Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская ў звароце да літоўцаў: «Беларусы ня маюць і ніколі ня будуць мець тэрытарыяльных прэтэнзій да суседзяў»


Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да жыхароў Літвы са словамі падзякі за салідарнасьць, дапамогу і гасьціннасьць, піша Delfi.

«Беларусы ніколі не забудуць тую дапамогу, якую аказала нам Літва пасьля 2020 году. Літоўская дзяржава і літоўскі народ падтрымалі беларусаў падчас масавых пратэстаў і выратавалі тысячы людзей, якія ўцякалі ад тэрору, якога Беларусь ня бачыла са сталінскіх часоў», — заявіла Ціханоўская.

Яна зазначыла, што сёньня Беларусь перажывае гуманітарную і палітычную катастрофу.

«Пакуль Пуцін вядзе вайну супраць Украіны, яго марыянэткавы рэжым у Менску працягвае вайну супраць беларускага народу. Рэжым Лукашэнкі помсьціць беларусам, якія ў 2020-м выбралі свабоду і незалежнасьць. Больш за 60 тысяч прайшлі праз турмы. Людзей у турмах катуюць і забіваюць.

Нават цяпер штодня затрымліваюць у сярэднім 15–20 чалавек: за пратэст, нацыянальную сымболіку, падтрымку Ўкраіны, урэшце, за беларускую мову.

Яны зьнішчаюць ня толькі мэдыя, грамадзянскую супольнасьць, але і саму ідэнтычнасьць беларусаў, спрабуючы зрабіць нас часткай „рускага сьвету“. Яны разбураюць усё, што зьвязвае нас з Эўропай, уключаючы нашу мову, гісторыю, культуру», — сказала Ціханоўская.

На яе думку, літоўцам ня трэба тлумачыць, як і для чаго гэта робіцца.

«Вы самі прайшлі праз савецкую акупацыю. Толькі нашых сіл сёньня недастаткова, каб перамагчы. Нам патрэбныя моцныя саюзьнікі.

І Літва паказвае прыклад прынцыповай і рашучай пазыцыі астатнім краінам Эўропы. Літва не пайшла на ўгоду з Лукашэнкам, стала нашым голасам на міжнароднай арэне, а калі пачалася вайна — аднадушна падтрымала Ўкраіну.

Падтрымка Літвы і літоўскага народу патрэбная сёньня беларусам як ніколі, каб вырвацца з кіпцюроў расейскай тыраніі».

Паводле Ціханоўскай, сёньня рэжым Лукашэнкі помсьціць Літве за пасьлядоўнасьць гэтай падтрымкі.

«Міграцыйны крызіс, закрыцьцё літоўскіх школ, антылітоўская прапаганда, гульня з вагнэраўцамі — гэта ўсё помста за вашу пазыцыю. Але мы не павінны дазволіць Пуціну і Лукашэнку пасварыць нашы народы.

Трэба дакладна разумець: Лукашэнка — гэта не Беларусь. Не беларусы пагражаюць Літве, а рэжым і яго памагатыя. І наша сумесная задача — іх спыніць.

Тыя беларусы, якія прыехалі ў Літву — больш за ўсё на сьвеце хочуць вярнуцца дадому.

Мы цэнім гасьціннасьць Літвы, але мы тут толькі часова. Беларусы ў Літве ў абсалютнай большасьці ўдзельнічалі ў пратэстах або падтрымлівалі іх, падтрымліваюць Украіну. Несумненна, рэжым паспрабуе засылаць агентаў і правакатараў, але мы гатовыя іх выяўляць. Ім ня месца ні ў Літве, ні ў ЭЗ», — заявіла палітык.

Яна падкрэсьліла, што апошнім часам у літоўскіх мэдыя і інтэрнэт-рэсурсах абмяркоўваюць заявы невядомых правакатараў, якія сваімі заявамі прыніжаюць Літву і літоўскі народ.

