Паступае інфармацыя, што ў раёне лягера ПВК «Вагнэр» у вёсцы Цэль і ў Асіповіцкім раёне ў дадзены момант назіраюцца моцныя перабоі ў працы мабільнага інтэрнэту, паведаміў маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн».
Раней маніторынавы праект паведаміў пра прыбыцьцё ў Беларусь расейскага ваенна-транспартнага самалёта Іл-76, які можа прыняць на борце каля 150 чалавек. Ці прыляцеў ён з пасажырамі — інфармацыі няма.
Некаторыя тэлеграм-каналы пасьля гэтага выказалі меркаваньне, што борт прыбыў для эвакуацыі наймітаў ПВК «Вагнэр». Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал гэтую інфармацыю заяўляе, што прылёт самалёта ніяк не зьвязаны з падзеямі ў Цьвярской вобласьці.
23 жніўня ў Цьвярской вобласьці Расеі разьбіўся самалёт. У сьпісе пасажыраў, як сьцьвярджаюць расейскія СМІ са спасылкай на Расавіяцыю, значыўся кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўген Прыгожын. На борце знаходзіліся 10 чалавек, зь іх 3 — экіпаж. Паводле папярэдняй інфармацыі, яны загінулі.
РІА «Новости» са спасылкай на экстраныя службы паведамляе, што знойдзеныя целы васьмі чалавек, якія былі на борце самалёта.
Чыноўнік расейскай акупацыйнай адміністрацыі Запароскай вобласьці Ўладзімір Рогаў са спасылкай на прадстаўнікоў ПВК «Вагнэр» сьцьвярджае, што Прыгожын і Уткін былі на борце і загінулі.