І я нават не кажу пра разьмеркаваньне грошай і палітычнай улады, пра дыскрымінацыю ў сфэры адукацыі і працы, пра прымусовыя шлюбы, хатні гвалт, абмежаваньні ў доступе да кантрацэпцыі і абортаў у розных краінах. Не, у гэтым тэксьце гаворка пойдзе пра тое, што жаночы арганізм дагэтуль не вывучаюць так жа сурʼёзна, як мужчынскі, а ад нашых скаргаў дактары адмахваюцца як ад нявартых увагі, і гэта сыстэмная праблема.
Ведаеце, калі гігіенічныя пракладкі ўпершыню пратэставалі на сапраўднай крыві? На мінулым тыдні! Дасьледаваньне рабілі ў ЗША, — навукоўцы вывучалі розныя сродкі для жаночай гігіены, каб вызначыць, якія зь іх найбольш эфэктыўныя.
Я думала, пасьля інфармацыі пра тое, што першая 3D-візуалізацыя клітара зьявілася толькі ў 2009 годзе, мяне ўжо нічога ня зьдзівіць у гэтай сфэры. І нават калі ў 2016 годзе стала вядома, што распрацоўку мужчынскага кантрацэптыва спынілі праз пабочныя эфэкты, якія не засмучаюць вытворцаў пры стварэньні жаночай кантрацэпцыі, я проста сумна ўздыхнула. Але я нават уявіць не магла, што зьвесткі пра характарыстыкі пракладак мы маем толькі зыходзячы з тэстаў на вадзе альбо фізрастворы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Барбі і цана прагрэсуЁсьць такі сумны жарт, што калі б цяжараць і нараджаць даводзілася мужчынам, ужо даўно распрацавалі б сапраўды бясьпечную і зручную кантрацэпцыю, а права на аборты ніколі б ня ставілася пад пытаньне. І так, ад мэнструальнага болю даўно б прыдумалі вельмі эфэктыўныя лекі. Толькі гэта, здаецца, той тып жартаў, у якіх жорсткая і сумная праўда падаецца пад выглядам чагосьці сьмешнага, каб казаць яе было ня так небясьпечна ці проста няёмка.
Можна, канечне, адмахнуцца і сказаць, што гэта ўсё дробязі, але на самой справе гэта проста канкрэтныя прыклады вялікай сыстэмнай бяды. Жанчыны часьцей атрымліваюць траўмы ў ДТЗ, бо рамяні бясьпекі тэстуюцца на манэкенах з тыпова мужчынскімі парамэтрамі цела, і, адпаведна, гэтыя рамяні потым горш абараняюць жанчын. Нам на 50% часьцей, чым мужчынам, няправільна дыягнастуюць інфаркт міякарда і на 25% часьцей — інсульт.
Працягваць гэты сьпіс можна доўга — расказваць пра дасьледаваньні і пра асабісты вопыт. Ня ведаю, ці ёсьць у мяне хоць адна знаёмая, якой ніколі не давялося пачуць, што для вырашэньня нейкай праблемы са здароўем ёй трэба «проста нарадзіць». А таксама ці хоць каму пасьля родаў ні разу не казалі «ну дык а што вы хочаце, вы ж нараджалі».
Па вялікім рахунку, асабістая гісторыя хваробы і сямейны анамнэз ня надта важныя. Калі ты жанчына, табе ў любым выпадку давядзецца пільней абіраць дактароў і больш увагі аддаваць уласнаму здароўю, каб своечасова заўважыць, што штосьці і праўда ідзе ня так. Калі ты жанчына, табе трэба бясконца за сябе змагацца, бо патрыярхат шмат гадоў таму моцна цябе падмануў — ніякага клопату і абароны звонку не прадбачыцца.
І нават калі ты праб’есься праз усе перашкоды і дойдзеш да таго, што зможаш паляцець на тыдзень у космас, NASA запрапануе табе ўзяць з сабой сто тампонаў. Бо важныя мужчыны на важных пасадах там ня маюць базавых ведаў пра жаночы арганізм.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.