У Цьвярской вобласьці Расеі разьбіўся прыватны самалёт. Сярод пасажыраў, як сьцьвярджае расейскае фэдэральнае агенцтва Расавіяцыя, быў кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын, паведамляе Руская служба Радыё Свабода.
У Болагаўскім раёне Цьвярской вобласьці разьбіўся самалёт Embraer Legacy, піша РБК са спасылкай на МНС. Паводле інфармацыі выданьня, самалёт зьдзяйсьняў рэйс Масква — Санкт-Пецярбург. На борце знаходзіліся 10 чалавек, зь іх 3 — экіпаж.
Кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын і адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін знаходзіліся на борце самалёта Еmbraer, які разьбіўся, заявіла расейскае фэдэральнае агенцтва Расавіяцыя.
Ведамства апублікавала поўны сьпіс пасажыраў самалёту. Акрамя Прыгожына і Ўткіна, паводле Расавіяцыі, на борце знаходзіліся Сяргей Прапусьцін, Яўгеній Макаран, Аляксандар Тотмін, Валерый Чакалаў, Мікалай Мацюсееў і тры чальцы экіпажу — камандзір паветранага судна Аляксей Ляўшын, другі пілёт Рустам Карымаў і бортправаднік Крысьціна Распапава.
У Расавіяцыі сьцьвярджаюць, што ўсе целы выяўленыя, большая частка моцна абгарэла.
Раней РІА «Новости» са спасылкай на экстраныя службы паведаміла, што знойдзеныя целы васьмі чалавек, якія былі на борце самалёта, а расейскае агенцтва ТАСС са спасылкай на Расавіяцыю паведаміла, што ў сьпісе пасажыраў самалёта Embraer, які разьбіўся ў Цьвярской вобласьці, значыўся кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын.
Тэлеграм-каналы апублікавалі відэа, на якіх зафіксаваны момант падзеньня самалёта.
Тэлеграм-каналы SOTA і Baza пасьля першых паведамленьняў пра крушэньне самалёта, спасылаючыся на сэрвіс Flight Radar, паведамілі, што разьбіўся самалёт з бартавым нумарам RA-02795, які належыць Яўгенію Прыгожыну. Паводле зьвестак Flightradar, самалёт вылецеў з Маскоўскай вобласьці, у Цвярской вобласьці ён зьнік з радараў.
На апублікаваных фота зь месца падзеньня бачны бартавы нумар, падобны да RA-02795. На гэтым самалёце, у прыватнасьці, Прыгожын у канцы чэрвеня прылятаў у Беларусь пасьля мецяжу ПВК «Вагнэр».
Журналіст Андрэй Захараў са спасылкай на крыніцы сьцьвярджае, што Прыгожын і кіраўніцтва ПВК «Вагнэр» 23 жніўня вылецелі ў Расею з Афрыкі.
Чыноўнік расейскай акупацыйнай адміністрацыі Запароскай вобласьці Ўладзімір Рогаў раней заявіў са спасылкай на прадстаўнікоў ПВК «Вагнэр», што Прыгожын і Уткін былі на борце і загінулі. Са спасылкай на свае крыніцы аб тым, што Прыгожын быў на борце, напісала таксама «Фонтанка».
Гібель Прыгожына «ў выніку дзеяньняў здраднікаў Расеі» прызнаў таксама зьвязаны з ПВК «Вагнэр» тэлеграм-канал канал Grey Zone. Канал піша, што самалёт нібыта «зьбілі сродкамі СПА».
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, камэнтуючы інфармацыю пра магчымую гібель Яўгенія Прыгожына заявіў, што ён ня ведае, што здарылася з кіраўніком ПВК «Вагнэр», але «ня зьдзівіцца», калі пацьвердзіцца ягоная гібель. Байдэн таксама адзначыў, што нямногае ў Расеі адбываецца бязь ведама прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.
Камэнтароў аб прычынах падзеньня самалёта пакуль няма. Па факце крушэньня самалёта завялі крымінальную справу.
Самалёт разьбіўся роўна праз 2 месяцы пасьля пачатку мяцяжу вагнэраўцаў.
У момант катастрофы ў паветры знаходзіўся яшчэ адзін бізнэс-джэт з бартавым нумарам RA-02795, які таксама зьвязваюць з Прыгожыным. Ён ляцеў у Маскву з Санкт-Пецярбурга і сеў у падмаскоўным аэрапорце бізнэс-авіяцыі Астаф’ева. Хто быў на борце гэтага самалёта, невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі Гаюн»: у лягеры вагнэраўцаў пад Асіповічамі назіраюцца праблемы з мабільным інтэрнэтамГэта ўжо ня першае паведамленьне аб гібелі Яўгенія Прыгожына, але гэта ўпершыню, калі гібель бізнэсоўцы пацьвярджае афіцыйны орган (у дадзеным выпадку — Расавіяцыя). Каля году таму СМІ і тэлеграм-каналы пісалі пра імаверную сьмерць уладальніка ПВК «Вагнэр» у Папаснай Луганскай вобласьці Ўкраіны. Неўзабаве пасьля гэтага Прыгожын зьявіўся ў публічным полі.
Да гэтага Прыгожын «гінуў» у Афрыцы. 11 кастрычніка 2019 году ў Конга разьбіўся грузавы ваенны самалёт Ан-72. На борце знаходзіліся восем чальцоў экіпажу, сярод якіх — супрацоўнікі адміністрацыі прэзыдэнта Конга Фелікса Чысекідзі. Пазьней зьявілася інфармацыя, што на ляйнэры, які ўпаў, быў і Прыгожын. Гэтая інфармацыя таксама не пацьвердзілася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін наведаў захоплены падчас спробы мецяжу ПВК «Вагнэра» штаб у Растове-на-Доне- ПВК «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна яна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не знаходзіцца ў прамым падпарадкаваньні Мінабароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі. Вагнэраўцы бяруць ці бралі ўдзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Яўгеній Прыгожын неаднаразова публічна крытыкаваў Міністэрства абароны Расеі і асабіста Сяргея Шайгу, у тым ліку за адмову выдаваць боепрыпасы.
- Увечары 23 чэрвеня Прыгожын абвінаваціў кіраўніцтва Мінабароны РФ і Генштабу ў некампэтэнтнасьці ў вайне ва Ўкраіне і абвясьціў пра паход на Маскву. Мяцеж вагнэраўцаў працягваўся крыху менш за суткі. Бліжэй да ночы 24 чэрвеня ПВК «Вагнэр» і ўлады Расеі нібыта пры пасярэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі дасягнулі дамоўленасьцяў, і марш наймітаў у бок Масквы быў спынены.
- Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь. Калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
- Уладзімір Пуцін пасьля мяцяжу вагнэраўцаў заявіў, што «ўсе, хто сьвядома стаў на шлях здрады, хто рыхтаваў збройны мяцеж, стаў на шлях шантажу і тэрарыстычных мэтадаў, панясуць немінучае пакараньне». «Той, хто арганізаваў і рыхтаваў вайсковы мяцеж, хто падняў зброю на баявых таварышаў, — здрадзілі Расеі. І адкажуць за гэта», — сказаў ён.