На відэа РІА «Новости» Пуціна сустракае начальнік Генштабу Валеры Герасімаў, выдачы якога падчас мецяжу патрабаваў стваральнік ПВК «Вагнэр» Яўген Прыгожын.
Апошні раз Пуцін праводзіў падобную нараду ў Растове-на-Доне ў сакавіку. Тады ж ён наведаў захоплены расейскімі войскамі Марыюпаль.
23-24 чэрвеня ваенныя аб’екты ў Растове-на-Доне, уключаючы штаб Паўднёвай ваеннай акругі, былі захопленыя наймітамі ПВК «Вагнэр». Пасьля гэтага Герасімаў доўга не паказваўся на публіцы, што спарадзіла розныя чуткі пра лёс начальніка Генштабу.
У канцы чэрвеня многія праўладныя тэлеграм-каналы пісалі аб тым, што Герасімава ў якасьці камандуючага апэрацыяй супраць Украіны можа зьмяніць генэрал Міхаіл Цяплінскі. Але пасьля зьявіліся паведамленьні, што ў няміласьць трапіў, наадварот, Цяплінскі.
Таксама за крытыку Герасімава быў зьняты з пасады камандуючы 58-й арміяй генэрал Іван Папоў.