Згодна з заявай італьянскіх уладаў, у выніку расьсьледаваньня фінансавай паліцыі Італіі было выяўлена, што судна «зьвязана з высокапастаўленымі элемэнтамі ў расейскім кіраўніцтве і людзьмі, якія трапілі пад санкцыі Эўразьвязу». Імя ўладальніка яхты ў заяве ня ўказваецца.
На 140-мэтровым судне, кошт якога, паводле незалежных ацэнак, складае каля 700 мільёнаў даляраў, на працягу некалькіх месяцаў праводзіўся рамонт, які павінен быў скончыцца ў пачатку наступнага году. Аднак у аўторак, як паведаміла газэта The New York Times, яхта была гатовая да выхаду ў мора. Італьянскія ўлады затрымалі яе ў порце да прыняцьця канчатковага рашэньня аб лёсе судна.
Паплечнікі расейскага апазыцыйнага лідэра Аляксея Навальнага ў выніку расьсьледаваньня прыйшлі да высновы, што ўладальнікам яхты зьяўляецца Ўладзімір Пуцін. Італьянская газэта La Stampa называе гаспадаром судна былога кіраўніка «Роснефти» Эдуарда Худайнатава. Крыніца газэты The Guardian у італьянскай фінансавай паліцыі кажа, што выявіць сапраўднага ўладальніка яхты неверагодна складана з прычыны вялікай колькасьці кампаній, зьвязаных зь ёй.
У апошнія тыдні ў партах Эўразьвязу ў рамках санкцый супраць Расеі за ўварваньне ва Ўкраіну было арыштавана некалькі яхт, якія належаць расейскім мільярдэрам, сярод якіх Аляксей Мардашоў, Генадзь Цімчанка, Алішэр Усманаў, Віктар Вексэльбэрг.
У сакавіку і красавіку Італія канфіскавала вілы і яхты на суму больш за 900 мільёнаў эўра ў заможных расейцаў, якія рэгулярна прыяжджалі ў краіну на адпачынак і куплялі нерухомасьць у шматлікіх прэстыжных месцах.