Турма за чатыры падабайкі
Суд Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы 16 жніўня вынес прысуд 45-гадоваму Андрэю Халупку, абвінавачанаму ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу. Судовы працэс вяла судзьдзя Вікторыя Пакунова, піша «Вясна».
Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, Андрэй Халупка з дапамогай мабільнага тэлефона ў сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» у 2020, 2021 і 2023 годзе паставіў чатыры падабайкі пад карыкатурнымі выявамі Аляксандра Лукашэнкі, на якіх ён быў паказаны ў выглядзе клоўна, малпы, а таксама разам з Уладзімірам Пуціным у катлаване. Тым самым мужчына «публічна, у адкрытым доступе» нібыта абразіў Лукашэнку.
На судзе Халупка паказаў, што, ставячы падабайкі, ня думаў, што гэтым дапускае абразу, дадаў, што за гэта яму грошай ніхто не плаціў і дзейнічаў ён імпульсіўна.
Суд прызнаў Андрэя Халупку вінаватым і пастанавіў пакараць яго пазбаўленьнем волі тэрмінам на адзін год у калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
У Баранавічах апошнім часам адбываецца ўсё болей і болей судоў за абразу Лукашэнкі: на мінулым тыдні адбылося адразу тры працэсы па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу. 21 жніўня судзяць Паўла Зелянко, а на 22 жніўня прызначаныя суды над Аляксандрам Пабяржыным і Іванам Норкам. 23 жніўня чакаецца суд над Вольгай Казлоўскай, якая, апрача абразы Лукашэнкі, абвінавачваецца і ў абразе прадстаўніка ўлады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 16 жніўня: хваля затрыманьняў у Жлобіне; мужчыну, які вярнуўся з Польшчы, адправілі ў калёнію на 3 гады ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры гады пасьля выбараў 2020 году: мінімум 3645 чалавек асудзілі ў крымінальных справах з палітычных матываў. Статыстыка праваабаронцаў