Магчымасьць закрыцьця дадзеных пацьвердзіла на прэс-канфэрэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Іна Мядзьведзева.
«Абмежаваньне дадзеных адбылося з адной прычыны. У гэтым выпадку вы падымаеце пытаньне пра замежны гандаль. Гэта тэма накладаньня санкцый. Адпаведна, прынцыпова мы прынялі рашэньне, і Белстат мае права прымаць такое рашэньне аб абмежаваньні доступу.
Сёньня бізнэс-супольнасьць мае дадзеныя да моманту закрыцьця, ніякіх іншых дадзеных яна атрымаць ня можа. Калі яны не адкрытыя, то мы не дамо іх пры любым раскладзе», — сказала яна. Яе словы прыводзіць Reform.by.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пасьля ўвядзеньня новых санкцый Эўразьвязу прыгразілі захадамі ў адказПаводле Мядзьведзевай, калі дадзеныя адкрытыя, то камітэт можа падаць зьвесткі ў розных разрэзах. Яна дадала, што бізнэс-супольнасьць актыўна запытвае даныя аб замежным гандлі за 2021 год. Таксама прадпрымальнікі зьвяртаюцца па дадзеныя перапісу.
«У прынцыпе, сёньня я разумею, што мы адышлі ад таварнай намэнклятуры, якая найбольш цікавая, але пакуль ёсьць такое стаўленьне тых людзей, якія зьехалі з Рэспублікі Беларусь у адносінах да Рэспублікі Беларусь і санкцыйнага ціску. Я магу толькі сказаць, што яны нам увесь час пішуць лісты, яны нам тэлефануюць на прамыя тэлефонныя лініі.
І самае цікавае, што раз на два месяцы мы зазнаем магутную кібэратаку. Значыць, тыя зьвесткі, якія сёньня падае Белстат, яны паказваюць, што беларуская эканоміка аднаўляецца, яны нікому не падабаюцца за мяжой», — дадала Мядзьведзева.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча пагражае спыніць грузавыя чыгуначныя перавозкі зь Беларусі