Пра гэта ён заявіў у інтэрвію «Голасу Амэрыкі».
На пытаньне, якая цяпер сытуацыя на польскай, літоўскай мяжы зь Беларусьсю, генэрал Любаевас адказаў:
«Я б, напэўна, сказаў, што сытуацыя стабільная, але вельмі напружаная. Справа ў тым, што ў нашым рэгіёне існуюць рызыкі, якія ня толькі датычацца звычайнай незаконнай дзейнасьці, такой, як кантрабанда тавараў, але і зьвязаныя з канфліктам Расеі і Ўкраіны. Больш за тое, Беларусь у гэтым сэнсе зьяўляецца часткай агрэсіі. Мы бачым, што Беларусь актыўна ўдзельнічае ў агрэсіі супраць Украіны. Абстаноўка ў нашым рэгіёне вельмі напружаная яшчэ і з прычыны прысутнасьці ў Беларусі групы «Вагнер».
7 жніўня група «Вагнер» распачала сумесныя вучэньні з беларускімі вайскоўцамі побач зь літоўскай мяжой. У гэтай сувязі генэрал Любаевас сказаў, што ў Літвы «пакуль няма вялікіх тэхнічных магчымасьцяў назіраць за сытуацыяй на тэрыторыі Беларусі... У гэтым пляне мы, галоўным чынам, пакладаемся на інфармацыю, якую падаюць нашы саюзьнікі і партнэры. За сытуацыяй у Беларусі сочаць NATO, службы нацыянальнай бясmпекі ў Літве, таму мы атрымліваем усю неабходную інфармацыю. На мяжы мы не адзначаем ніякай незвычайнай дзейнасьці, якую можна было б прыпісаць «вагнераўцам».
Адносна ж патэнцыйных рызыкаў, якія нясе знаходжаньне групы «Вагнер» у суседняй краіне, кіраўнік Памежнай службы Літвы сказаў:
«Я б ня стаў пераацэньваць рызыкі. Мы павінны вельмі ўважліва ставіцца да іх прысутнасьці, таму што яны зьяўляюцца фактарам дэстабілізацыі ў рэгіёне. Але я б не пераацэньваў магчымасьці групы «Вагнер». І хоць я не чакаю адкрытай ваеннай агрэсіі супраць члена ЭЗ і NATO, рызыка гібелі людзей і правакацый, інцыдэнтаў на мяжы застаецца вельмі высокай. Так што, паўтаруся, з майго пункту гледжаньня гэта фактар рызыкі, але проста цяпер я б не пераацэньваў рызыкі, якія зыходзяць ад групы «Вагнер».
- Раней на гэтым тыдні прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што 7 жніўня ў краіне пачынаюцца чарговыя вайсковыя вучэньні.
- Камандна-штабное вучэньне праходзіць з 6-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгадай на Госкім палігоне ў Горадзенскай вобласьці. Ён за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад межаў з Польшчай і Літвой.
- Непадалёк — так званы Сувальскі калідор (памежныя тэрыторыі Польшчы і Літвы, які месьцяцца паміж тэрыторыяй Беларусі і Калінінградзкай вобласьцю Расеі.
Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
- Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
- 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
- Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
- 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
- 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.