Паводле яе слоў, піша партал Delfi, узмацненьне абмежаваньняў «можа нэгатыўна адбіцца на беларускім бізнэсе, які пераехаў у Літву».
«Паслухаўшы дарадцаў прэзыдэнта або некаторых cябраў сэйма, я чую пэўныя пляны. Яны (беларускія кампаніі. — BPN.) таксама чуюць», — сказала чыноўніца.
«Літва, Польшча і іншыя краіны сталі домам для гэтых кампаній. І гэта супольнасьці, якія супрацьстаяць рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі і не задаволеныя такім статус-кво. Цяпер наша прапанова — не палохаць гэтых людзей і не выганяць іх з Літвы, бо яны прынялі рашэньне, зьехалі, пакінулі свае дамы, некаторыя прыехалі з дзецьмі і змянілі сваё жыцьцё», — патлумачыла яна.
Арманайтё падкрэсліла, што працэс рэлакацыі беларускіх кампаній ўжо скончыўся.
«Неяк трэба захоўваць гэты здаровы глузд, і я жадаю яго захаваць», — сказала міністар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў звароце да літоўцаў: «Беларусы ня маюць і ніколі ня будуць мець тэрытарыяльных прэтэнзій да суседзяў»16 жніўня прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэта па замежных справах Валеры Кавалеўскі паведаміў тэлеканалу LNK, што некаторыя беларускія ІТ-кампаніі разглядаюць магчымасьць сыходу з Літвы.
2 жніўня літоўская міграцыйная служба паведаміла, што на пачатак ліпеня 2023 года ў Літве пражывала 58.347 грамадзян Беларусі — на 9.543 (19,6%) больш, чым на пачатак студзеня (48.804).
4 жніўня гэтае ж ведамства заявіла, што з канца лістапада 2022 года Літва прызнала 910 беларусаў асобамі, якія ўяўляюць пагрозу для яе бясьпекі. 337 грамадзянам Беларусі адмовілі ў выдачы часовага віду на жыхарства (ВНЖ), 121 — у замене гэтага дакумэнта, 205 — ануляваны часовы ВНЖ, які раней дзейнічаў.
Акрамя таго, двум беларусам адмовілі ў выдачы пастаяннага віда на жыхарства, чатыром гэтыя дакумэнты анулявалі. 241 беларусу адмовілі ў выдачы літоўскай нацыянальнай візы (тып D).
У апошні час прадстаўнікі літоўскіх уладаў усё часьцей заяўляюць пра неабходнасьць ураўнаваць прынятыя на нацыянальным узроўні абмежаваньні ў дачыненьні да беларусаў і расейцаў(зараз яны закранаюць у асноўным грамадзян Расеі). Гэтыя абмежаваньні шмат у чым тычацца парадку знаходжаньня ў Літве, магчымасьці набываць нерухомасьць ды інш.
Беларускі дэмакратычны лідар Сьвятлана Ціханоўская заклікала прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседу адмовіцца ад падобнага кроку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памежная служба Літвы: Рызыка гібелі людзей, правакацый, інцыдэнтаў на мяжы зь Беларусьсю вельмі высокая