Пры гэтым да канца не зразумела, якія артыкулы засталіся ў абвінавачаньні, а якія адтуль прыбралі.
Юры Чыж і Ўладзімер Япрынцаў, які мае прэтэнзіі да былога кампаньёна, ня выказалі пратэсту супраць хадайніцтва пракурора, пакінуўшы гэтае пытаньне на меркаваньне суду. Судзьдзя Валер Есьман пагадзіўся і вырашыў правесьці разбор у гучнай крымінальнай справе на закрытым судовым пасяджэньні, піша «Народная воля».
Чыж пад’ехаў у суд амаль за 40 хвілін да пачатку працэсу. Усіх, хто ішоў на працэс да Чыжа, на ўваходзе ў будынак суду запісвалі ў адмысловы журнал.
Юры Чыж, як высьветліла «Народная воля», знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе, паводле некаторых інкрымінаваных артыкулаў ён атрымаў памілаваньне.
Былы партнэр Чыжа па бізнэсе Ўладзімер Япрынцаў у суд прыйшоў за 10 хвілін да пачатку паседжаньня. Былыя сябры знаходзіліся ў розных канцах калідору, маючы зносіны са сваімі адвакатамі. Адзін з адным нават не павіталіся.
Вядомы прадпрымальнік, колішні ўладальнік сеткі «Трайпл», футбольнага клюбу «Дынама-Менск» і шэрагу іншых актываў Юры Чыж раней знаходзіўся пад вартай двойчы: з 11 сакавіка да 14 верасьня 2016 году, і з 15 сакавіка да 9 верасьня 2022 году.
Раней у раскладзе суду Цэнтральнага раёну Менску было пазначана, што Юрыю Чыжу інкрымінуюць: артыкул 424, ч. 2 Крымінальнага кодэксу («злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі»), артыкул 243, ч. 2 («ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў», рэдакцыя ўжо страціла сілу), арт. 235, ч. 2 («легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам») і арт. 209, ч. 4 («махлярства»).