт, «не пытайся, па кім звоніць звон: ён звоніць па табе». Перакладаючы гэтую даўнюю думку на цяперашнія падзеі, можна сказаць: не пытайся, на каго ты замахнуўся кувалдай... Яна можа ператварыцца ў бумэранг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прапагандысты Лукашэнкі або ня вераць у сьмерць Прыгожына, або лічаць, што яго забілі замежныя спэцслужбы