«Такія антылітоўскія выказваньні — маргінальныя для беларускага грамадзтва. Я хачу падкрэсьліць нашу агульную пазыцыю: літоўская тэрыторыя і дзяржава належаць народу Літвы і больш нікому. Межы непарушныя, хто кажа інакш — той правакатар, той на баку агрэсара. Беларусы ня маюць і ніколі ня будуць мець ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій да сваіх суседзяў. Для нас веліч народу — у павазе, якой ён карыстаецца ў сьвеце, а ў першую чаргу — з боку суседзяў.

Я перакананая, што і ў літоўскіх інтарэсах, каб суседкай Літвы была свабодная незалежная і эўрапейская Беларусь, а ня буфэрная зона Крамля. Мы будзем рабіць усё, каб гэта стала рэальнасьцю».

Сьвятлана ЦІханоўская заклікала літоўцаў падтрымліваць беларускі народ у гэтым імкненьні.

«Мяне турбуе дыскусія сярод палітыкаў, ці трэба ў адказ на прысутнасьць вагнэраўцаў узмацніць абмежаваньні і прыраўняць беларусаў да расейцаў.

Сапраўды, пагроза з боку рэжыму ёсьць, але міграцыйныя абмежаваньні яе ня вырашаць. Гэта можа ў першую чаргу ўдарыць па прадэмакратычна настроеных беларусах. Таксама гэта згуляе на руку Крамлю, які спрабуе сьцерці розьніцу паміж расейцамі і беларусамі. Але беларусы — не расейцы, а Беларусь — не Расея. І ніколі ёй ня стане. Нягледзячы на ўсе намаганьні Пуціна і Лукашэнкі, ім не ўдалося ўцягнуць наш народ і войска ў вайну супраць Украіны. Сацыялягічныя дасьледаваньні сьведчаць, што большасьць беларусаў не падтрымліваюць агрэсіўную палітыку ўзурпатараў».

Ціханоўская нагадала пра спыненьне расейскіх эшалёнаў у Беларусі рэйкавымі партызанамі, барацьбу беларускіх добраахвотнікаў за свабоду Ўкраіны і змаганьне іншых беларусаў супраць рэжыму Лукашэнкі.

«Тое, што няма масавых маршаў на вуліцах — гэта ня значыць, што няма пратэсту. Я ўдзячная дэпутатам літоўскага Сейма, якія вясной вырашылі ня ставіць знак роўнасьці паміж беларусамі і расейцамі. Гэта быў выразны сыгнал салідарнасьці і падтрымкі. Я спадзяюся, што і ў новым законе ня дойдзе месца для шырокіх абмежаваньняў супраць усіх грамадзян Беларусі».

Ціханоўская таксама выказала спадзяваньні на працяг палітыкі літоўскага ўраду ў дачыненьні да Беларусі: ізаляцыя рэжыму, з аднаго боку, а з другога — падтрымкі беларусам, якія змагаюцца за вызваленьне сваёй краіны.

«Беларусь пройдзе той шлях да свабоды і незалежнасьці, які ўжо прайшла Літва.

Мы адбудуем дэмакратычную дзяржаву эўрапейскага ўзору. У новай Беларусі будуць паважаць правы чалавека, нацыянальных меншасьцяў, паважаць суседзяў і недатыкальнасьць дзяржаўных межаў. (Мы рашуча выступаем за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, якую ў 2014 годзе парушылі расейскія імпэрыялісты.) Беларусь, як цяпер Літва, стане сябрам Эўразьвязу. Толькі садружнасьць у ЭЗ гарантуе нам рэальную незалежнасьць і не дазволіць Крамлю ўзяць рэванш.

Так, сёньня гэта выглядае аддаленай мэтай, але мы да яе прыйдзем. І мы спадзяёмся на падтрымку Літвы на гэтым шляху. Чым мацнейшае будзе наша беларуска-літоўскае сяброўства, тым горш для нашага агульнага ворага, якім ёсьць расейскі імпэрыялізм.

У 1991 годзе, калі літоўцы выйшлі абараняць сваю свабоду ад савецкіх танкаў, сярод абаронцаў літоўскага парлямэнту былі і беларусы. Аналягічна, у крытычныя моманты нашай гісторыі і мы заўсёды адчувалі падтрымку літоўцаў. Хай так гэта і застаецца», — падсумавала дэмакратычная лідэрка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG