«Я хацела трапіць на спатканьне, каб зацяжараць». Маналёгі жонак палітвязьняў, асуджаных на вялікія тэрміны

Ілюстрацыя Радыё Свабода

Свабода пагаварыла зь беларускамі пра тое, як яны перажываюць немагчымасьць нарадзіць дзіця ад зьняволенага партнэра, і атрымала камэнтар псыхоляга.

«Мы плянавалі, што ў гэты час я нараджу»

Муж Аксаны* (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля іхнай бясьпекі. — РС) атрымаў палітычны тэрмін у калёніі, там ён мусіць прабыць больш за 5 гадоў. У сям’і ёсьць дзеці.

«Мы раней абмяркоўвалі з мужам, колькі дзяцей хацелі б. Жаданьне мужа аформлена ў фразе «як мага больш», але сышліся мы на трох мінімум. Як чалавек, які ў асноўным перажывае ўсе наступствы цяжарнасьці, я лічу, што мы будзем зыходзіць з той рэальнасьці, якая ў нас будзе.

Цяпер я часта думаю пра немагчымасьць зацяжараць, бо згодна з нашымі сямейнымі плянамі якраз у гэты час я павінна была зноўку нарадзіць. Вядома, у людзей бываюць розныя абставіны. Але тое, што маё плянаваньне сям’і абумоўленае інтэрпрэтацыямі крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, у мяне выклікае абурэньне.

Калі я гляджу на знаёмых ці сяброў, у якіх нараджаюцца дзеці, я шчыра рада за іх. Але адначасова мне вельмі балюча, што мы з мужам ня маем такой магчымасьці, што нашае сямейнае жыцьцё — на паўзе.

Раней я б не ўспрымала ідэю доўгага спатканьня з мужам у калёніі як магчымасьць зацяжараць. Але, ведаеце, я ўжо настолькі самадастатковая жанчына, якая цягне працу, мацярынства і хатнюю гаспадарку адна, што і такая думка мне падаецца адным з варыянтаў. Каб прахадзіць усю цяжарнасьць і роды бяз блізкай штодзённай падтрымкі мужа.

Ілюстрацыя Радыё Свабода

Мы і цяпер абмяркоўваем з мужам, наколькі гэта магчыма, цяжарнасьць і плянаваньне сям’і. Але я намагаюся не завастраць на гэтым увагу, бо гэта балюча як для мяне, так і для мужа — ён вельмі любіць дзяцей і сям’ю.

Злавацца ці крыўдаваць на мужа ў гэтай сытуацыі — гэта віктымблэймінг. Я цудоўна ведаю, на кім ляжыць віна за ўсё, што адбываецца з нашай сям’ёй і яшчэ з сотнямі сем’яў у Беларусі. Я ведаю, што муж вельмі хацеў бы быць побач з намі. Але калі б ён рабіў нешта ў сваім жыцьці інакш, то я б засумнявалася ў сваім выбары. Бо ёсьць рэчы, якія чалавек павінен рабіць, бо гэта правільна.

Я думаю, што ў нас з мужам усё наперадзе, што ў нас атрымаецца рэалізаваць нашыя пляны што да дзяцей. Я накіроўваю свае думкі ў пазытыўны бок. Напрыклад, выбіраю імёны, разьмяркоўваю, што трэба будзе зрабіць у першую чаргу пасьля вызваленьня мужа, якія праверкі па здароўі. Праз гэтую сытуацыю я адчуваю смутак, бясьсільле, злосьць, але таксама надзею і каханьне да мужа.

Нашыя арганізмы з мужам знаходзяцца пад уплывам моцнага хранічнага стрэсу. Пагаршэньне здароўя ў турмах — вядомы факт. Таму мы робім усё магчымае, каб паклапаціцца пра сябе. Калі муж выйдзе на волю, толькі адбыўшы ўвесь тэрмін, мне будзе менш за 35 гадоў. Таму ўсё магчыма, і я мару пра дзяцей. Вядома, у мяне ёсьць шмат розных страхаў, але я нікому пра іх не кажу, бо не хачу іх падкормліваць.

Я ніколі не дапускала думкі, што раз муж надоўга за кратамі, то я магу ўвайсьці ў адносіны зь іншым мужчынам. Я кахаю мужа. Калі мы бралі шлюб, я паабяцала быць яму вернай, і турма на гэта ніяк не ўплывае. Я зьбіралася і зьбіраюся быць з гэтым чалавекам усё жыцьцё. Калі здрадзіць сваім абяцаньням і чалавеку, то пра які моцны саюз можна гаварыць? Пра якую павагу да сябе можна гаварыць? Праз гэтае выпрабаваньне, якое годна перажывае мой муж, я яшчэ больш яго паважаю і цаню. Тое, як ён годна трымаецца, яшчэ раз даказвае мне, што мой муж — цудоўны партнэр для жыцьця, які заўсёды дапаможа і падтрымае.

У гэты пэрыяд, калі мы ня можам бачыцца з мужам, мяне вельмі падтрымлівае тое, што ў нас ёсьць дзеці, якія падобныя да мужа зьнешне і характарам. Неабходнасьць клапаціцца пра іх трымала і трымае мяне ў тонусе. Неабходнасьць прытрымлівацца рэжыму дня для дзяцей робіць псыхалягічную ўстойлівасьць мацнейшай. І заўсёды ёсьць хтосьці родны побач».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Забралі дзяцінства». На свабодзе беларускіх палітвязьняў чакаюць сотні сыноў і дачок. У некаторых зь іх за кратамі абое бацькоў

«Муж адразу падумаў, што мы ўжо ня зможам мець дзяцей»

Партнэр Хрысьціны атрымаў больш за 10 гадоў калёніі ў палітычнай справе. У сям’і няма дзяцей.

«Калі мы і абмяркоўвалі пытаньне пажаданай колькасьці дзяцей у нашай сям’і, то хутчэй жартам. Мы сыходзіліся на думцы, што будзем рады столькім дзецям, колькі нам Бог дасьць. І цяпер, калі муж за кратамі, нічога не зьмянілася.

Пра немагчымасьць зараз зацяжараць я думаю, але ня часта. Час ад часу находзіць, але маю шмат клопатаў штодня, таму хутка адпускае.

Я хацела трапіць да мужа на доўгатэрміновае спатканьне ў калёнію, у тым ліку каб паспрабаваць зацяжараць. Але калі сілавікі пачалі цікавіцца мной, давялося хутка прымаць рашэньне і зьяжджаць зь Беларусі. Час паказаў, што палітычныя зьняволеныя калі і атрымліваюць цудам такія спатканьні, то праз гады. Пакуль бы падышоў час, я ўжо, напэўна, сама б сядзела ў гомельскай калёніі ці недзе яшчэ.

Ілюстрацыя Радыё Свабода

Муж часта піша на тэму нашых магчымых дзяцей у сваіх лістах. Я таксама пісала яму пра гэта, але я б не хацела раскрываць дэталі. Я ніколі не злавала на мужа праз гэтую сытуацыю і не зьбіраюся. Ён дакладна не вінаваты ў тым, што быў арыштаваны, і ягонае сумленьне абсалютна чыстае. Я толькі шкадую, што так зараз складаецца сытуацыя. Каб можна было штосьці зьмяніць маімі намаганьнямі, я б зьмяніла, зрабіла б што заўгодна. Але не магу, таму не хачу дарэмна псаваць сабе нэрвы, і без таго нялёгка жыць.

Я нават ня ведаю, калі мусіць скончыцца прызначаны яму тэрмін. Мне падаецца, што забіваць сабе галаву гэтымі лічбамі дакладна ня трэба, усё скончыцца значна раней. Але дапускаю, што давядзецца чакаць увесь.

Калі муж толькі даведаўся пра лічбу, якую яму прызначаць, ён адразу так і падумаў, што мы ня зможам мець сваіх дзяцей. Бо будзем ужо, мякка кажучы, немаладымі. Мяне таксама наведвала такая думка і ў той момант, і пазьней. Але бессэнсоўна і нават шкодна накручваць сябе, калі ня можаш паўплываць на сытуацыю. Цяпер галоўнае — вызваленьне мужа.

За гэты час я абдумвала розныя варыянты вырашэньня сытуацыі, у тым ліку і ўсынаўленьне. Але пакуль аптымізму ў мяне хапае, я чакаю добрых навінаў.

Я ніколі ня думала пра адносіны зь іншым мужчынам, калі мой муж надоўга трапіў у турму. Наш шлюб — сьвядомы выбар дарослых людзей. А дзеці — гэта не самамэта адносінаў, а іх заканамерны вынік пры спрыяльных умовах. Пакуль нашыя ўмовы не спрыяюць у гэтым пытаньні, то чакаем іх зьмены.

Я думаю ёсьць нават нешта добрае ў тым, што ў нас пакуль няма дзяцей. Ня раз пасьля выезду зь Беларусі я думала, што калі б у мяне на руках былі дзеці, то я б не змагла выехаць з краіны і, магчыма, трапіла б у турму, або нават калі б здолела ўцячы, то ня выжыла б за мяжой зь дзецьмі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі ў Польшчы выдалі 800 ліцэнзій для беларускіх мэдыкаў». Колькі дактароў засталося ў Беларусі і як улады хаваюць іх нястачу

«Ведаю гісторыі, калі ўжо сабралі дакумэнты на ўсынаўленьне, а аднаго з бацькоў пасадзілі ў турму»

Псыхоляг Ганна Матуляк пракамэнтавала Свабодзе сытуацыю, калі сужэнцы хочуць дзяцей, але ня могуць праз палітычнае зьняволеньне аднаго з партнэраў. На ейную думку, агульнае ў розных парах у такой сытуацыі — гэта вялікі крызіс, і індывідуальны, і ў адносінах. Шмат фактараў паўплывае на тое, як пара яго пераадолее, ці стануць адносіны мацнейшымі, ці пара распадзецца.

