У студзені 2022 году, за месяц да пачатку расейскай поўнамаштабнай агрэсіі ва Ўкраіне, 82-мэтровую яхту Graceful коштам $100 млн эвакуавалі зь Нямеччыны ў Калінінград.
Да буксіроўкі ў Калінінград судна, як сьцьвярджаюць расьсьледавальнікі, рамантавалі ў доках Гамбургу. Згодна з каштарысам рамонтных работ, які маюць паплечнікі Навальнага, на абнаўленьне экстэр’еру і інтэрʼеру яхты, а таксама на закуп дарагога абсталяваньня і мэблі патрацілі некалькі соцень мільёнаў рублёў (некалькі мільёнаў даляраў у эквіваленце).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Італія канфіскавала раскошную яхту, якая меркавана належыць ПуцінуТолькі на закуп драўляных вырабаў для яхты было патрачана больш за 240 млн рублёў (каля 3 мільёнаў даляраў). На збудаваньне басэйну для плаваньня ў адкрытым моры, які стыкуецца зь яхтай, выдаткавалі 208 млн рублёў (прыкладна 2,6 мільёна даляраў). Яшчэ 10 млн рублёў (125 тысячаў даляраў) пайшло на закуп двух палубных біякамінаў, 6 млн рублёў (75 тысячаў даляраў) — на дываны для кают, і гэтак далей. У цэлым рамонт і абслугоўваньне яхты Graceful абышліся ў тры мільярды рублёў ($32 млн).
«Цяпер, падчас вайны, на пуцінскую цацку было выдаткавана тры мільярды рублёў. Зь іх два мільярды на рамонт, яшчэ мільярд — на ўтрыманьне (заробак экіпажу, накладныя выдаткі, сувязь, захоўваньне ў сухім доку 92 млн, паліва, прадстаўнічыя выдаткі) «Гэтыя грошы працягнуць марнаваць. Яхта цяпер са спэцыяльным суправаджэньнем праз увесь сьвет ідзе Паўночным марскім шляхам у Сочы. Сьпяшаецца да аксамітнага сэзону», — кажуць расьсьледавальнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гішпаніі арыштавалі 135-мэтровую яхту, якую зьвязваюць зь Сечыным. Чые арыштавалі яшчэ?Афіцыйным уладальнікам яхты Graceful, як пісала ВВС, зьяўляецца кампанія «Аргумент», сузаснавальнікі якой — кіраўнік спраў прэзыдэнта Аляксандар Калпакоў і начальнік вайсковай часткі 1473 Фэдэральнай службы аховы Алег Кузьняцоў. Замоўцам будаўніцтва была кампанія з Багамскіх астравоў, а апэратарам пасьля спуску на ваду — кіпрская «дачка» дзяржаўнага расейскага «Совкомфлота».
Аднак рэальным пакупніком судна, паводле дадзеных Цэнтру «Досье», можа быць сябра дзяцінства Пуціна, 70-гадовы расейскі бізнэсовец Пётр Колбін, які атрымаў $1,12 млрд ад перапродажу газавай кампаніі «Ямал СПГ» і аплаціў пабудову яхты.
Маршрут гэтай яхты ў 2018 годзе, як адзначала расейскае выданьне «Собеседник», неаднаразова супадаў з графікам прэзыдэнта. Яе часта бачылі ў навакольлі Сочы, дзе разьмяшчаецца рэзыдэнцыя Пуціна «Бачароў Ручай», і каля ягонага меркаванага палаца на мысе Ідакапас. Зімой 2021 году Graceful адправілася ў Нямеччыну на рамонт, аднак незадоўга да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну вярнулася ў Калінінград. Як мяркуюць расьсьледавальнікі, зроблена гэта было праз пагрозу магчымага арышту судна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: Меркаваная яхта Пуціна раптам пакінула Гамбург- Graceful — адно зь сямі суднаў, на якія ўлады ЗША наклалі санкцыі ў чэрвені 2022 году. На пачатку кастрычніка мінулага году яхту перайменавалі ў «Касатку» і перадысьлякавалі з порту Калінінграду ў Санкт-Пецярбург.