Міністэрства юстыцыі Ўкраіны зьвярнулася з пазовам у Вышэйшы антыкарупцыйны суд Украіны супраць Міністэрства абароны Беларусі.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні ўкраінскага міністэрства, трэцяй асобай у гэтай справе праходзіць украінскае прадпрыемства «Мотор Січ», якое не выстаўляе самастойных патрабаваньняў.
«Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, будучы цэнтральным органам дзяржаўнай улады ў сфэры нацыянальнай бясьпекі, дзейнічаючы ў інтарэсах вайскова-палітычнага кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі, спрыяла ўдзелу ў арганізацыі падрыхтоўкі агрэсіі супраць Украіны, надае дзяржаве-агрэсарцы ў карыстаньне тэрыторыі, цывільную і вайсковую інфраструктуру, а таксама ажыцьцяўляе дзеяньні, накіраваныя на пастаўку, захоўваньне зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, вайсковай ці спэцыяльнай тэхнікі, іншых сродкаў, неабходных для ажыцьцяўленьня збройнай агрэсіі супраць Украіны», — адзначаецца ў паведамленьні.
На якую маёмасьць Міністэрства абароны Беларусі прэтэндуе Ўкраіна
Сёлета ў чэрвені стала вядома, што ў часе вобшукаў у межах справы супраць прэзыдэнта акцыянэрнага таварыства «Мотор Січ» Вячаслава Багуслаева (ён пад вартай з кастрычніка 2022 году паводле падазрэньня ў калябарацыйнай дзейнасьці і дапамозе агрэсіі Расеі) знайшлі сем авіяцыйных рухавікоў, на адным зь якіх (мадэль АІ-25 ТЛ) былі адбіткі пячаткі «Вайсковая частка 19764». Такая вайсковая частка дысьлякуецца ў Лідзе Горадзенскай вобласьці.
Гэты рухавік разам з паветраным стартэрам знаходзіліся на рамонце на адным з прадпрыемстваў кампаніі «Мотор Січ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь пасьля скандалу з Аршанскім авіязаводам працягвала рамантаваць авіярухавікі на заводах «Мотор Січ»Перамяшчэньне рухавіка і стартэра на рамонт ва Ўкраіну ажыцьцяўлялі праз кампанію «PM Technics (FZE)», зарэгістраваную ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, а ёй, у сваю чаргу, рухавікі перадавала расейскае ТАА «Авиакомпания Волга-Днепр».
«Апроч таго, паміж ПАТ „Мотор Січ“ і Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь у асобе намесьніка начальніка штабу ўзбраеньня падпісаны кантракт аб аказаньні паслуг (выкананьні прац) па капітальным рамонце авіяцыйнага рухавіка АІ-25ТЛ», — адзначаецца ў судовым рашэньні.
Паводле сьледзтва, гэтыя рухавікі нібыта былі дастаўленыя на тэрыторыю Ўкраіны ў 2020–2021 гадах.
Што папярэднічала
Вячаслаў Багуслаеў шмат разоў абіраўся ў Вярхоўную Раду Ўкраіны ад Партыі рэгіёнаў, лідэрам якой быў Віктар Януковіч, які пасьля масавых акцыяў пратэсту ў 2013–2014 гадах уцёк у Расею.
Да красавіка 2018 году Вячаслаў Багуслаеў быў акцыянэрам беларускага ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аршанскі авіярамонтны завод афіцыйна нацыяналізавалі. Як загадваў ЛукашэнкаПра неабходнасьць нацыяналізацыі Аршанскага заводу Аляксандар Лукашэнка заявіў у ліпені 2018 году, калі наведваў прадпрыемства. Ён сказаў, што нібыта «ўласьнікі адмовіліся ад заводу», і няма розьніцы, «каму належаць гэтыя акцыі, гэта наша задача, каб людзі тут атрымлівалі нармальныя заробкі».
У траўні 2018 году Генпракуратура Беларусі завяла крымінальную справу ў дачыненьні да былога гендырэктара ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» і службовых асобаў ПАТ «Мотор Січ» (Украіна).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне знайшлі схему адмываньня грошай праз Аршанскі авіярамонтны заводУ лютым 2019 году праваахоўныя органы Ўкраіны расьсьледавалі справу аб тым, як украінскае абароннае прадпрыемства выкарыстоўвала ў 2018 годзе Аршанскі авіярамонтны завод для незаконных паставак прадукцыі ў Расею — для грузапасажырскіх і вайсковых самалётаў. У гэты час ва Ўкраіне былі ўведзеныя санкцыі на супрацу расейскіх і ўкраінскіх прадпрыемстваў.
У верасьні 2019 году Служба бясьпекі Ўкраіны выставіла кіраўніцтву групы «Мотор Січ» падазрэньні ў падрыхтоўцы да дывэрсіі і дзяржаўнай здрады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СБУ падазрае прадпрыемства былога ўласьніка Аршанскага авіязаводу ў падрыхтоўцы дывэрсіі супраць УкраіныУ кастрычніку 2022 году Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла пра затрыманьне прэзыдэнта акцыянэрнага таварыства «Мотор Січ» Вячаслава Багуслаева паводле падазрэньня ў калябарацыйнай дзейнасьці і спрыяньні дзяржаве-агрэсарцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне затрымалі былога акцыянэра Аршанскага авіярамонтнага заводу, кіраўніка кампаніі «Мотор Січ»Як вынікае з апублікаваных Службай бясьпекі Ўкраіны ягоных тэлефонных размоў з дырэктарамі расейскіх кампаній па вытворчасьці баявых верталётаў, кампанія «Мотор Січ» у часе вайны працягвала пастаўляць у Расею рухавікі. Ігнаруючы ўрадавую забарону гандлю з Расеяй, Вячаслаў Багуслаеў прапанаваў Расеі ажыцьцяўляць пастаўкі праз Харватыю і Чарнагорыю. Расея таксама абмяркоўвала магчымасьць паставак з Украіны праз Казахстан і Кіргізстан.
У траўні 2022 году Міністэрства абароны Расеі заявіла пра зьнішчэньне заводу «Мотор Січ» у Запарожжы. У тэлефонных размовах Багуслаеў казаў, што разумее бамбаваньне расейцамі ягонага заводу, і апраўдваў уварваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Расеі заявіла, што зьнішчыла завод «Мотор Січ» у Запарожжы