Ганна Матуляк

«Тут будзе ўплываць ранейшы досьвед пары. Калі накапілася незадаволенасьць, нявыказаныя крыўды, прэтэнзіі, гэта можа стаць апошняй кропляй і падштурхнуць пару да расставаньня. Калі ж пара была ўстойлівая, калі яны актыўна вырашалі праблемы на папярэдніх этапах, то, магчыма, яны выпрацавалі свой мэханізм вырашэньня праблем, яны могуць выйсьці да ўмацаваньня блізкасьці», — кажа Ганна Матуляк.

Зьняволеньне аднаго з сужэнцаў — гэта траўма, тлумачыць псыхоляг. Гэтая сытуацыя перажываецца як страта, у тым ліку страта магчымасьці цяпер зацяжараць.

«Я ведаю гісторыі, калі ўжо сабралі дакумэнты на ўсынаўленьне, а аднаго з бацькоў пасадзілі ў турму; або калі ўжо падрыхтаваліся да этапу ЭКА. Гэта траўматычныя гісторыі. Яны перажываюцца як страта, ідзе працэс жалобы», — кажа суразмоўца.

Са словаў спэцыялісткі, варта дазволіць сабе адбедаваць сваю страту, аплакаць яе, а ня ставіць яе ў «ліст чаканьня» і засяроджвацца, прыкладам, толькі на тым, каб дапамагчы блізкаму, які сядзіць у турме.

«У адваротным выпадку ўнутры ствараецца вялізная колькасьць напружаньня, якое нават ня счытваецца, але ўплывае на ўнутраны стан і на адносіны. Чым больш шчырымі мы будзем з сабой, чым больш мы будзем казаць сабе, што нас трывожыць, непакоіць, злуе і дазваляць сабе пражываць гэтыя пачуцьці, тым больш шанцаў, што мы індывідуальна і ў пары здолеем даць гэтаму рады», — падсумоўвае псыхоляг.

Калі ў сям’і ўжо ёсьць дзеці, на іх таксама можа адбівацца гэтая сытуацыя.

«Будзе менш трансьляцый на дзяцей сваіх чаканьняў, калі я буду лепш разумець свае пачуцьці і прысвойваць іх сабе. Калі я не асэнсоўваю свае перажываньні, што я ня здолею зацяжараць бліжэйшым часам, калі я душу ў сабе гэтыя жаданьні, тады дзеці ў сям’і могуць быць як звышзалюбленымі, так і я магу праяўляць да іх нематываваную агрэсію», — тлумачыць Ганна Матуляк.

Яна пераконвае, што варта перажываць любыя свае пачуцьці і эмоцыі, нават калі яны здаюцца не да месца ў гэтай сытуацыі, прыкладам, калі жонка злуе на мужа, якога пасадзілі, або калі саромецца, што цяпер ня можа зацяжараць.

«Не бывае эмоцый, якія пасуюць і якія не пасуюць. Усё, што мы адчуваем, — нармальна. Пачуцьці па-за рэлігіяй, па-за маральнасьцю. У межах сацыяльнага кантэксту могуць аказвацца спосабы пражываньня. Калі я злую і б’ю чалавека, то тут кепская ня злосьць, а тое, як я зь ёй абыходжуся», — кажа экспэртка.

Зь ейных словаў, злосьць у сытуацыі палітычнага зьняволеньня — вельмі натуральная для абаіх сужэнцаў. Гэта адзін з этапаў жалобы пасьля страты.

Паводле Ганны Матуляк, аптымальны спосаб справіцца з такой сытуацыяй — псыхатэрапія.

«Калі ў вас будзе чалавек, зь якім вы рэгулярна зможаце абмяркоўваць свае патаемныя, складаныя, сорамныя перажываньні, каб разгружаць свой унутраны кантэйнэр і падтрымліваць яго», — кажа яна.

Калі няма магчымасьці ці жаданьня зьвярнуцца па псыхатэрапію, то заменьнікам яе могуць стаць запісы ў дзёньніку.

«Калі чалавек піша лісты свайму партнэру, але не адпраўляе іх. Гэта дазваляе чалавеку самому вызваліцца ад пачуцьцяў, перажываньняў, думак. Мы ў такой сытуацыі ўсё роўна ў няспынным унутраным дыялёгу з чалавекам. Але ўнутраны дыялёг ня роўны таму, калі я вынесу яго вонкі. Розьніца вялізарная», — тлумачыць псыхоляг.

Калі пісаць свае перажываньні ў дзёньнік, яны перастаюць загружаць чалавека ўнутры. Тады ў чалавека можа зьявіцца рэсурс, каб паглядзець на сытуацыю па-іншаму.

«Тады я не жыўлюся ўвесь час гневам і прэтэнзіямі, якія нашу ў сабе. А я іх вынесла на паперу і ўбачыла новы, нечаканы ракурс у нашых адносінах, або ўспомніла, як мы давалі рады папярэдняму крызісу, або ўбачыла ў сабе рэсурс зрабіць крок у бок адносінаў, а ня зь іх», — кажа яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лекар, музыка, прадпрымальнік. Каго ў Беларусі вінавацілі ў шпіянажы альбо здрадзе дзяржаве