Бізнэсоўца, стваральніка групы кампаній «Лотас» Пятра Старацітарава супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі 6 лютага 2023 году. Блізкі да міліцыі тэлеграм-канал выклаў відэа зь яго ўдзелам. Тая ж крыніца паведаміла, што затрыманы «абражаў прэзыдэнта», «распальваў сацыяльную варожасьць» і «адкажа адпаведна строгасьці закону».
Як стала вядома Свабодзе, нагодай для затрыманьня Пятра Старацітарава сталі рэпосты, якія ён рабіў на сваё старонцы ў Facebook, у гэтым сьледзтва і суд убачылі склад крымінальных злачынстваў.
Страцітарава судзілі адразу паводле некалькіх артыкулаў: «распальваньне варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК), «заклікі да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК), «Паклёп на прэзыдэнта» (ч. 1 арт. 367 КК), «Абраза прэзыдэнта» (ч. 1 арт. 368 КК), «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1 КК).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2016 годзе адбыў 4 месяцы ў СІЗА КДБ за «эканоміку», цяпер схапілі за рэпосты. Што вядома пра затрыманага бізнэсоўца Пятра СтарацітараваСудзьдзя Гомельскага абласнога суду Яўген Шаршнёў пакараў абвінавачанага 5 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
Па інфармацыі Свабоды, у СІЗА стан здароўя Пятра Старацітарава значна пагоршыўся. Да затрыманьня ён меў хранічныя захворваньні, у тым ліку бранхіяльную астму і артэрыяльную гіпэртэнзію. У СІЗА ў яго здарыўся інсульт. Увесь час да суду яго ўтрымлівалі ў мэдычнай частцы СІЗА.
Пятро Старацітараў нарадзіўся ў вёсцы Церахоўка Добрускага раёну, скончыў унівэрсытэт у Крывым Розе ва Ўкраіне па спэцыяльнасьці «грамадзянскае і прамысловае будаўніцтва». Старацітараў на момант заканчэньня ВНУ быў адзіны, хто атрымаў чырвоны дыплём.
Пасьля вучобы вярнуўся ў Беларусь, працаваў у будаўнічай сфэры. У 90-х разам зь сябрамі стварыў кампанію «Лотас». У асноўным яна займалася будаўніцтвам, таксама мэблевай вытворчасьцю. Кампанія выпускае жалезабэтонныя вырабы, газасылікатныя блёкі. «Лотас» мае свой кар’ер у Мазырскім раёне і філіялы ў Расеі. Кампанія супрацоўнічала ў тым ліку з Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводам. Да 2016 году Пятро Старацітараў уваходзіў у топ-50 самых багатых бізнэсоўцаў Гомельскага рэгіёну.
«Ён вельмі адукаваны, кампэтэнтны будаўнік і кіраўнік. Забясьпечыў людзей працоўнымі месцамі. Раней на прадпрыемстве было 1200 работнікаў. Увесь свой час ён аддаваў працы, ад цямна і да цямна. Пятро Старацітараў ахвяраваў грошы на будаўніцтва цэркваў. Напрыклад, у вёсцы Перароў Жыткавіцкага раёну. Дапамагаў людзям, і таксама пералічваў грошы на дапамогу жывёлам», — кажа крыніца Свабоды.
У 2016 годзе ў Беларусі адбыўся шэраг арыштаў прадпрымальнікаў. За краты трапілі Яўген Баскін, Юрый Чыж, Віталь Арбузаў, Аляксандар Кныровіч, Ганна Шарэйка, сын і бацька Япрынцавы, Андрэй Паўлоўскі.
Іх затрыманьні і пазьнейшыя памілаваньні (пасьля выплаты буйных грашовых «кампэнсацый». — РС) ці судовыя працэсы падрабязна асьвятляліся ў СМІ. Тады ж у лютым 2016 году быў затрыманы і Пятро Старацітараў, за кратамі ён правёў некалькі месяцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы судовы працэс у справе Юрыя Чыжа аб’явілі закрытым